У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што колькасьць наймітаў расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пачала зьмяншацца яшчэ да авіякатастрофы яе ўласьніка Яўгенія Прыгожына.
«Яшчэ да 23 жніўня мы фіксавалі, што колькасьць расейскіх наймітаў у Беларусі зьмяншаецца. Нязначна, няхутка, але паступова колькасьць вагнэраўцаў у Беларусі ўсё ж пайшла на зьніжэньне», — сказаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Паводле яго, пасьля крушэньня самалёта Яўгенія Прыгожына гэтая тэндэнцыя захоўваецца.
«Цяпер, пасьля падзей у Расеі, варта ставіцца па-іншаму да далейшага знаходжаньня расейскіх наймітаў у Беларусі», — мяркуе ён.
Андрэй Дземчанка дадаў, што вагнэраўцы выяжджалі зь Беларусі ў Расею нібы ў адпачынак, але потым не вярталіся.
Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны таксама паведаміў, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю кантралюецца. «Мы не фіксавалі нейкіх незразумелых дзеяньняў, якія маглі б адбывацца з таго боку», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.
24 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў часе супольнай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Юнасам Гарам Стэрэ заявіў, што вагнэраўцы пасьля гібелі Яўгенія Прыгожына застаюцца некантраляванай сілай, якая можа несьці пагрозу адразу некалькім краінам.
«Я мяркую, што нам нашы воіны паказалі, што гэта [ПВК „Вагнэр“] — такі самы вораг. Напэўна, 20 тысяч, па-мойму, — гэта тое, што засталося ад вагнэраўцаў. 20 тысяч некантраляваных людзей. Тут трэба падумаць, для каго гэтай страшней — для Ўкраіны, для Беларусі, для Польшчы, а, магчыма, для Расеі. Ніхто ня ведае», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Пасьля гібелі Яўгенія Прыгожына стала вядома аб дэмантажы лягеру вагнэраўцаў у вёсцы Цэль, што пад Асіповічамі.