Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прызнала «мяккую анэксію» Беларусі Расеяй


Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі АБСЭ
Ілюстрацыйнае фота. Сьцягі АБСЭ

Па выніках 30-й штогадовай сэсіі, якай праходзіла ў Ванкувэры, Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла дэклярацыю, у якой сярод іншага згадваецца і Беларусь.

У выніковай дэклярацыі краіны АБСЭ зноў асуджаюць уварваньне Расеі ва Ўкраіну і «ганебную ролю Беларусі як суагрэсара» ў гэтым уварваньні і зазначаюць, што Беларусь «усё больш набліжаецца да статусу актыўнага боку вайны». Парлямэнтары таксама выказваюць занепакоенасьць заявамі Расеі аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі.

Таксама ў дэклярацыі асуджаюць рэжым Лукашэнкі за падтрымку і дазвол будаўніцтва вайсковай базы ў Беларусі для ПВК «Вагнэр».

У дэклярацыі адзначаецца, што «гвалтоўна імпэрскі і каляніяльны характар» дзяржавы Расеі праяўляецца ня толькі ў вайне супраць Украіны і парушэньні правоў чалавека і законаў сувэрэнных дзяржаваў, але і «ў яе мяккай анэксіі Беларусі, акупацыі тэрыторыі Грузіі і падтрымцы сэпаратызму ў Малдове».

Дакумэнт асуджае прымусовы вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны і патрабуе прыцягнуць да адказнасьці расейскіх чыноўнікаў, датычных да гэтага, а таксама «прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якія таксама ўцягнутыя ў гэтыя практыкі».

Таксама ў ПАРЭ АБСЭ выказалі занепакоенасьць захаваньнем у Беларусі «практыкі інструмэнталізацыі нелегальнай міграцыі як гібрыднага інструмэнту супраць суседніх краін».

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ патрабуе ад Беларусі спыніць падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі, спыніць рэпрэсіі ўнутры краіны і катаваньні, вызваліць усіх палітвязьняў, а таксама адмяніць сьмяротнае пакараньне.

Асобную рэзалюцыю прынялі па апаганеньні польскіх магіл у Беларусі. ПА АБСЭ заяўляе, што наўмыснае зьнішчэньне культурных аб’ектаў можна прыраўняць да расавай, рэлігійнай ці культурнай нянавісьці, і просіць неадкладна спыніць апаганеньне польскіх магіл, аднавіць усе разбураныя абʼекты і правесьці расьсьледаваньні інцыдэнтаў.

Таксама ў дакумэнце ёсьць асобная рэзалюцыя аб падтрымцы дэмакратычнай Беларусі. У ёй парлямэнтары асуджаюць беспрэцэдэнтныя маштабы і рост колькасьці палітычных арыштаў і фіктыўных судоў у Беларусі, заклікаюць да вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

ПА АБСЭ прызнала ПВК «Вагнэра» тэрарыстычнай арганізацыяй

У рэзалюцыі гаворыцца, што дзеяньні «Групы Вагнэра» ад імя расейскага ўраду можна ахарактарызаваць як тэрарыстычныя, таму краіны-ўдзельніцы АБСЭ павінны прыняць меры супраць «Групы Вагнэра» і яе афіляваных структур і пераемнікаў, у тым ліку шляхам прызнаньня іх тэрарыстычнай арганізацыяй.

Дэпутатка Яўгенія Краўчук, якая ўваходзіць у склад украінскай дэлегацыі, адзначыла ў Facebook, што ў афіцыйным дакумэнце міжнароднай арганізацыі ўпершыню замацаваная фармулёўка з заклікам да «дзяржаваў-удзельніц умацоўваць міжнародныя нормы, якія выразна прызнаюць: тэрарыстычны характар групы Вагнэра» і яе дзеяньняў; адказнасьць Расеі як дзяржавы-спонсара гэтай тэрарыстычнай арганізацыі.

Эўрапарлямэнт і шэраг эўрапейскіх дзяржаў ужо прызналі Расею дзяржавай — спонсарам тэрарызму. У сваю чаргу, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, у якой Расея названая тэрарыстычным рэжымам.

  • 27 чэрвеня Лукашэнка расказаў, што найміты ПВК «Вагнэр» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі і што ім прапанавалі «закінутую вайсковую частку».
  • 27 чэрвеня некалькі беларускіх СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну. Зьвесткі пра тое, што ў лягеры могуць разьмясьціцца баевікі ПВК «Вагнэр», пашырылі СМІ.
  • Радыё Свабода атрымала сьвежыя спадарожнікавыя здымкі, на іх відаць, што каля вёскі Цэль пабудаваны намётавы лягер, на тэрыторыі якога заўважана каля 300 намётаў, кожны зь іх можа зьмясьціць некалькі дзясяткаў чалавек.
  • 2 ліпеня адзін з тэлеграм-каналаў, зьвязаных з кіраўніком ПВК «Вагнэр», паведаміў, што праца рэгіянальных цэнтраў кампаніі ў Расеі прыпыняецца ў сувязі зь пераездам у Беларусь.
  • Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад крыніц сярод мясцовых жыхароў, па стане на вечар 3 ліпеня намётавы лягер яшчэ ня быў заселены.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG