Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы высадзіліся ў анэксаваным Крыме, дзе раней зьнішчылі расейскі ракетны комплекс. ВІДЭА


Расейскі радыёлякацыйны вузел — РЛК «Неба-М» та РЛС «Каста-2Е2» — на мысе Тарханкут у Крыме, 2016 год. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі радыёлякацыйны вузел — РЛК «Неба-М» та РЛС «Каста-2Е2» — на мысе Тарханкут у Крыме, 2016 год. Ілюстрацыйнае фота

Спэцапэрацыю праводзяць супольна з вайскова-марскім флётам, стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў няма.

Раніцай 24 жніўня ўкраінскія вайскоўцы правялі спэцыяльную апэрацыю на тэрыторыі акупаванага Расеяй Крыму.

«Падразьдзелы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны ажыцьцявілі высадку ў рамках спэцапэрацыі. Усе задачы выкананыя», — паведаміў украінскаму выданьню hromadske.ua сьпікер вайсковай выведкі Ўкраіны Андрэй Юсаў.

Паводле яго, спэцапэрацыю праводзяць супольна з вайскова-марскім флётам, стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў няма. Андрэй Юсаў паведаміў, што колькасьць стратаў сярод расейцаў удакладняецца. Іншых дэталяў аб спэцапэрацыі ён не паведаміў.

Пазьней Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны апублікавала відэазапіс з гэтай спэцапэрацыі, на якім бачна, як адным з будынкаў усталёўваюць дзяжаўны сьцяг Украіны. У паведамленьні адзначаецца, што вайскоўцы пакінулі месца апэрацыі бяз стратаў.

Раніцай каля пятай гадзіны паблізу паселішча Маяк на мысе Тарханкут мясцовыя пачулі выбухі. У гэтым населеным пункце разьмяшчаецца база 3-га радыётэхнічнага палка ў складзе радыётэхнічных войскаў Паветрана-касьмічных сіл Расеі. На мысе Траханкут таксама разьмешчаны радыёлякацыйны вузел — РЛК «Неба-М» та РЛС «Каста-2Е2», а па пэрымэтры падрыхтаваныя пазыцыі для супрацьпаветранай абароны.

Ужо пасьля гэтых падзей акупацыйныя ўлады Крыму распаўсюдзілі інфармацыю аб тым, што «цэнтар адпачынку „Тарханкут“ — адно з самых папулярных месцаў адпачынку ў Расеі». Якія-небудзь камэнтары аб ранішнім боі у тым раёне пакуль адсутнічаюць.

Расейскія тэлеграм-каналы паведамілі, што ў Крыме «невядомыя на гумавых лодках нібыта абстралялі кэмпінг з турыстамі ў Аленеўцы».

23 жніўня у тым раёне, паводле ўкраінскай выведкі, «адбыўся выбух, які зьнішчыў расейскую зэнітна-ракетную сыстэму вялікага і сярэдняга радыюсу дзеяньня С-400 «Трыюмф». Разам з устаноўкай былі зьнішчаны ўсе ракеты, якія былі на ёй усталяваныя, і асабовы склад.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG