Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З пачатку 2023 году беларуская эканоміка страціла амаль 25 тысяч працаўнікоў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

За месяц эканоміка Беларусі страціла 2,6 тысячы занятых, а з пачатку 2023 году — 24,8 тысячы, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі.

У Беларусі ўстаноўлены чарговы антырэкорд па колькасьці занятых у эканоміцы: паводле зьвестак Белстату, у эканоміцы краіны ў чэрвені было занята 4 млн 148,1 тысячы чалавек — гэта на 2,6 тысячы менш, чым было ў траўні (4 млн 150,7 тысячы) і на 24,8 тысячы менш, чым было ў студзені 2023 году (4 млн 172,9 тысячы).

За апошні год колькасьць работнікаў у Беларусі зьменшылася на 58,9 тысячы: у чэрвені 2022 году ў эканоміцы Беларусі было занята 4 млн 207 тысяч чалавек.

У чэрвені ўзровень фактычнага беспрацоўя ў Беларусі склаў 3,4%, узровень афіцыйнага беспрацоўя, дзе ўлічваюцца толькі тыя, хто стаіць на біржы працы, — у 35 разоў ніжэйшы.

Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч у красавіку прызнала скарачэньне колькасьці занятых у эканоміцы Беларусі, але заявіла, што «глябальных, сур’ёзных праблем на рынку працы няма».

1 ліпеня набыла моц пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны зь пералікам прафэсій, на якія можна прыцягваць іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія ня маюць дазволу на сталае пражываньне ў Беларусі. Дзеяньне дакумэнта распаўсюджваецца на вэтэрынарных лекараў, лекараў-спэцыялістаў, фэльчараў усіх мэдычных спэцыяльнасьцяў, мэдсёстраў, інжынэраў, кіроўцаў, сьлесараў-рамонтнікаў, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасьці, швачак, электраманцёраў па рамонце і абслугоўваньні электраабсталяваньня.

Паводле экспэртаў, галоўныя прычыны скарачэньня працаздольнага насельніцтва ў Беларусі — хуткае старэньне насельніцтва пры адсутнасьці міграцыйнага прытоку і масавая эміграцыя з краіны моладзі і людзей сярэдняга ўзросту, у тым ліку сем’яў зь дзецьмі — як з палітычных, так і з эканамічных прычын. Усе гэтыя трэнды яшчэ больш узмацніліся з канца 2020 году, калі ў Беларусі пасьля выбараў прэзыдэнта пачаўся чарговы віток рэпрэсій супраць праціўнікаў Лукашэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG