Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд зьліквідаваў КХП БНФ, на чарзе Партыя БНФ і «Зялёныя»


Сымболіка Партыі БНФ, архіўнае фота
Сымболіка Партыі БНФ, архіўнае фота

Вярхоўны суд разглядае пазовы аб ліквідацыі палітычных партый, якія не адпавядаюць патрабаваньням новага закону: пазоў аб ліквідацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды ён будзе разглядаць 9 жніўня, Партыі БНФ — 14 жніўня.

Вярхоўны суд Беларусі 9 жніўня разгледзіць пазоў аб ліквідацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды, вынікае з раскладу на партале электроннага судаводзтва. Судзьдзя Анатоль Церах пачне працэс, ініцыяваны Міністэрствам юстыцыі, а 15:00.

Паводле інфармацыі на гэтым партале, 14 жніўня ў 11:00 судзьдзя Сяргей Нікалаеў пачне разгляд пазову аналягічнага характару ў дачыненьні да Партыі БНФ.

Зарэгістраваная ў траўні 1997 году Сацыял-дэмакратычнай партыя народнай згоды прытрымліваецца левацэнтрысцкай сацыял-дэмакратычнай ідэалёгіі. Лічыць сябе правапераемніцай Партыі народнай згоды (ПНЗ), якая была заснаваная яшчэ ў 1992 годзе, але пасьля растварылася ў іншых палітычных структурах у выніку рэарганізацыі руху беларускіх сацыял-дэмакратаў. Праваабаронцы, якія манітораць выбарчыя працэсы ў Беларусі, адносяць яе да праўладных партый.

Правацэнтрысцкая Партыя БНФ дзейнічае са жніўня 1993 году, яна зьяўляецца пасьлядоўніцай грамадзкага руху Беларускі народны фронт «Адраджэньне».

Яе цяперашні лідэр Рыгор Кастусёў у верасьні 2022-га быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам») у рамках палітычна матываванай «справы змоўшчыкаў». Знаходзіцца ў няволі з красавіка 2021 году. Праваабаронцы лічаць яго палітвязьнем.

У канцы 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сіл і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
Ужо перарэгістраваны праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».

20 ліпеня Вярхоўны суд зьліквідаваў апазыцыйную Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — БНФ, 24-га — праўладную Беларускую патрыятычную партыю. Разгляд пазоваў аб ліквідацыі дзьвюх апазыцыйных партый — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) і Беларускай партыі «Зялёныя» (БПЗ) пройдуць 27 і 31 ліпеня адпаведна, Рэспубліканскай партыі — 8 жніўня.

Міністар юстыцыі Сяргей Хаменка прагназаваў, што колькасьць партый пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з 15 да «трох-чатырох».

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG