Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь чакае павышэньне пэнсійнага ўзросту, скарачэньне дзяржрасходаў, праца на пэнсіі. Экспэртка — пра наступствы масавай эміграцыі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі працягвае скарачацца працаздольнае насельніцтва. Галоўныя прычыны гэтага — хуткае старэньне насельніцтва пры адсутнасьці міграцыйнага прытоку і масавая эміграцыя з краіны моладзі і людзей сярэдняга ўзросту, у тым ліку сем’яў з дзецьмі — як па палітычных, так і па эканамічных прычынах.

Усе гэтыя трэнды яшчэ больш узмацніліся з канца 2020 года, калі ў Беларусі пасьля выбараў прэзыдэнта пачаўся чарговы віток рэпрэсій супраць супернікаў Лукашэнкі. Вынік — доля насельніцтва, якая працуе і плаціць падаткі і пэнсійныя адлічэньні, рэзка скарацілася, а колькасьць пэнсіянэраў, якія атрымліваюць выплаты, у Беларусі засталася такой жа ці нават вырасла.

Экспэртка BEROC эканамістка Анастасія Лузгіна (BEROC — найбуйнейшы беларускі дасьледчы цэнтар, які садзейнічае разьвіцьцю рыначнай эканомікі і праводзіць дасьледаваньні ў галіне эканомікі і адукацыйных праграм) лічыць, што ўжо ў бліжэйшыя гады ўладам Беларусі давядзецца прымаць непапулярныя рашэньні, каб паспрабаваць збалянсаваць пэнсійную сыстэму і кампэнсаваць дэфіцыт Пэнсійнага фонду.

Яна прадказвае хуткае павышэньне пэнсійнага ўзросту ў Беларусі, у першую чаргу для жанчын, а таксама стымуляваньне пэнсіянэраў працягваць працаваць і пасьля дасягненьня пэнсійнага ўзросту, але без выплаты ім пэнсій. Лузгіна асобна падкрэсьлівае, што людзі, якія зьехалі з краіны ў апошнія гады, ужо «пазбавілі» пэнсій прыкладна 6% пэнсіянэраў у Беларусі, і хутка гэтая лічба можа вырасьці яшчэ больш. Прапануем яе інтэрвію Настоящему времени.

— На жаль, няма дакладных лічбаў людзей, якія зьехалі зь Беларусі ў апошнія гады, але агучвалася лічба ў 150 тысяч чалавек. Пры гэтым, напрыклад, dev. by, які лічыць выключна IT-сэктар, ацэньвае колькасьць тых, хто зьехаў з краіны ў 200 тысяч чалавек, а менавіта тых, хто быў заняты ў IT-сфэры — каля 170 тысяч. Ці мы можам вельмі груба, прыкладна сказаць аб тым, наколькі сурʼёзную шкоду адʼезд гэтых людзей на сёньняшні дзень нанёс беларускай эканоміцы?

— Адразу скажу, што гэтыя лічбы, якія мы агучвалі ў сваім дасьледаваньні, тычацца толькі тых, хто зьехаў з Беларусі ў эўрапейскія краіны. Але, зразумелая справа, што людзі зьяжджалі яшчэ і ў іншыя дзяржавы: і ў Расею зьяжджалі, і ў іншыя краіны постсавецкай прасторы, у Турцыю, Грузію — і ў выніку, вядома, агульная лічба будзе вышэйшая.

Але нават калі сканцэнтравацца на тых лічбах, якія мы атрымалі і менавіта на краінах ЭЗ, то мы кажам, што арыентыровачна зьехалі дзесьці ў дыяпазоне ад 140 да 170 тысяч чалавек.

Зразумела, што гэта ня ўсе людзі працаздольнага ўзросту, сярод тых, хто зьехаў, таксама ёсьць студэнты і дзеці. Але можна вельмі груба на гэтых лічбах уявіць, паглядзець, хто плаціць адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Беларусі. Гэта недзе можа складаць 150–160 тысяч чалавек, якія працуюць у эўрапейскіх краінах, часова ці не — усё роўна.

Зыходзячы з гэтай колькасьці, можна зноў-такі груба палічыць, колькі недаатрымаў беларускі бюджэт з улікам таго, што гэтыя работнікі проста ўзялі і зьехалі, і зараз працуюць у іншых дзяржавах. Калі б яны працавалі ў Беларусі, то з іх заработнай платы выплачвалася б:

  • 34% — узнос у ФСАН (Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва) ад налічанай зарплаты, якія пералічвае працадаўца;
  • плюс 1% на сацыяльныя патрэбы;
  • плюс 13 працэнтаў падаходнага падатку, які таксама выплачваецца з заработнай платы работнікаў.

Зыходзячы з гэтых лічбаў, выходзіць недаатрыманьне штомесяц у раёне 130-140 млн беларускіх рублёў (больш за $44 млн). Калі палічыць менавіта адлічэньні ў ФСАН, зноў-такі груба, і ўзяць сярэднюю пэнсію, то атрымліваецца, што штомесяц гэтыя людзі маглі б плаціць падаткі і такім чынам забясьпечваць, груба кажучы, пэнсіі прыкладна 140 тысячам пэнсіянэрам.

Дасьледчыца Анастасія Лузгіна, Beroc
Дасьледчыца Анастасія Лузгіна, Beroc

Гэта ня так шмат ад іх агульнай колькасьці — у Беларусі на сёньня каля 2,3 млн пэнсіянэраў. Але тым ня менш, усё роўна гэта каля шасьці працэнтаў ад агульнай колькасьці пэнсіянэраў. І зноў-такі мы разумеем, што гэта не ўсе людзі, якія зараз працуюць недзе за мяжой. Але нават зыходзячы з гэтых грубых прыкідак, я лічу, што гэта ўжо паказчык на сёньняшні дзень.

Другое, і гэта таксама трэба мець на ўвазе, — што гэты міграцыйны працэс не спыняецца. Цалкам магчыма, што ў 2023 годзе ён замарудзіцца, таму што, напрыклад, шок, калі пачалася вайна, вядома, меў такі характар усплёску, а зараз гэта можа стаць больш плаўным працэсам. Але тым ня менш, гэты працэс не заканчваецца, і колькі гэта будзе працягвацца — гэта, вядома, вялікае пытаньне. Але пакуль існуюць рызыкі — палітычныя, эканамічныя рызыкі — то хутчэй за ўсё мы будзем бачыць, што людзі будуць зьяжджаць з Беларусі.

І плюс да гэтага на ўсе гэтыя міграцыйныя працэсы накладваецца дрэнная дэмаграфічная сытуацыя, гэта значыць проста натуральнае зьмяншэньне насельніцтва за кошт нізкай нараджальнасьці. І тут можна зноў-такі прывесьці лічбы, не праводзячы глыбокага дасьледаваньня, можна проста па статыстыцы паглядзець: з 2010 года на рынку працы колькасьць занятага насельніцтва скарацілася на 500 тысяч чалавек. Пры гэтым колькасьць пэнсіянэраў у нас засталася прыкладна на тым жа ўзроўні. Гэта ўжо гаворыць аб тым, што нагрузка на Пэнсійны фонд абʼектыўна ўзрасла.

Вось гэтыя ўсе працэсы паказваюць, што, вядома, прамы эфэкт найперш адбіваецца на паступленьнях падаткаў у бюджэт і на магчымасьці забясьпечваць сёньняшніх і будучых пэнсіянэраў адпаведнымі выплатамі.

Апроч прамых эфэктаў, ёсьць яшчэ шэраг іншых тэндэнцый і наступстваў, у тым ліку ад міграцыі. Бо, як мы ўжо глядзелі ў дасьледаваньні па той жа Польшчы, бачна, што зьяжджаюць у Польшчу ў асноўным людзі працаздольнага ўзросту, іх дзеці, а таксама студэнты. Калі мы гаворым пра студэнтаў і дзяцей, то гэта тыя людзі, якія яшчэ не выйшлі на рынак працы, але выйдуць, і хутчэй за ўсё не ў Беларусі, а ў іншых краінах. Гэта адзін момант.

Другі момант — гэта тое, што зьяжджаюць, вядома, найбольш актыўныя людзі і людзі, якія могуць уладкавацца. Гэта значыць, іх навыкі, іх кваліфікацыя канкурэнтаздольныя на іншых рынках, гэта людзі высокай кваліфікацыі. Гэта, вядома, IT-сэктар, але апроч іх зьяжджаюць і лекары, і людзі, якія працуюць у транспартнай галіне, у будаўніцтве — гэта галіны, якія дынамічна разьвіваюцца. Гэтыя людзі, канешне, маглі б прыкласьці свае веды, навыкі ў Беларусі, але яны выбіраюць іншыя рынкі, і ва ўсіх розныя прычыны.

Што да ўрачоў, то зараз ужо ўсе гавораць аб недахопе мэдыцынскіх спэцыялістаў. Гэта, канешне, вельмі дрэнна, таму што лекары адказваюць за здароўе нацыі. І калі іх не хапае, дык гэта адбіваецца на агульным стане здароўя людзей. Гэта, канешне, вельмі адмоўны эфэкт менавіта сацыяльнага характару ў галіне мэдыцыны.

— Вы сказалі, што ўжо зараз ёсьць каля шасьці працэнтаў пэнсіянэраў, якія да гэтага забясьпечваліся за кошт людзей, якія зараз зьехалі. Якімі сродкамі на дадзены момант дзяржава ў стане кампэнсаваць гэтую частку бюджэту ад падаткаплацельшчыкаў, якія зьехалі? Нельга ж шэсьць працэнтаў пэнсіянэраў проста пакінуць без выплат? Чым гэта пагражае?

— Безумоўна, ніхто без пэнсіі не застаецца, гэта нават бачна і па тым, што ў Беларусі пэрыядычна адбываецца павышэньне пэнсіі, зыходзячы з інфляцыйных працэсаў. Але, як я ўжо сказала, гэта непасрэдна 130-140 тысяч пэнсіянэраў, якія апрыёры зараз маглі «выпасьці», калі б мы палічылі па колькасьці тых, хто зьехаў.

Як я ўжо сказала, з 2010 года колькасьць занятых у Беларусі скарацілася на 500 тысяч чалавек — гэта яшчэ большая лічба. Пры тым, што колькасьць пэнсіянэраў засталася той жа. Калі раней ФСАН быў прафіцытным, то зараз ён дэфіцытны, і адпаведна, проста адбываецца пераразьмеркаваньне бюджэтных рэсурсаў. Фонд датуецца, каб пэнсіі выплачваць поўнасьцю.

Але ў выніку гэтага скарачаюцца нейкія іншыя выдаткі бюджэту, адбываецца магчымае павелічэньне дэфіцыту бюджэту. Дзяржава выпускае тыя ж аблігацыі, каб папоўніць дэфіцыт дзяржбюджэту, скарачаюцца і аптымізуюцца выдаткі, напрыклад, на эканоміку, можа быць, на сацыяльную сфэру, тут ужо трэба глядзець бюджэт. Для таго, каб цалкам кампэнсаваць гэтую нястачу ФСАН, дзяржава вымушана, па-першае, скарачаць нейкія іншыя выдаткі і выпускаць, дапусьцім, каштоўныя паперы для фінансаваньня дэфіцыту дзяржбюджэту.

— Вы казалі аб тым, што няма тэндэнцыі на спыненьне міграцыі, гэта значыць людзі працягваюць зьяжджаць з Беларусі. Ці ёсьць нейкі, можа быць, крытычны пункт для эканомікі, калі будзе такая ж тэндэнцыя міграцыі? Нейкі крытычны пункт тых, хто зьехаў, калі стане максымальна складана, скажам так, за кошт іншых абласьцей бюджэту кампэнсаваць падаткі людзей, якія пакінулі краіну?

— Мусіць, пра гэта лепш спытаць людзей, якія менавіта аналізуюць дынаміку ФСАН больш выразна. Але трэба разумець, што людзі, якія зараз зьяжджаюць у працаздольным узросьце, некалі выйдуць на пэнсію і, вядома, выйдуць ужо не ў Беларусі, у іншых краінах. У нейкай ступені гэта кампэнсуецца.

Але, сапраўды, праблема існуе, і як яе будзе вырашаць дзяржава — пытаньне. Бо, па-добраму, нават без уліку ўсіх міграцыйных працэсаў, у Беларусі сапраўды назіраецца трэнд на скарачэньне насельніцтва за кошт нізкай нараджальнасьці, і з гэтым пакуль нічога ня могуць зрабіць.

Каб палепшыць сытуацыю з тымі ж пэнсіямі, трэба было насамрэч праводзіць пэнсійную рэформу. У нас зараз разьмеркавальная сыстэма, а трэба было ўводзіць як мінімум назапашвальны элемэнт. І яго трэба было не сёньня ўводзіць, а намнога раней. Калі б гэта было зроблена своечасова, то мы маглі б прынамсі часткова вырашыць тыя праблемы, якія зараз ёсьць у ФСАН. Бо кожны чалавек, які працуе, паралельна з нейкімі агульнымі адлічэньнямі рабіў бы яшчэ адлічэньні на свой асабісты рахунак. І калі б ён выходзіў на пэнсію, так, нейкая базавая пэнсія ад дзяржавы, гэта мінімальная, яму б выплачвалася б, але частка як мінімум ішла б за кошт яго асабістых назапашваньняў, якія ён на працягу жыцьця назапасіў і, адпаведна, сам сябе забясьпечыў.

У Беларусі, на жаль, такой сыстэмы няма. Але зараз, па-першае, ужо зьяўляецца інфармацыя, што дзяржчыноўнікі гавораць аб тым, каб стымуляваць сёньняшніх пэнсіянэраў працягваць працаваць без выплаты пэнсій. Гэта ўжо гаворыць аб тым, што «давайце мы не будзем зараз вам плаціць, потым заплацім». Гэта адзін момант.

Другі момант: яны там увялі ўжо добраахвотны назапашвальны элемэнт, але гэта добраахвотны элемэнт, не абавязковы, гэта значыць такімі палавіністымі мерамі спрабуюць неяк вырашыць гэтую праблему. Вядома, праблема гэта не вырашыцца такім чынам.

Таксама падвышалі пэнсійны ўзрост. Гэта таксама дапамагло, але на кароткі прамежак часу. Хутчэй за ўсё, рана ці позна ўсё роўна да гэтага вернуцца, і цалкам магчыма, прынамсі для жанчын, ізноў будуць падвышаць пэнсійны ўзрост.

Ёсьць пэўныя рычагі. Гэта павышэньне пэнсійнага ўзросту, якое можа зьяўляцца вырашэньнем праблемы, але на вельмі невялікі прамежак часу. Ёсьць магчымасьць рэфармаваньня пэнсійнай сыстэмы, але ў бягучых умовах гэта, на жаль, немагчыма, таму што ўжо сёньня ў гэтым выпадку на гэтую рэформу трэба прыцягваць дадатковыя рэсурсы, якіх, на жаль, няма.

Таму неўзабаве такая сытуацыя, якую мы зараз бачым, будзе захоўвацца. Будзе дэфіцыт, будуць забясьпечвацца пэнсіянэры на пэўным узроўні, будуць выплачвацца пэнсіі, але гэтыя праблемы будуць узрастаць. Як яны будуць вырашацца ў будучыні, вядома, залежыць шмат у чым ад тых умоў, у якіх апынецца эканоміка Беларусі праз, дапусьцім, 5-10 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG