Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі Гаюн»: За дзень у Беларусь прыбылі тры буйныя калёны «Вагнэра», агулам колькасьць наймітаў ужо складае 2000-2500 чалавек


Калёна машын ПВК «Вагнэр» у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. 17 ліпеня 2023
Калёна машын ПВК «Вагнэр» у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. 17 ліпеня 2023

Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», наёмнікі прыбываюць у Беларусь пад сьцягамі Расеі і ПВК «Вагнэр».

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла, што 18 ліпеня ў кірунку Асіповічаў і лягера ў вёсцы Цэль па трасе М5 ад Бабруйску рухаецца яшчэ адна, ужо чацьвёртая па ліку, буйная калёна наймітаў ПВК «Вагнэр».

У складзе калёны сама меней 80 машын розных мадыфікацый: 18 фур, больш за 20 пікапаў УАЗ, грузавікі-фургоны, каля 20 мікрааўтобусаў УАЗ (так званыя «буханкі»), а таксама аўтобусы ПАЗ, некалькі тэнтаваных «Уралаў» і «КамАЗаў». Тэхніка рухаецца з нумарамі так званых «ЛНР» і «ДНР». Калёна расьцягнулася па трасе на 5 км, яна кіруецца ў намётавы лягер для наймітаў ПВК «Вагнэр».

Пазьней 18 ліпеня ў Беларусь прыбыла яшчэ адна калёна з наймітамі Прыгожына. Паводле зьвестак маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», у пятай калёне ад 90 да 100+ адзінак тэхнікі, яна большая, чым папярэдняя. Калёна праехала па маршруце ад мяжы з Расеяй (КПП Дубавічка) па трасе Р43 і далей М5 у кірунку Асіповічаў. Паводле зьвестак праекту на 16:54 менскага часу, калёна зьяжджала з трасы М5 у вёску Цэль, дзе знаходзіцца лягер ПВК «Вагнэр».

Машыны ў калёне — на нумарах самаабвешчанай «ЛНР», радзей — на нумарах самаабвешчанай «ДНР» і расейскіх нумарах, часам увогуле без нумароў. Сярод тэхнікі заўважаныя: «буханкі», пікапы з адкрытымі багажнікамі, некалькі пасажырскіх аўтобусаў, фуры, легкавыя аўто (Лады і KIA), пара бензавозаў і «Ўралы» з прычэпамі. Калёна рухаецца ў суправаджэньні ДАІ Беларусі, паведамляе праект.

Пасьля прыбыцьця ў Беларусь пятай калёны наймітаў праект «Беларускі Гаюн» ацэньваў колькасьць наймітаў ПВК «Вагнэра» ў Беларусі ў 2000-2500 чалавек.

Увечары «Беларускі Гаюн» паведаміў пра прыбыцьцё яшчэ адной калёны ПВК «Вагнэра» ў Беларусь, ужо трэцяй за дзень. Паводле зьвестак праекту на 22.23 вечара, калёна ехала па Р43-М5 ад Рагачова ў кірунку Бабруйску (траса М5) і далей, як і ўсе папярэднія, пойдзе на Асіповічы ў кірунку лягера ПВК «Вагнэр» у вёсцы Цэль. Гэтая калёна, паводле зьвестак праекту, налічвае каля 100-120 машын і расьцягнулася на 5-10 км.

Паводле «Беларускага Гаюна», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня, да гэтага колькасьць наймітаў, якія дабіраліся ў Беларусь сваім ходам, ня ў складзе арганізаваных калёнаў, ацэньвалася праектам у раёне 200 чалавек.

З 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо сама меней шэсьць калёнаў наймітаў ПВК «Вагнэра» — гэта мінімум 402-420 машын.

  • 17 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў кірунку Асіповічаў і лягера ў вёсцы Цэль па трасе М5 ад Бабруйску рухалася папярэдняя буйная калёна наймітаў ПВК «Вагнэр». У складзе калёны было як мінімум 20 машын розных мадыфікацый, гэта была як мінімум трэцяя калёна з наймітамі, якая прыбыла ў Беларусь з 11 ліпеня.
  • Пра той факт, што невялікая колькасьць байцоў «Вагнэра» прыбыла ў Беларусь, 15 ліпеня заявіла таксама Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі. Паведамленьне пра пачатак навучаньня беларускіх падразьдзяленьняў тэрытарыяльных войскаў інструктарамі «Вагнэра» зьявіліся ад Мінабароны Беларусі.
  • 16 ліпеня калёну з машынамі, падобнымі да тых, якія відаць на спадарожнікавым здымку, паказала маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG