Расейскія вайскоўцы ў ноч на 6 ліпеня нанесьлі ракетны ўдар па Львове, трапілі ў жылы дом, паведаміў мэр Львова Андрэй Садавы.
Кіраўнік абласной адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што гаворка ідзе пра шматкватэрны дом. Улады Львова абвясьцілі двухдзённую жалобу ў памяць пра загінулых у выніку ракетнай атакі Расеі на горад.
Ратавальнікі працягваюць разьбіраць завалы, пад якімі яшчэ могуць быць людзі. Улады заявілі, што работы будуць працягвацца «да апошняй надзеі».
На гэты момант вядома, што ў выніку расейскага ракетнага абстрэлу Львова загінулі 5 цывільных і 13 з раненьнямі і траўмамі шпіталізаваныя.
У камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ракеты Расея запускала з паветра і з мора, і першапачаткова яны накіроўваліся на Кіеў і Кіеўскую вобласьць, а потым зьмянілі рух на Львоў і Львоўскую вобласьць. Супрацьпаветраныя сродкі змаглі зьбіць 7 з 10 расейскіх ракет.
Улады Львоўскай вобласьці паведамілі, што ад абстрэлу ёсьць пашкоджаньні ў дзьвюх вёсках у Львоўскім і Золачаўскім раёнах. Там, паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.
Відэа з разбурэньнямі ў выніку ракетнага ўдару публікуе тэлеграм-канал прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
- У ноч на 6 ліпеня расейскія вайскоўцы нанесьлі ракетны ўдар па тэрыторыі Ўкраіны. Паведамляецца аб пусках ракет «Калібр» з акваторыі Чорнага мора.
- Паветраная трывога гучала па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, за выключэньнем Данецкай вобласьці. Падчас атакі ў многіх рэгіёнах працавала СПА.
- У Львове некалькі разоў раздаваліся выбухі.
Міністэрства абароны Расеі чарговы раз назвала свае начныя ўдары пасьпяховымі, паколькі яны наносіліся «высокадакладнай зброяй» па пунктах «часовай дысьлякацыі Ўзброеных сіл Украіны і іншаземных наймітаў», мэта дасягнутая, а «стратэгічным рэзэрвам праціўніка нанесеная істотная шкода».
Пазьней міністар культуры і інфармацыйнай палітыкі Ўкраіны Аляксандар Ткачэнка паведаміў, што Расея нанесла ракетны ўдар па гістарычным арэале — буфэрнай зоне аб’екту Ўсясьветнай спадчыны UNESCO «Львоў — ансамбль гістарычнага цэнтру».
Паводле яго, комплекс з 17 жылых будынкаў, разьмешчаны па вуліцы Стрыйскай на скрыжаваньні з вуліцай Акадэміка Сахарава, мае статус помніка архітэктуры мясцовага значэньня, а будынкі жыльлёвага комплексу для выкладчыкаў Львоўскай палітэхнікі 1930-х гадоў уключаныя ў Дзяржаўны рэестар нерухомых помнікаў Украіны.
«Тэрмінова афіцыйна паведамляем UNESCO пра гэта і, як заўсёды, чакаем дзеяньняў большых, чым проста занепакоенасьць», — напісаў Аляксандар Ткачэнка ў сваім тэлеграм-канале.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.