Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы цэнтар «Вясна» — ляўрэат прэміі ААН у галіне правоў чалавека 2023 году


Старшыня Генэральнай Асамблеі Чаба Керэшы 20 ліпеня абвясьціў ляўрэатаў прэстыжнай прэміі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне правоў чалавека за 2023 год.

Сёлета яе атрымалі пяць пераможцаў:

  • Беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна»,
  • праваабаронца з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жульен Лусенж,
  • Аманскі Цэнтар дасьледаваньняў у галіне правоў чалавека з Іярданіі,
  • актывіст і грамадзкі дзеяч з Уругвая Хуліа Перэйра,
  • глябальная кааліцыя арганізацый грамадзянскай супольнасьці, карэнных народаў, грамадзкіх рухаў і мясцовых супольнасьцяў за «ўсеагульнае прызнаньне права на чыстае, здаровае і ўстойлівае навакольнае асяродзьдзе».

«Адданасьць пераможцаў кажа пра ўнівэрсальны характар правоў чалавека ў крытычны час. Прэмія накіроўвае абаронцам правоў чалавека ва ўсім сьвеце выразны сыгнал пра тое, што міжнародная супольнасьць удзячная і падтрымлівае іх намаганьні па прасоўваньні ўсіх правоў чалавека для ўсіх», — сказаў Чаба Керэшы, старшыня 77-й сэсіі Генэральнай Асамблеі.

Ляўрэатаў прэміі абраў Спэцыяльны камітэт з больш чым 400 намінацый, атрыманых ад дзяржаваў-чальцоў, сыстэмы ААН і грамадзянскай супольнасьці.

Чальцы Спэцыяльнага камітэту выказалі сваё глыбокае захапленьне ўсімі праваабаронцамі, якія спрыяюць заахвочваньню, абароне і прасоўваньні правоў чалавека, і рашуча асудзілі «любыя спробы прымусіць іх замаўчаць і запалохаць іх». Яны выказалі «глыбокую салідарнасьць з тымі, хто затрыманы ў адплату за іх працу па абароне правоў чалавека і ажыцьцяўленьню ўсіх палажэньняў Усеагульнай Дэклярацыі Правоў Чалавека» і заклікалі неадкладна вызваліць усіх затрыманых праваабаронцаў.

Цырымонія ўручэньня прэміі 2023 году адбудзецца ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў сьнежні 2023 года ў межах мерапрыемстваў, прысьвечаных Дню правоў чалавека.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» быў створаны ў 1996 годзе падчас масавых акцый пратэсту дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі з мэтай садзейнічаньня разьвіцьцю ў краіне грамадзянскай супольнасьці, заснаванай на выкананьні правоў чалавека.

Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца:

  • старшыня ПЦ «Вясна», ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі,
  • намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH Валянцін Стэфановіч,
  • юрыст «Вясны» Ўладзімер Лабковіч,
  • каардынатарка валянтэрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова,
  • кіраўнік гомельскай філіі арганізацыі Леанід Судаленка,
  • валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк.

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў);
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня.


Выйшла на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG