Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд мэдыцынскай салідарнасьці: «У асяродзьдзі мэдыкаў пануюць моцныя настроі або сысьці з прафэсіі, або зьехаць»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра настроі ў беларускім мэдыцынскім асяродзьдзі і працу Фонду мэдыцынскай салідарнасьці Беларусі ByMedSol у гэтыя тры гады на ўмовах ананімнасьці BPN распавяла яго каардынатарка.

Як расказвае каардынатарка Фонду, калі першапачаткова, у 2020-ым, зборы на дапамогу рэпрэсаваным мэдыкам былі вялікія і да канца 2021 году было шмат данатаў, дык з узмацненьнем рэпрэсій у Беларусі і перасьледам за данаты ахвяраваньняў стала менш. Тым часам рэпрэсіі супраць мэдыкаў, неляяльных уладзе, працягваюцца.

«Арышты і звальненьні сталі, на жаль, штодзённасьцю. Нягледзячы на вялізны дэфіцыт, мэдыкаў усё роўна пазбаўляюць працы з палітычных матываў. Ёсьць „чорныя сьпісы“ у Мінздароўя. Паколькі наша сыстэма цэнтралізаваная, вельмі лёгка прасачыць за чалавекам, і ўсё роўна, урач ці мэдсястра ўнесены ў сьпіс — чалавек фактычна пазбаўляецца права на працу», — кажа яна.

Паводле яе, калі на пачатку пратэстаў Фонд найперш надаваў рэпрэсаваным мэдыкам фінансавую дапамогу, дык з 2022 году стала вельмі шмат зваротаў па пытаньнях рэлякацыі, працаўладкаваньня і легалізацыі ў іншых краінах. У 2023 годзе ў параўнаньні з папярэднімі значна больш людзей зьвяртаецца за інфармацыяй аб працаўладкаваньні.

«Сёньня немагчыма палічыць колькасьць тых, хто выехаў, але велізарная колькасьць лекараў проста ціхенька зьбіраюць рэчы, рыхтуюць дакумэнты, пераводзяць іх і асьцярожна зьяжджаюць. Вядома, ёсьць агульная статыстыка па беларусах, якія зьехалі ў Эўропу за апошнія тры гады, а ў нас ёсьць колькасьць апрацаваных заявак і аб’ём нададзенай дапамогі, але гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальныя маштабы эміграцыі мэдыкаў», — адзначае яна.

Паводле яе, звальненьні ідуць «пэрманэнтна, прыкладна на адным узроўні», але трэба ўлічваць, што агулам у Беларусі пагаршаецца эканамічнае становішча, умовы працы мэдыкаў, што дадаткова стымулюе эміграцыю і рост колькасьці зваротаў.

«У мэдыцынскім асяродзьдзі пануюць моцныя настроі альбо сысьці з прафэсіі, альбо зьехаць. Гэта вялізная бяда. Звальняюцца і зьяжджаюць найбольш таленавітыя людзі, якія ведаюць мовы, бывалі на канфэрэнцыях, разумеюць, як працуе сыстэма аховы здароўя ў Эўропе. Людзі і іх веды — гэта беларускі скарб, і мы яго губляем», — падкрэсьлівае каардынатарка Фонду мэдыцынскай салідарнасьці Беларусі.

Паводле яе, бліжэйшая і самая папулярная краіна, куды едуць беларускія мэдыкі, — Польшча, дзе больш прыдатныя ўмовы і не такі сурʼёзны моўны барʼер. Паколькі ў мэдыкаў быў масавы запыт на інфармацыю аб асаблівасьцях пераезду і легалізацыі, і Фонд стварыў гайды (яны ёсьць на сайце bymedsol.org) для пяці краін — Польшчы, Літвы, Швэцыі, Чэхіі і Вялікай Брытаніі. Таксама ёсьць спэцыяльны бот, дзе мэдыкі могуць задаваць пытаньні.

Пра стварэньне Фонду мэдыцынскай салідарнасьці Беларусі, які заняўся дапамогай рэпрэсаваным мэдыкам, публічна абвясьцілі 3 лістапада 2020 году, але праца ў гэтым кірунку пачалася раней.

У 2020-22 гадах Беларускі фонд мэдыцынскай салідарнасьці апрацаваў 711 заявак. 113 чалавек атрымалі фінансавую дапамогу на агульную суму 93 950 эўра, аплачана праца адвакатаў на 4 300 эўра. Тым, хто адбываў адміністрацыйны арышт, фонд выплаціў 9 500 эўра. Пакрыта 38 штрафаў на 12 200 эўра, надалі дапамогу 53 звольненым (зь пераездам) на 64 650 эўра. Цяпер Фонд пераважна займаецца адраснымі зборамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG