Злучаныя Штаты вылучылі Ўкраіне новы пакет вайсковай дапамогі на суму 200 мільёнаў даляраў. Пра гэта паведаміў у панядзелак дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
У новы пакет дапамогі Кіеву ўвайшлі боепрыпасы для СПА і артылерыі, супрацьтанкавыя ўзбраеньні і абсталяваньне для разьмініраваньня.
Раней стала вядома, што грошы на новую дапамогу знайшліся ў выніку выяўленай бугальтарскай памылкі Пэнтагону ў траўні, пры канчатковым падліку кошту ўзбраеньняў, ужо пастаўленых Украіне. Ён быў выпадкова завышаны, у выніку чаго амэрыканскі ўрад атрымаў дадаткова буйную суму ў 6,2 мільярда даляраў. Цяперашнія 200 мільёнаў — частка гэтай сумы.
На сайце Міністэрства абароны ЗША прыводзіцца канкрэтны сьпіс узбраеньняў і боепрыпасаў, якія ўвайшлі ў новы пакет дапамогі. У прыватнасьці, гэта:
Дадатковыя боепрыпасы для ракетных сыстэм HIMARS і для ЗРК Patriot.
155-мм і 105-мм снарады для артылерыі і 120-мм танкавыя снарады.
Процітанкавыя ракеты TOW, Javelin і іншыя.
37 вайсковых аўтамабіляў для буксіроўкі і перавозкі тэхнікі.
Больш за 12 мільёнаў патронаў да стралковай зброі і гранаты.
У папярэдні пакет вайсковай дапамогі ЗША на 400 мільёнаў даляраў, аб якім было абвешчана ў канцы ліпеня, увайшлі боепрыпасы для сыстэм Patriot, NASAMS і комплексаў HIMARS.
Агульная сума дапамогі ЗША Ўкраіне з пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ў лютым 2022 году набліжаецца да 44 мільярдаў даляраў.
«Мы ўпэўненыя, што можам і далей пастаўляць Украіне тое, у чым яна мае патрэбу на полі бою, — заявіла днямі намесьніца прэсавага сакратара Пэнтагону Сабрына Сынґг на брыфінгу ў аўторак. — Аднак я не хачу апярэджваць якія-небудзь дадатковыя запыты да Кангрэсу».
У бюджэце праграмы USAI на 2023 фінансавы год засталося каля 600 мільёнаў даляраў.