Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найміты «Вагнэра» ў Беларусі: махноўскае Гуляйполе ці «траянскі конь» для рэжыму Лукашэнкі?


Наміты ПВК «Вагнэр» у расейскім Растове-на -Доне. Архіўнае фота
Наміты ПВК «Вагнэр» у расейскім Растове-на -Доне. Архіўнае фота

Падзея, пра якую на працягу апошніх тыдняў шмат гаварылі, якую анансавалі і чакалі, урэшце адбылася. Найміты «Вагнэра» зьявіліся ў Беларусі. Прыбываюць усё новыя калёны з вайскоўцамі і ўзбраеньнем. Чаго чакаць ад гэтага незаконнага вайсковага фармаваньня?

Сьцісла:

  • Падчас прэсавай канфэрэнцыі 6 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што лёс ПВК вырашаецца ў Маскве.
  • Незразумела, на якіх умовах прыбудуць найміты «Вагнэра» ў Беларусь, на які тэрмін і ў якой колькасьці.
  • У Беларусь прыехалі тыя, хто не захацеў служыць у расейскім войску. Значыць, гэта людзі, найбольш неляяльныя Крамлю, матываваныя мяцежнікі.
  • Тое, што спрабуе тлумачыць Міністэрства абароны Беларусі, выглядае як нязграбны і танны піяр, каб неяк апраўдацца перад насельніцтвам.

Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», а таксама крыніц Міністэрства абароны Ўкраіны, у раён Асіповічаў прыбыла як мінімум трэцяя калёна з расейскімі наймітамі. Дзясяткі аўтамабіляў, некалькі соцень байцоў і вялікая колькасьць узбраеньня. Інфармацыю пра прыезд наймітаў «Вагнэра» пацьвердзіла Міністэрства абароны Беларусі.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі 6 ліпеня Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што лёс ПВК вырашаецца ў Маскве. Маўляў, як там дамовяцца, так і будзе. Пасьля доўгіх хістаньняў і дыскусій Крэмль вырашыў чарговым разам выкарыстаць беларускую тэрыторыю ва ўласных мэтах. Не асабліва зважаючы на інтарэсы свайго малодшага саюзьніка.

Лукашэнка ўпісаўся ва ўсю гэтую гісторыю зь мяцяжом, атрымаўшы пэўныя палітычныя дывідэнды, але цяпер вымушаны расхлёбваць усе непрыемныя наступствы. Ён ня можа запярэчыць, адмовіцца, выбрацца з той каляіны, у якую трапіў.

З той дазаванай інфармацыі, якую дае Міністэрства абароны Беларусі, незразумела, на якіх умовах прыбудуць узброеныя найміты, на які тэрмін, у якой колькасьці. Яны будуць тут знаходзіцца кампактна, як асобнае падразьдзяленьне, з тым узбраеньнем, зь якім яны ішлі на Маскву? Ці іх раскідаюць па розных беларускіх частках? Якія прававыя падставы іх знаходжаньня на тэрыторыі Беларусі? Нават паводле расейскіх законаў гэта незаконная ўзброеная структура.

Лукашэнка казаў, што яны могуць служыць інструктарамі ў беларускім войску. Аднак заканадаўства не прадугледжвае магчымасьці службы ва Ўзброеных сілах Беларусі замежнікаў. Нарэшце, хто будзе плаціць вагнэраўцам? Калі яны будуць служыць тут інструктарамі, то выглядае, што аплачваць іх паслугі будзе беларускі бюджэт. Але ж вядома, што заробкі ў вагнэраўцаў вялізныя, і ці задаволяць іх тыя грошы, якія атрымліваюць беларускія афіцэры?

Яшчэ адно цікавае пытаньне: што за кантынгент прыбыў у Беларусь? Як вядома, пасьля мяцяжу Пуцін прапанаваў тры варыянты вырашэньня далейшага лёсу ПВК «Вагнэр». Альбо заключыць дамову зь Міністэрствам абароны РФ і служыць у звычайным расейскім войску, альбо звольніцца і ісьці дахаты, альбо перадысьлякавацца ў Беларусь. Атрымоўваецца, што сюды прыехалі тыя, хто не захацеў служыць у расейскім войску пад началам цяперашняга палітычнага і ваеннага кіраўніцтва РФ, супраць якога яны ладзілі мяцеж. То бок гэта людзі, найбольш неляяльныя Крамлю, матываваныя мяцежнікі. Куды, у які бок яны вырашаць ісьці ў недалёкай будучыні, ніхто ня ведае. Вайсковы лягер у вёсцы Цэль можа стаць нейкім махноўскім Гуляйполем. Ці «траянскім канём» для рэжыму Лукашэнкі.

Тое, што спрабуе тлумачыць Міністэрства абароны Беларусі, выглядае як нязграбны і танны піяр. Маўляў, з кіраўніцтвам расейскай ПВК «Вагнэр» выпрацавалі «дарожную мапу» дзеля «падрыхтоўкі і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных войскаў» на бліжэйшую пэрспэктыву. Нібыта вагнэраўцы ўжо пачалі заняткі з падразьдзяленьнямі тэрытарыяльных войскаў. Але для таго, каб навучыць прызваных з запасу ў тэрытарыяльную абарону людзей зараджаць аўтамат і страляць зь яго, спэцы з «Вагнэра» не патрэбныя. З такой простай задачай справіцца любы беларускі афіцэр.

Гэтая тлумачалка Мінабароны выглядае як імкненьне ўладаў неяк апраўдацца за зьяўленьне тут небясьпечнага вайсковага анкляву. Бо, мякка кажучы, вялікага захапленьня сярод насельніцтва гэтыя госьці не выклікаюць.

Выглядае, што для Лукашэнкі ПВК «Вагнэр» на беларускай тэрыторыі — як чамадан бяз ручкі: і несьці цяжка, і кінуць немагчыма, бо гэта — частка дамовы з Пуціным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG