Расейцы нанесьлі ўдары ракетамі Х-22, «Калібр» і найбольш — ракетамі Х-101/Х-555. Іх запускалі з самалётаў, якія падняліся ў неба з аэрадромаў «Сальцы» (Ноўгарадзкая вобласьць) і «Энгельс» у Саратаўскай вобласьці, а таксама з акваторыі Чорнага мора.
Найбольш ахвяр — у Луцку
У Луцку дзьве ракеты трапілі ў прамысловае прадпрыемства. Там цяпер працуюць ратавальнікі і пажарныя.
Кіраўнік Валынскай абласной вайсковай адміністрацыі Юры Пагуляйка паведаміў, што тры асобы загінулі, яшчэ тры атрымалі раненьні.
Пазьней швэдзкі вытворца падшыпнікаў SKF паведаміў, што ў Луцку ад расейскіх абстрэлаў пацярпеў іхны завод і загінулі яго супрацоўнікі.
Агенцтва Reuters са спасылкай на прэсавага сакратара SKF удакладніла, што кампанія будзе вызначаць шкоду, нанесеную расейскім абстрэлам, але найбольшую ўвагу накіруюць на бясьпеку супрацоўнікаў.
Найбуйнейшы ў сьвеце вытворца прамысловых падшыпнікаў мае каля 1100 супрацоўнікаў ва Ўкраіне, большасьць зь якіх працуе на заводзе ў Луцку. На гэтае прадпрыемства ў 2022 годзе прыпадала каля 0,5% ад агульнага аб'ёму вытворчасьці SKF.
Найбольш разбурэньняў — у Львове
Мэр Львова паведаміў, што ў горадзе атрымалі пашкоджаньні больш як 100 памяшканьняў, ад выбуховых хваляў выбіта больш як 500 шыбаў. Цалкам зьнішчаны дзіцячы садок. Пацярпелі чатыры цывільныя. Ім надалі мэдычную дапамогу, лекары кажуць, што пагрозы іхнаму жыцьцю няма.
Пазьней львоўскія ўлады ўдакладнілі, што колькасьць параненых павялічылася да 19.
У Дніпры пашкоджана прамысловае прадпрыемства і спартовы цэнтар
Пасьля расейскага абстрэлу ў горадзе Дніпро загарэлася прамысловае прадпрыемства. Полымя ахапіла каля 800 квадратных мэтраў.
«Параненыя 2 асобы. 59-гадовая жанчына атрымала лёгкія пашкоджаньні і будзе лячыцца дома, а 70-гадовага мужчыну шпіталізавалі, ён у стане сярэдняй цяжкасьці», — паведамілі абласныя ўлады.
Апроч таго, разбураны мясцовы спартовы цэнтар, дзе трэніраваліся ўкраінскія спартоўцы і дзеці, а таксама праходзілі ўсеўкраінскія спаборніцтвы.
Ракеты зьбівалі і над Івана-Франкоўскай вобласьцю. Там у выніку падзеньня рэшткаў ракет пашкоджаньні атрымаў адзін прыватны будынак. Абышлося без ахвяр і пацярпелых.
Паветраныя сілы Ўкраіны зьбілі 16 ракет
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што Расея запусьціла на Ўкраіну 28 крылатых ракет рознага тыпу, 16 зь якіх былі зьнішчаныя сродкамі супрацьпаветранай абароны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.