Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія пашырыла санкцыі супраць Беларусі


МЗС Вялікай Брытаніі
МЗС Вялікай Брытаніі

Вялікая Брытанія дадала шэсьць новых пазыцыяў у сьпіс санкцыяў супраць Беларусі. Пра гэта піша «Зеркало» з спасылкай на брытанскае МЗС.

Пад абмежаваньні трапілі:

  • Холдынг «БелОМА»
  • ААТ «Гомельскі радыёзавод»
  • ААТ «Кідма Тэк»
  • «Аршанскі авіярамонтны завод»
  • ААТ «Пеленг»
  • ААТ «2566 завод рамонту радыёэлектроннага ўзбраеньня»

Замарожваюцца актывы гэтых прадпрыемстваў.

Паводле брытанскага МЗС, санкцыі ўведзеныя супраць прадпрыемстваў, якія маюць стратэгічнае значэньне для Беларусі, і супраць прадпрыемстваў, якія «датычныя або былі датычныя да дзеяньняў, якія дэстабілізуюць Украіну або падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны, у тым ліку шляхам падтрымкі або спрыяньня Ўзброеным сілам Расеі».

Адметна, што два прадпрыемствы — «Пеленг» і «Кідма Тэк» — ужо былі ўнесеныя ў санкцыйны сьпіс Вялікай Брытаніі ў 2021 годзе з прычыны міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ.

  • Папярэдні раз Вялікая Брытанія абнаўляла санкцыі супраць Беларусі 8 ліпеня. Той пакет прадугледжваў забарону на імпарт золата, цэмэнту, драўніны і каўчуку зь Беларусі і блякаваньне экспарту ў Беларусь зь Вялікай Брытаніі банкнотаў і машынаў, а таксама тавараў, тэхналёгіяў і матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасьці хімічнай і біялягічнай зброі.
  • Вялікая Брытанія заявіла, што таксама зможа перашкодзіць беларускім мэдыякампаніям «распаўсюджваць прапаганду ў Вялікай Брытаніі» з дапамогай сацыяльных сетак і інтэрнэт-правайдэраў, абмежаваўшы доступ да вэб-сайтаў беларускіх СМІ, якія трапілі пад санкцыі.
  • Лёндан таксама пашырыў у ліпені крытэрыі ўключэньня ў санкцыйны сьпіс супраць Беларусі — пад санкцыі могуць трапіць ня толькі грамадзяне Беларусі, якія падтрымліваюць рэжым, але і іхныя сваякі.
  • Урад Вялікай Брытаніі будзе прымаць захады для барацьбы з тымі, хто абыходзіць санкцыі, у тым ліку абмежаваўшы доступ Беларусі да фінансавых рынкаў Вялікай Брытаніі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG