Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль ніхто не прыехаў». Што ў вёсцы Цэль гавораць пра будаўніцтва на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі


Намёты на тэрыторыі палявога лягера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 году
Намёты на тэрыторыі палявога лягера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 году

Свабода паразмаўляла зь мясцовымі жыхарамі. Прадстаўнікі сельскай адміністрацыі сваю датычнасьць да намётавага лягеру катэгарычна адмаўляюць.

У вёсцы Цэль, побач зь якой разгарнулі вайсковы палявы лягер, жыве больш за 1400 чалавек. Па падліках маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», лягер на тэрыторыі былой вайсковай часткі побач зь вёскай можа зьмясьціць больш за 8 тысяч вайскоўцаў. У выпадку, калі баевікі групы «Вагнэр» сапраўды пераедуць на тэрыторыю Асіповіцкага раёну, іх колькасьць можа перавысіць колькасьць жыхароў Цэлі ў некалькі разоў. Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад мясцовых жыхароў, актыўнасьць будаўнікоў на тэрыторыі намётавага лягера працягваецца.

«Да Цэлі не пад’ехаць. Нагналі службаў розных — камунальнікаў, водаканал і іншых. Кажуць, што з тых казармаў (у савецкі час і ў першыя гады незалежнасьці на тэрыторыі ракетнай вайсковай часткі ля Цэлі разьмяшчалася каля 1500 вайскоўцаў. — РС) калісьці нават трубы пазразалі. Цяпер яны ўсё там аднаўляюць», — расказаў суразмоўца.

Кіраўнік Пратасевіцкага сельскага савету, да якога тэрытарыяльна адносіцца вёска Цэль, у размове са Свабодай удзел мясцовых уладаў у будаўнічых работах катэгарычна адмовіў.

«Я там ніякага будаўніцтва не вяду. Усё, да пабачэньня», — сказаў ён. Падобныя адказы Свабода атрымала і ў іншых афіцыйных установах у самой Цэлі. Суразмоўцы зьмяняюць тон голасу, як толькі чуюць пытаньне аб сытуацыі вакол былой вайсковай часткі і амаль адразу спыняюць размову.

«Нічым не магу вам дапамагчы», — тройчы паўтарылі на пытаньне аб магчымым засяленьні намётавага лягера ў Цэлі у вясковым паштовым аддзяленьні.

Паводле інфармацыі Свабоды, атрыманай ад крыніц сярод мясцовых жыхароў, па стане на вечар 3 ліпеня намётавы лягер яшчэ ня быў заселены. «Пакуль ніхто не прыехаў. І ходзяць чуткі, што ў выніку ніхто і не прыедзе», — расказала крыніца.

Мінабароны Беларусі на запыт Свабоды аб мэтах будаўніцтва на тэрыторыі былой вайсковай часткі ў Цэлі пакуль не адказала. Няма інфармацыі аб ім і на афіцыйных старонках ведамства, дзе ў свой час актыўна асьвятлаўся прыезд у Беларусь мабілізаваных увосень расейскіх вайскоўцаў.

Агульны выгляд вайсковай часткі і намётавага лягера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 году
Агульны выгляд вайсковай часткі і намётавага лягера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 году

Храналёгія падзей

24 чэрвеня ў Расеі адбыўся ўзброены мяцеж баевікоў ПВК «Вагнэр» пад кіраўніцтвам Яўгенія Прыгожына. Увечары таго ж дня Прыгожын заявіў, што найміты вяртаюцца ў «палявыя лягеры», а арганізаваны ім «марш справядлівасьці» скончаны. Тады ж прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што «Прыгожын пойдзе ў Беларусь». Пра гэта заявіў і Лукашэнка, які, па ягоных словах, асабіста вёў перамовы з Прыгожыным.

27 чэрвеня раніцай у Беларусь прылятаў самалёт кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Рэгістрацыйны нумар бізнэс-джэта RA-02795. Праз 18 хвілінаў у Мачулішчах сеў самалёт яшчэ адзін бізнэс-джэт, RA-02878 з Санкт-Пецярбургу.

У 22:39 Embraer Legacy 600 (рэг. нумар RA-02795) узьляцеў з вайсковага аэрадрома Мачулішчы і накіраваўся ў бок Расеі, паведаміў «Беларускі Гаюн». Самалёт прабыў у Мачулішчах каля 15 гадзін. Усьлед за ім з Мачулішчаў вылецеў і другі бізнэс-джэт (RA-02878), які прыляцеў з Санкт-Пецярбургу.

27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр». Паводле Reuters, бізнэс-джэт RA-02795 унесены ЗША ў санкцыйны сьпіс як зьвязаны з Прыгожыным.

26 чэрвеня, пасьля амаль двух дзён маўчаньня, прэс-служба Прыгожына апублікавала яго новы зварот. У ім кіраўнік ПВК «Вагнэр» заявіў, што «Лукашэнка прапанаваў варыянт працягу працы ПВК у законнай юрысдыкцыі». Ён нічога не паведаміў пра сваю будучыню, а таксама не прывёў дэталяў перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Першага ліпеня самалёт Прыгожына зноў прылятаў у Беларусь, ён прызямліўся на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Праз 7 з паловай гадзін самалёт вылецеў зь Беларусі, паведамляла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». Ці быў Прыгожын на борце самалёта ў абодвух гэтых выпадках, невядома.

Як разьвівалася сытуацыя зь меркаваным лягерам вагнэраўцаў у Беларусі

27 чэрвеня Лукашэнка расказаў, што найміты ПВК «Вагнэр» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі. Таксама ён сказаў, што ім прапанавалі «закінутую вайсковую частку».

«Калі іх камандзіры прыедуць да нас і дапамогуць нам... Досьвед. Слухай, яны на перадавой, штурмавыя атрады. Раскажуць нам, што зараз важна. Вось мне Пуцін апошнім разам сказаў: контрабатарэйная барацьба, бяз гэтага немагчыма. Бесьпілётнікі. Яны праз гэта прайшлі. Яны раскажуць пра зброю: якая добра працавала, якая не. І тактыка, і ўзбраеньне, і як наступаць, як абараняцца. Гэта неацэнна. Вось гэта нам ад вагнэраўцаў трэба ўзяць», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным. Яго цытуе БелТА.

27 чэрвеня некалькі беларускіх СМІ паведамілі пра рамонт былой вайсковай часткі ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну, якая знаходзіцца прыкладна за 90 кілямэтраў ад Менску. Журналісты спасылаліся на размовы зь мясцовымі жыхарамі, занепакоенымі магчымым зьяўленьнем вагнэраўцаў побач з Асіповічамі. Зьвесткі пра тое, што там могуць разьмясьціцца баевікі ПВК «Вагнэр», пашырылі таксама расейскія СМІ.

30 чэрвеня Свабода атрымала сьвежыя спадарожнікавыя здымкі, на іх відаць, што каля вёскі Цэль пабудаваны намётавы лягер. На яго тэрыторыі заўважана каля 300 намётаў, кожны зь якіх можа зьмясьціць некалькі дзясяткаў чалавек.

Другога ліпеня адзін з тэлеграм-каналаў, зьвязаных з кіраўніком ПВК «Вагнэр», паведаміў, што праца рэгіянальных цэнтраў кампаніі ў Расеі прыпыняецца ў сувязі зь пераездам у Беларусь.

Трэцяга ліпеня тэлеграм-канал «Популярная политика» апублікаваў здымкі намётавага лягеру знутры. На іх відаць, што вайсковы лягер добраўпарадкуюць, у намётах ставяць драўляныя нары.

Рэакцыя суседніх краінаў

Польскі ўрад вырашыў умацаваць мяжу на фоне размоваў аб прыбыцьці ў Беларусь байцоў расейскай ПВК «Вагнэр».

Віцэ-міністар польскага МУС Мацей Вонсік заявіў, што ў сувязі з самітам NATO, які пройдзе ў Вільні 11 і 12 ліпеня, група «Вагнэр» можа арганізоўваць правакацыі.

«Магчыма, што ўся гэтая сытуацыя зь перамяшчэньнем наймітаў з групы „Вагнэр“ у Беларусь можа быць таксама гульнёй Пуціна і Лукашэнкі перад самітам NATO ў Вільні. Варта памятаць, што вагнэраўцаў больш, чым жаўнераў літоўскай арміі — гэта адзін аспэкт. Зразумела, краіны NATO бясьпечныя, але могуць адбывацца рознага роду правакацыі. Другі бок (Расея і Беларусь. — Рэд.) вядомыя тым, што пастаянна шукаюць любых нагодаў для дэстабілізацыі Захаду», — цытуе Вонсіка Polskie Radio.

Польшча адправіць на ўмацаваньне мяжы з Беларусьсю дадаткова 500 паліцыянтаў, паліцэйскі верталёт, вадамёты і бронетранспартэр. Іх ужо выкарыстоўвалі ў разгар мігранцкага крызісу.

Паўстаньне наймітаў ПВК «Вагнэр» у Расеі ў чэрвені выклікала глыбокую занепакоенасьць у Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы, асабліва пасьля таго, калі лідэру групоўкі Яўгенію Прыгожыну дазволілі схавацца ў Беларусі.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа раней заявіў, што суседнія краіны сутыкнуцца з падвышанай небясьпекай, калі група «Вагнэр» разьмесьціць сваіх «сэрыйных забойцаў» непасрэдна ля іх межаў.

Літва хоча пастаяннай прысутнасьці NATO на сваёй тэрыторыі. На мінулым тыдні Нямеччына дала зразумець, што будзе гатовая разьмясьціць там сваіх вайскоўцаў, калі яе папросяць. Аднак на гэты момант NATO ня бачыць непасрэднай пагрозы з боку Беларусі:

«Мы валодаем сытуацыяй, і цяпер мы ня бачым ніякіх зьменаў», — заявіў журналістам прадстаўнік альянсу генэрал-маёр Мэт’ю Ван Вагенэн.

Украіна ўмацуе мяжу зь Беларусьсю пасьля перакідваньня на тэрыторыю гэтай краіны байцоў ПВК «Вагнэр». Пра гэта паведаміў у пятніцу, 30 чэрвеня, украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі па выніках нарады з кіраўнікамі сілавых ведамстваў Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG