Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты Купалы і нацыянальны арнамэнт. Расказваем, за якія тату затрымліваюць у Беларусі


Супрацоўнік АМАП і Янка Купала, каляж
Супрацоўнік АМАП і Янка Купала, каляж

Дзеяньні сілавікоў, якія выстаўляюць у сваіх тэлеграм-каналах відэазапісы з удзелам людзей з татуіроўкамі і прымушаюць іх зводзіць проста перад камэрай, могуць быць прыраўнаваныя да катаваньняў.

«Відэа ГУБАЗіКу сьведчаць аб катаваньнях», — юрыстка

Тэлеграм-каналы, набліжаныя да ГУБАЗіКу, амаль кожны дзень паведамляюць пра затрыманьні людзей з тату. Затрымліваюць часьцяком іх нібыта па даносах пільных грамадзянаў, якія заўважаюць людзей з выявамі на целе ў басэйнах, на пляжах, на прыпынках грамадзкага транспарту. У некаторых з апублікаваных відэа сілавікі прымушаюць у антысанітарных умовах «выводзіць» тату.

Вось толькі некалькі апошніх прыкладаў. Днямі затрымалі кіраўніка Цэнтра тэхнічнай падтрымкі БелАЗ у Расеі Андрэя Фёдарава. На ім разарвалі кашулю, каб паказаць на руках тату з арнамэнтам, дзе дамінуе чырвоны колер. Паводле ГУБАЗіКу, Фёдарава вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе і камэнтары ў інтэрнэце.

Сілавікі затрымалі мужчыну за тату «Свабода альбо сьмерць». Па іх словах, на чалавека напісалі данос — нібыта хтосьці ўбачыў ягонае тату на прыпынку на Грушаўцы і паведаміў у бот сілавікоў.

Выраз «Свабода альбо сьмерць» — вядомы лёзунг Кубінскай рэвалюцыі, а таксама нацыянальны лёзунг Уругвая і дэвіз Чачэнскай Рэспублікі Ічкерыя. Хто прызначыў лёзунг «Свабода альбо сьмерць» экстрэмісцкім у Беларусі, невядома. Яго няма ў сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Але тату прымусілі зьнішчыць.

Яшчэ аднаго мужчыну прымусілі зьвесьці тату з цытатай Янкі Купалы «Ня быць скотам» і «БТ забівае». Сілавікі назвалі іх не забароненымі, але зь відавочным «пратэставым душком з памыйнай творчасьці аднаго зьбеглага наркамана».

Магчыма, яны мелі на ўвазе Сяргея Міхалка, які мае ў сваім рэпэртуары песьню з такой назвай, але ў арыгінале цытата «Ня быць скотам» паходзіць зь верша клясыка беларускай літаратуры Янкі Купалы, напісанага ў 1908 годзе:

«Чым асьвенчан?

— Кроўю, потам.

Чым быць хочаш?

— Ня быць скотам».

У канцы відэа мужчына кажа, што быў вымушаны зьвесьці тату.

І фізычныя пакуты, і псыхалягічны прымус

Ацэньваючы звычку сілавікоў запісваць затрыманых на відэа і прымушаць іх «раскайвацца» ў сваіх дзеяньнях на камэру, юрысты сьцьвярджаюць, што беларускія сілавікі найперш парушаюць міжнародныя канвэнцыі, да якіх далучылася краіна. Такую думку ў размове са Свабодай таксама выказала экспэртка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Respect-Protect-Fulfill (імя не называем з меркаванняў бяспекі - РС).

«Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, дзе прама ідзе ўказаньне на тое, што ніхто ня можа зазнаваць катаваньні, жорсткія і бесчалавечныя, прыніжальныя для годнасьці. Таксама Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай Канвэнцыі супраць катаваньняў. Краіна, праўда, не прызнае кампэтэнцыі Камітэту супраць катаваньняў, але зьяўляецца ўдзельніцай Канвэнцыі. І там таксама вельмі падрабязна тлумачыцца, што такое катаваньні. Гэта, у тым ліку, акрамя фізычных, маральныя пакуты. Усе гэтыя так званыя „пакаяльныя“ відэа зроблены з мэтай прымусіць чалавека прызнацца на камэру. Гэта робіцца як мінімум пад псыхалягічным прымусам», — перакананая юрыстка.

Што тычыцца выдаленьня тату на камэру ў антысанітарных умовах — гэта фізычныя пакуты, лічыць суразмоўца. Працэдуры па выдаленьні тату павінны рабіцца толькі ў спэцыяльных салёнах спэцыялістамі. І калі чалавек хоча зьнішчыць, выдаліць тату сам, не пад прымусам, ён можа пайсьці ў такі салён.

«Калі гэта робіцца на камэру ў такіх антысанітарных умовах — гэта проста жах. На мой погляд, відэа ГУБАЗіКу сьведчаць аб катаваньнях. І калі прысутнічаюць кадры, як прымусова чалавек зводзіць гэтую сваю тату, гэта жахліва».

За катаваньні можна атрымаць ад 7 да 10 гадоў

У Крымінальным кодэксе Беларусі ёсьць артыкул 394 — прымус падазраванага да дачы паказаньняў з выкарыстаньнем катаваньняў. Гэта склад крымінальнага злачынства, за якое прадугледжана пакараньне ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі, зазначае юрыстка Respect-Protect-Fulfill.

Яна таксама падкрэсьлівае, што пад катаваньнем Крымінальны кодэкс мае на ўвазе ня толькі фізычныя, але і псыхалягічныя пакуты. У артыкуле 128 КК «прым» ёсьць тлумачэньні:

«Пад катаваньнем разумеецца любое дзеяньне, якім асобе наўмысна прычыняюцца моцны боль, фізычная або псыхічная пакута ў мэтах прымусу гэтай асобы або трэцяй асобы да дзеяньняў, якія супярэчаць іх волі, у тым ліку каб атрымаць ад іх зьвесткі ці прызнаньні, а таксама ў мэтах пакараньня або ў іншых мэтах або зь любой прычыны, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль або пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасьці, з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, або па падбухторваньні, або зь яе ведама ці маўклівай згоды».

Што далей адбываецца з асобамі, якіх затрымалі за тату, адсачыць цяжка. Часта акрамя інфармацыі, што тату прымусілі зьнішчыць, нічога не паведамляецца. Магчыма, абыдзецца адміністрацыйнай справай, але могуць завесьці крымінальную, як таму ж мэнэджару БелАЗу Андрэю Фёдараву.

«Чалавека затрымалі, зьмясьцілі зь ім відэа, і складана адсачыць, што з гэтымі людзьмі адбываецца далей. Яны гэту тату зьвялі альбо абавязаліся зьвесьці, і да чаго іх прыцягваюць, мне складана сказаць. Але сам факт тату, пэўна, і служыць падставай для затрыманьня. Гэта можа разглядацца як мітынг, несанкцыянаванае мерапрыемства — дэманстрацыя тату, як гэта было са шкарпэткамі альбо скрынямі зь бел-чырвона-белай эмблемай брэнду LG на лёджыі», — мяркуе юрыстка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG