Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы сустрэлі нас, як братоў». Зьявілася відэа з выступам Прыгожына, магчыма, у лягеры каля вёскі Цэль


Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

Ролік быў апублікаваны ўдзень 19 ліпеня ў тэлеграм-каналах, зьвязаных з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр». За дзень да гэтага ў Беларусь прылятаў адзін з самалётаў, якімі карыстаецца Прыгожын.

На відэа, зьнятым у вечаровы час на адкрытай пляцоўцы, выступае чалавек з голасам, вельмі падобным да голасу Яўгенія Прыгожына. Выступоўца прывітаў вайскоўцаў і павіншаваў іх «з прыездам на беларускую зямлю». Ён таксама зазначыў, што «мы годна ваявалі, мы зрабілі для Расеі вельмі шмат».

Вызначыць дакладнае месца, дзе было зробленае відэа, па зьмесце роліка, пакуль немагчыма. Аднак у апошнія дні зьявілася шмат сьведчаньняў пра перамяшчэньне вайсковай тэхнікі з вагнэраўцамі ў лягер у вёсцы Цэль каля Асіповічаў.

«Цяпер тое, што на фронце, — гэта ганьба, у якой нам ня трэба ўдзельнічаць. Нам варта дачакацца таго моманту, калі мы зможам праявіць сябе напоўніцу. Прынята рашэньне, што мы будзем знаходзіцца ў Беларусі некаторы час», — гаворыць на відэазапісе чалавек, падобны да Прыгожына.

Ён таксама абяцае зрабіць беларускае войска другім у сьвеце і пры патрэбе «ўступіцца за яго».

«Беларусы сустрэлі нас ня толькі як герояў, але і як братоў. Кажуць, мясцовыя дзяўчаты ў крамах шэпчуцца, што прыехалі „вагнэры“. Але акуратна, каб нікога зь іх не пакрыўдзіць», — папярэдзіў выступоўца.

Ён таксама заклікаў «рыхтавацца, падвышаць свой узровень — і ў новы шлях у Афрыку». Акрамя гэтага, на відэа прагучала, што «за беларускі кірунак будзе адказваць Сяргей „Піянэр“».

На відэа таксама коратка выступае чалавек, якога чалавек, падобны да Прыгожына, прадстаўляе як заснавальніка ПВК «Вагнэр» Дзьмітрыя Уткіна.

Скрыншот зь відэа, апублікаванага ў тэлеграм-каналах, зьвязаных з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр»
Скрыншот зь відэа, апублікаванага ў тэлеграм-каналах, зьвязаных з прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр»

Што такое «Вагнэр»

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ і іншымі дзяржаўнымі структурамі. Байцы «Вагнэра» ўдзельнічаюць у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • У студзені 2023 году Мінфін ЗША прызнаў ПВК «Вагнэр» транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй і ўвёў санкцыі супраць структур, зьвязаных з гэтай вайсковай кампаніяй і яе заснавальнікам.
  • У красавіку Эўразьвяз унёс ПВК «Вагнэр» у санкцыйны сьпіс за «актыўны ўдзел у расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны». Парлямэнты Літвы і Францыі прызналі ПВК «Вагнэр» тэрарыстычнай арганізацыяй.
  • Таксама супраць Прыгожына ўвялі санкцыі Канада і Вялікая Брытанія.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі.
  • Пасьля спробы збройнага мяцяжу ў Расеі кіраўніку ПВК «Вагнэр» Яўгенію Прыгожыну дазволілі выехаць у Беларусь, крымінальную справу супраць яго спынілі. Адбылося гэта пры пасярэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG