Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Толькі наш выбар», «Лукашэнку да адказнасьці», «Рыхтаваць сілы для змаганьня». Што заяўляюць беларускія і сусьветныя лідэры 9 жніўня


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

З нагоды трэцяй гадавіны падзеяў жніўня 2020 году беларускія і сусьветныя лідэры і інстытуцыі выступілі з адпаведнымі заявамі.

Ціханоўская: Гэта толькі наш выбар — абясцэніць зробленае за тры гады ці працягнуць ісьці наперад

9 жніўня 2020 году — дзень, які мог «стаць пачаткам новай Беларусі», дзе «ніколі ня будзе палітвязьняў і перасьледу за іншадумства», «размова на роднай мове — нагода для захапленьня, а ня гвалту», пачаткам краіны, «куды імкнуцца трапіць, а не адкуль сьпяшаюцца зьехаць».

Гэта адзначыла лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў відэазвароце да трэцяй гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў.

«У 2020 годзе мы разумелі, што кідаем выклік сыстэме, якая існавала дзесяцігодзьдзямі, — сказала палітык. — Рэжыму, які ставіў уладу вышэй за людзей. Аднак усё роўна крочылі наперад. Бо былі ўпэўненыя — праўда на нашым баку».

За мінулыя тры гады, кажа Ціханоўская, беларусаў «спрабавалі пазбавіць мары, блізкіх, свабоды, радзімы, незалежнасьці».

«Многім народам не даводзілася перажыць тое, што мы перажылі з 2020-га. [Загінулыя] Раман Бандарэнка і Вітольд Ашурак, Павел „Волат“ і Алесь Пушкін — боль памнажаўся штодня, — сказала ў звароце Ціханоўская. — Але якім бы моцным ні быў гэты боль, я заўсёды працягвала верыць у нас, у беларусаў. Бо мы заставаліся нязломнымі. На гвалт і рэпрэсіі мы адказвалі падтрымкай палітвязьняў і дапамагалі іхным сем’ям. На спробы загнаць пад асфальт мову і гісторыю мы пераходзілі на беларускую і выдавалі кнігі. На імкненьне пазбавіць краіну сувэрэнітэту адказвалі партызанскімі акцыямі і мужнасьцю на полі бою ва Ўкраіне».

«Мы прайшлі праз выпрабаваньні, але, загартаваныя, вынесьлі зь іх новы досьвед. І працягваем рухацца. Я разумею, гэта цяжка. І з кожным новым выклікам усё больш складана захоўваць цьвёрдасьць хады. Але гэта толькі наш выбар — абясцэніць зробленае за тры гады, расчаравацца ў сабе і ў сваёй нацыі ці захаваць у памяці ўсе важныя моманты, зьберагчы ў сэрцы тых, каго мы страцілі на гэтым шляху. І працягнуць ісьці наперад. Зь любоўю да тых, хто ідзе побач, і зь верай у тых, хто будзе пасьля нас», — падсумавала Ціханоўская.

Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту: Беларусь павінна быць свабоднай

Беларусь павінна быць свабоднай, адзначыла прэзыдэнтка Эўрапейскага парлямэнту Рабэрта Мэтсала ў відэазвароце 9 жніўня з нагоды трэцяй гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў.

«Беларускі народ павінен вольна жыць у дэмакратыі, свабодзе і міры, — сказала яна. — Быць свабодным ад аўтакратыі, прыгнёту, жорсткасьці. Эўропа на вашым баку. Барацьба за дэмакратычную Беларусь жывая. Ваша барацьба — наша барацьба, мы не пакінем вас адных».

У паведамленьні, якое суправаджае апублікаваны ў Твітэры відэаролік, кіраўніца Эўрапарлямэнту адзначыла, што «тры гады таму беларускі народ абраў для сваёй краіны новы вэктар», зарыентаваны на «свабоду, сувэрэнітэт і дэмакратыю».

«Замест гэтага ён сутыкаецца з палітычным перасьледам, пагрозамі і турэмным зьняволеньнем. Эўропа рашуча выступае на баку народу Беларусі. А [Аляксандар] Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасьці», — напісала яна.

Пазьней на афіцыйным сайце Эўрапарлямэнту апублікавалі агульную заяву з заклікам да міжнароднай супольнасьці ўзмацняць і дакладна выконваць санкцыі, уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Мы будзем салідарныя столькі, колькі спатрэбіцца, з усімі, хто змагаецца за жыцьцё ў свабоднай, сувэрэннай і дэмакратычнай Беларусі, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, і прыкладзем усе намаганьні, каб чыноўнікі рэжыму, якія зьдзейсьнілі або саўдзельнічалі ў сур'ёзных парушэньнях правоў чалавека, былі прыцягнутыя да адказнасьці. Дзеля гэтага мы заклікаем дзяржавы ЭЗ і партнэраў-аднадумцаў выкарыстоўваць экстэрытарыяльную і ўнівэрсальную юрысдыкцыю, каб прыцягнуць іх да адказнасьці за іх злачынствы», — гаворыцца ў заяве Эўрапарлямэнту.

«Наша падтрымка беларускага народу, які змагаецца за свабоду, застаецца нязьменнай», — прэзыдэнт Літвы ў размове зь Ціханоўскай

Сёньня, у гадавіну прэзыдэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэўся са Сьвятланай Ціханоўскай.

Наўседа заявіў, што Літва верыць у дэмакратычную Беларусь і падтрымлівае барацьбу беларусаў за свабоду.

«Літва верыць у дэмакратычную і свабодную Беларусь. Запэўніў Ціханоўскую, што наша падтрымка беларускага народу, які змагаецца за свабоду, застаецца нязьменнай», — напісаў Наўседа ў сваім твітэры.

Кіраўнікі МЗС Польшчы і краінаў Балтыі паабяцалі працягнуць ізаляцыю «нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі» і ўзмацненьне санкцыяў ЭЗ

У трэція ўгодкі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі выступілі з сумеснай заявай, у якой паабяцалі працягнуць «ізаляцыю злачыннага і нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі і ўзмацненьне супраць яго адрасных і сэктаральных санкцыяў Эўразьвязу».

Заява Зьбігнева Раў (Польшча), Габрыелюса Ландсбергіса (Літва), Крыш’яніса Карыньша (Латвія) і Маргуса Цахкны (Эстонія) апублікаваная на сайце літоўскага МЗС.

Афіцыйныя прадстаўнікі чатырох краін адзначаюць, што ў жніўні 2020 году Аляксандар Лукашэнка «абвясьціў сябе пераможцам сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў, тым самым зьняважыўшы дэмакратычныя памкненьні і правы беларускага народу».

Паводле міністраў, гэты «злачынны захоп улады нелегітымным рэжымам пасьля прывёў да масавых унутраных рэпрэсій, саўдзелу ў ваенных злачынствах і злачыннай агрэсіі, хуткай эрозіі сувэрэнітэту Беларусі, а таксама да дэстабілізацыі рэгіёну».

«Масавыя фальсыфікацыі вынікаў выбараў выклікалі беспрэцэдэнтную хвалю мірных пратэстаў беларускага народу, які патрабаваў свабоды выбару сваёй будучыні. У адказ беларускія ўлады разгарнулі жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і іх прыхільнікаў», — гаворыцца ў заяве.

Падкрэсьліваецца, што «вось ужо тры гады, нягледзячы на жорсткае асуджэньне з боку міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае бесчалавечныя рэпрэсіі, якія няўхільна ўзмацняюцца».

«Праваабаронцы, журналісты, прафсаюзныя дзеячы, работнікі СМІ, юрысты і простыя грамадзяне, якія крытыкуюць сыстэму, абвяшчаюцца экстрэмістамі і тэрарыстамі, перасьледуюцца, шантажуюцца, саджаюцца ў турму; некаторыя зьніклі або былі забітыя ў выніку спробаў уладаў здушыць супраціў яго незаконнаму кіраваньню», — гаворыцца ў заяве кіраўнікоў МЗС чатырох дзяржаў.

Міністры канстатуюць, што рэпрэсіі зазнаюць таксама «арганізацыі нацыянальных меншасьцяў», а «школы з замежнымі мовамі навучаньня былі зачыненыя».

Міністры называюць рэжым Лукашэнкі «памагатым і прамым прыхільнікам несправакаванай і неабгрунтаванай агрэсіі Расеі супраць Украіны».

«Ігнаруючы волю пераважнай большасьці беларускага народу, рэжым дае Маскве поўную палітычную і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку, дазваляе ёй выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю ў якасьці пускавой пляцоўкі для сваіх ракет, для разьмяшчэньня ядзернай зброі, а нядаўна пагадзіўся разьмясьціць тысячы наймітаў ПВК „Вагнэр“ на сваёй зямлі», — зьвяртаюць увагу кіраўнікі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Акрамя таго, на іх думку, рэжым Лукашэнкі зьяўляецца «саўдзельнікам гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, такім чынам выступаючы прамым саўдзельнікам ваеннага злачынства, якое будзе перасьледавацца Міжнародным крымінальным судом».

Прадстаўнікі чатырох краінаў лічаць, што «менскі рэжым клапоціцца толькі аб уласным выжываньні», таму «працягвае нелегітымна і незаконна, насуперак волі беларускага народу, размываць дзяржаўнасьць Беларусі, саступаючы свой сувэрэнітэт Расеі».

«За апошнія тры гады Беларусь ператварылася ў сапраўдны ачаг дэстабілізацыі ў самым сэрцы Эўропы і ўяўляе сабой пагрозу міжнароднай бясьпецы. Рэжым Лукашэнкі ў Беларусі працягвае арганізоўваць і спрыяць дзейнасьці, якая дапамагае незаконнаму перасячэньню зьнешніх межаў ЭЗ грамадзянамі трэціх краін», — адзначаецца ў заяве.

«Мы верым у дэмакратычную, незалежную і сувэрэнную Беларусь гэтак жа, як верым у перамогу Ўкраіны. Наша падтрымка народу Беларусі, які змагаецца за сваю свабоду і годнасьць, застанецца непахіснай. Мы будзем і надалей падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі, іх кіраўніцтва, а таксама іншых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, якія абʼядноўваюцца ў барацьбе за дэмакратычныя зьмены ў Беларусі», — заяўляюць аўтары звароту.

Паводле перакананьня міністраў, «аўтарытарныя рэжымы абрынуцца, а тыраны паўстануць перад судом».

«Мы паўтараем свой заклік да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў, да спыненьня рэпрэсіяў і саўдзелу ў агрэсіі Расеі супраць Украіны», — падкрэсьліваюць кіраўнікі МЗС Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

«Мы салідарныя з беларускім народам» – брытанскі міністар у справах Эўропы і Паўночнай Амэрыкі

Міністар Вялікай Брытаніі ў справах Эўропы і Паўночнай Амэрыкі Леа Дочэрці апублікаваў заяву з нагоды трэцяй гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў і пратэстаў у Беларусі. У ёй ён заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі.

«Тры гады таму беларускі рэжым разьвязаў гвалт супраць мірных дэманстрантаў, групаў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў і палітычных апанэнтаў за тое, што яны імкнуліся рэалізаваць сваё імкненьне да свабоды і дэмакратыі. Аляксандр Лукашэнка працягвае рэпрэсіўную кампанію супраць уласнага народу, накіраваную на тое, каб пазбавіць простых беларускіх грамадзянаў магчымасьці рэалізаваць свае фундамэнтальныя дэмакратычныя правы. Падтрымка яго рэжымам незаконнай вайны Пуціна ва Ўкраіне яшчэ больш дэманструе яго поўнае грэбаваньне міжнароднымі нормамі», – заявіў брытанскі міністар.


«Урад Вялікай Брытаніі ўжо ўвёў санкцыі супраць асобаў, адказных за падаўленьне правоў чалавека ў Беларусі, і будзе працягваць працаваць разам з нашымі міжнароднымі партнэрамі, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказу за ягоныя жахлівыя дзеяньні. Каля 1500 палітычных зьняволеных, якія сёньня застаюцца пад вартай у Беларусі, павінныя быць неадкладна і безумоўна вызваленыя. Мы салідарныя з беларускім народам», – гаворацца ў заяве Леа Дочэрці.

Рада БНР заклікала рыхтаваць сілы для далейшага змаганьня, «магчыма, збройнымі і сілавымі мэтадамі»

«Сфальшаваныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году сталіся дэтанатарам вялікай хвалі пратэсту, якая ўскалыхнула ўсё беларускае грамадзтва», — гаворыцца ў заяве Рады БНР да трэцяй гадавіны падзеяў жніўня 2020 году.

Як адзначаецца ў заяве, прага беларусаў да свабоды і дэмакратыі яскрава выявілася ў масавых дэманстрацыях супраць дыктатарскага рэжыму, якіх Беларусь ня бачыла за ўсю сваю папярэднюю гісторыю.

Паводле Рады БНР, «гэты патэнцыял для дасягненьня дэмакратычных пераменаў у Беларусі ня быў скарыстаны палітычнай апазыцыяй, якая была пазбаўленая рэжымам усякіх магчымасьцяў для дзейнасьці». У заяве называюцца і прычыны: найбольш дзейныя апазыцыйныя лідэры апынуліся перад выбарамі ў турмах, шмат хто на выгнаньні; падтрымку і дзейсную дапамогу Аляксандру Лукашэнку ва ўтрыманьні ўлады аказала пуцінская Расея, шматгадовы палітычны і эканамічны спонсар ягонага рэжыму.

Паводле Рады БНР, падзеі 2020 і пачатку 2021 гадоў увойдуць у гісторыю Беларусі як гераічная старонка, але
«тыя падзеі прывялі і да цяжкіх, часам катастрафічных, наступстваў для нашага народу». Як адзначаецца ў заяве, незалежнасьць Беларусі апынулася пад максымальнай пагрозай за апошнія трыццаць гадоў.

Рада БНР заклікае ўсіх беларусаў адзначаць гадавіну падзеяў 2020 году і надалей ушаноўваць памяць загінулых герояў, шанаваць мужныя ўчынкі ўсіх удзельнікаў пратэстаў, а таксама «рыхтаваць сілы для далейшага змаганьня за свабоду і дзяржаўную незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны, у тым ліку, магчыма, збройнымі і сілавымі мэтадамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG