Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Расеі празь Беларусь вывозілі з акупаванай Кіеўшчыны лідэра ўкраінскіх камуністаў, — СБУ


Пятро Сіманенка
Пятро Сіманенка

Паводле СБУ, лідэр украінскіх камуністаў асабіста сустракаў расейскія войскі, разьмясьціў іхнае кіраўніцтва ў сваім прыватным доме і забясьпечваў іх харчаваньнем, а потым папрасіўся ў Расею.

Сьледчыя Службы бясьпекі Ўкраіны абвінавацілі лідэра забароненай ва Ўкраіне Камуністычнай партыі Пятра Сіманенку ў публічных закліках да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і захопу ўлады.

Паводле гэтых абвінавачаньняў, Пятру Сіманенку пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці або без канфіскацыі.

Як высьветлілі ў СБУ, Пятро Сіманенка зьвярнуўся да кіраўніцтва Расеі з просьбай вывезьці яго з Кіеўшчыны, якую на той момант захапілі расейскія войскі. Ён разам зь сям’ёй жыў у пасёлку Беразоўка Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці.

Паводле сьледзтва, лідэр камуністаў асабіста сустракаў расейскія войскі, разьмясьціў іхнае кіраўніцтва ў сваім прыватным доме і забясьпечваў іх харчаваньнем, а потым папрасіўся ў Расею.

Для яго эвакуацыі ўлады Расеі накіравалі аддзел спэцыяльнага прызначэньня, які 4–8 сакавіка 2022 году суправаджаў яго праз усе расейскія блёк-пасты да тэрыторыі Беларусі, адкуль ён пазьней пераехаў у Расею.

У Расеі Пятра Сіманенку прызначылі намесьнікам кіраўніка Цэнтральнага камітэту міжнароднага камуністычнага аб’яднаньня «Саюз камуністычных партый — камуністычная партыя Савецкага саюзу».

Сёлета ён прыяжджаў у Беларусь, каб удзельнічаць у «Антыфашысцкім форуме» ў Менску 21-22 красавіка. На ім ён падтрымаў агрэсію Расеі і апраўдваў намеры Расеі выкарыстаць тактычную ядзерную зброю супраць Украіны.

У красавіку 2022 году Пятро Сіманенка ўдзельнічаў у 22-й міжнароднай сустрэчы камуністычных і працоўных партыяў, якая праходзіла ў кубінскай сталіцы Гаване. На гэтай сустрэчы ён заяўляў аб законнасьці захопу Расеяй тэрыторыі Ўкраіны.

Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў стала вядома аб зьверскіх злачынствах расейскай арміі ў большасьці паселішчаў паўночных рэгіёнаў Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG