Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы мэханізм». Кавалеўскі пра групу «ЭЗ — Беларусь», сустрэчу з Падаляком і дзейнасьць дыпляматаў афіцыйнага Менску


Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі, дыялёг "Эўразьвяз — дэмакратычная Беларусь". Каляж
Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі, дыялёг "Эўразьвяз — дэмакратычная Беларусь". Каляж

Куды пасунулі дыпляматаў афіцыйнага Менску? Што набліжае створаная кансультатыўная група Эўразьвяз — Беларусь?

Намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, прадстаўнік кабінэту ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі расказвае пра пэрспэктывы дыялёгу Эўразьвяз — дэмакратычная Беларусь, пра стратэгічны дыялёг дэмсілаў з ЗША і пра паляпшэньне кантактаў дэмсілаў з Кіевам.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

З кім цяпер заходнія лідэры вырашаюць беларускія пытаньні

— Кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Жузэп Бурэль заснаваў кансультатыўную групу Эўразьвяз — Беларусь. У чацьвер у Брусэлі адбылося першае паседжаньне групы з удзелам Бурэля, Ціханоўскай, прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Офісу Ціханоўскай, каманды Бабарыкі, праваабаронцаў, СМІ, культурных ініцыятываў. Як удзельнік сустрэчы патлумачце, што дае стварэньне такой групы і якія пэрспэктывы яе працы?

— Мы ствараем сталы мэханізм для працы над двухбаковым парадкам дня паміж дэмакратычнай Беларусьсю і Эўразьвязам. Мы можам гаварыць пра інстытуцыяналізацыю нашых адносінаў, як гэта было зроблена ўжо ў Радзе Эўропы, дзе ў мінулым верасьні была створаная кантактная група па адносінах зь Беларусьсю. Цяпер гэта ўжо Эўразьвяз. Для нас вельмі важная магчымасьць, каб мы сыстэмна працавалі над праблемамі, зь якімі сёньня сутыкаецца беларуская дэмакратычная супольнасьць, беларускі народ. Гэта тыя пагрозы, якія стаяць перад Беларусьсю, найперш наша незалежнасьць, сувэрэнітэт. Гэтая праца будзе весьціся стала, яна будзе сыстэмнай і мусіць быць вельмі практычнай. Пасьля першай сустрэчы будзем працаваць па пэўных кірунках, будуць праходзіць кансультацыі, магчыма, будуць стварацца спэцыяльныя працоўныя групы для таго, каб і эўрапейцы, і беларусы стала займаліся нашай праблематыкай.

— Раней былі кантакты афіцыйных уладаў Беларусі і з Радай Эўропы, і з Эўразьвязам, нягледзячы на тое, што Беларусь не была сябрам Рады Эўропы і Эўразьвязу. Цяпер гэтых кантактаў практычна няма. Ці можна сказаць, што вы замясьцілі, занялі гэтае месца асноўных перагаворнікаў ад імя Беларусі?

— Што тычыцца Рады Эўропы, то там цалкам спаленыя любыя кантакты, ня тое што нават супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі. З ЭЗ дыпляматычныя адносіны падтрымліваюцца, працягвае дзейнічаць дэлегацыя ЭЗ у Менску, у Брусэлі працуе амбасада Лукашэнкі, то бок дыпляматычныя каналы адкрытыя. Імі карыстаюцца для таго, каб лепей разумець сытуацыю ў самой Беларусі, каб абменьвацца нейкімі пытаньнямі, праблемамі, але менавіта па дыпляматычных, не палітычных каналах.

Якая герархія беларускіх структураў за мяжой

— Ёсьць офісы дэмакратычных сілаў у розных краінах ЭЗ, а таксама пры эўрапейскіх структурах, ёсьць кантактная група ў Радзе Эўропы, ёсьць беларускія групы ў парлямэнтах краінаў ЭЗ, цяпер кансультатыўная група Эўразьвяз-Беларусь. Давайце сыстэматызуем, зробім герархію гэтых беларускіх структураў — якія ў каго паўнамоцтвы, магчымасьці?

— Найперш трэба гаварыць аб прадстаўніцтвах дэмакратычных сілаў Беларусі за мяжой. Частка зь іх працуе з Кабінэтам (офісы ў Кіеве і ў Брусэлі), частка з Офісам Ціханоўскай (прадстаўніцтвы ў Празе і Таліне). Гэта такія, можна сказаць, амбасады, тыя месцы, дзе беларускі палітычны парадак дня падымаецца перад нацыянальнымі ўрадамі тых дзяржаваў, дзе яны знаходзяцца (у выпадку з Брусэлем гэта найперш эўрапейскія структуры), для таго каб знаходзіць варыянты рашэньня праблем, зь якімі сутыкаецца Беларусь.

Кантактная група ў Радзе Эўропы — зусім іншы мэханізм. Гэта адносіны паміж Радай Эўропы і дэмакратычнай супольнасьцю Беларусі. Зь беларускага боку туды ўваходзяць прадстаўнікі палітычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці. Там мы вядзем больш тэматычныя размовы пра тое, што можна зрабіць з доступам да экспэртызы, да ведаў, да досьведу Рады Эўропы, дзеля таго каб дапамагчы Беларусі падрыхтавацца да дэмакратычнага ладу, да пераходу да дэмакратычнай мадэлі ў Беларусі.

Парлямэнцкія групы ў парлямэнтах шэрагу краінаў — на сёньня ў 18 краінах дзейнічаюць групы сяброўства з дэмакратычнай Беларусьсю. Яны нацэленыя на тое, каб мабілізаваць патэнцыял менавіта заканадаўцаў у замежных краінах для таго, каб яны праз свае каналы ўплывалі на палітыку выканаўчай улады, фармавалі новыя рэкамэндацыі для выканаўчай улады па палітыцы датычна Беларусі.

І самы новы мэханізм, які сёньня зьявіўся, — гэта кансультатыўная група з Эўразьвязам, дзе мы будзем разглядаць праблемы двухбаковых адносінаў, рыхтавацца да пераходнага пэрыяду, думаць пра тое, якія рэформы павінны быць праведзеныя ў Беларусі на пачатковым этапе, калі Беларусь ужо стане дэмакратычнай дзяржавай.

Такія самыя мэты будуць і ў Стратэгічнага дыялёгу ЗША з дэмакратычнай Беларусьсю. Гэта такая двухбаковая камісія, якая будзе працаваць над парадкам дня адносінаў ЗША і дэмакратычнай Беларусі.

Куды пасунулі дыпляматаў Лукашэнкі

— Дэмакратычныя сілы трэці год пасьпяхова замяшчаюць афіцыйныя ўлады на міжнароднай арэне. Чым займаюцца дыпляматы рэжыму Лукашэнкі? На якім узроўні яны працуюць? Перамовы пра што зь імі вядуцца?

— Такія дыпляматычныя кантакты падтрымліваюцца. Паводле нашай інфармацыі, гэты кантакт захоўваецца. Гэта абмен інфармацыяй, рэакцыя на пэўныя падзеі, могуць быць і сустрэчы ў МЗС-ах краін, дзе знаходзяцца амбасады Лукашэнкі. Яны могуць уздымаць нейкія праблемы. Ёсьць прамы кантакт з МЗС Беларусі. Нам вядома, што ў гэтых кантактах, у гэтых адносінах вельмі малая глыбіня. Там няма куды заглыбляцца, няма чаго распрацоўваць, цалкам спынілася дапамога ад ЭЗ дзяржаве, лукашэнкаўскаму рэжыму. З боку ЗША таксама больш няма ніякай дапамогі для іх, не рэалізуюцца ніякія праграмы і праекты.

Ёсьць прадстаўніцтвы Лукашэнкі ў міжнародных арганізацыях — у АБСЭ і ААН, і там вядзецца больш пашыраная праца. Яна менш палітычная, больш тэматычная па тых пытаньнях, якія тычацца глябальнага парадку дня. Такая дзейнасьць захоўваецца ў меншых памерах, зь меншымі амбіцыямі, але яна захоўваецца. І наша задача — зрабіць усё, каб голас Лукашэнкі на міжнароднай арэне, у міжнародных арганізацыях таксама ня быў манапольны.

— Было некалькі выпадкаў, калі на міжнародных самітах вы сустракаліся з дыпляматамі афіцыйнага Менску. Якая звычайна іх рэакцыя, калі вы вітаецеся ці спрабуеце пагаварыць?

— Іх гэта вельмі нэрвуе. Такія спробы з нашага боку былі, але яны нічым не канчаліся. Зь іх боку ёсьць страх, няўпэўненасьць, трывога за тое, што цяпер яны не адны, хто гаворыць ад імя Беларусі. Ёсьць інфармацыя пра тое, што ў мінулым годзе, калі Сьвятлана Ціханоўская была ў Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, за ёй літаральна «шпіёнілі» супрацоўнікі місіі Лукашэнкі ў Нью-Ёрку, але ніякага жаданьня ісьці на любы кантакт у іх няма. Падкрэсьлю са свайго боку, што мы гатовыя да дыялёгу, каб супольна знаходзіць нейкія магчымыя варыянты для вырашэньня сытуацыі ў Беларусі, але той бок на сёньняшні дзень выглядае абсалютна не гатовым.

Як паляпшаецца супрацоўніцтва з афіцыйным Кіевам

— Апошнія месяцы паціху мяняецца рыторыка афіцыйнага Кіева што да Беларусі. 29 чэрвеня Ўладзімір Зяленскі, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, заявіў, што перамога ўкраінскага войска над расейскім будзе азначаць «свабоду і спакой для Беларусі». Два тыдні таму вы былі ў Кіеве, сустракаліся з дарадцам офісу прэзыдэнта Міхаілам Падаляком. Ці можна гаварыць пра імавернае паляпшэньне кантактаў дэмакратычных сілаў з Кіевам, пра тое, што там усё менш асьцерагаюцца дражніць Лукашэнку?

— Так, сапраўды можна казаць, што ёсьць пэўныя пазытыўныя зрухі ў нашым дыялёгу з афіцыйным Кіевам. Мая сустрэча зь Міхаілам Падаляком пацьвердзіла такі трэнд. Міхаіл Падаляк мне наўпрост сказаў, што Ўкраіна прызнае дэмакратычныя сілы Беларусі, што «вы для нас легітымныя», што «мы мусім думаць пра тое, каб вас больш падтрымліваць на шляху да вызваленьня Беларусі ад дыктатуры і ад расейскай вайсковай прысутнасьці». Так, гэты трэнд ёсьць. Мы бачым, што прэзыдэнт Зяленскі робіць ужо ня першую заяву, у якой выказваецца камплімэнтарна пра Беларусь, беларускі народ, пра нашу барацьбу, пра нашу будучыню як дэмакратычнай вольнай краіны. І яго выступ у Вярхоўнай Радзе 29 чэрвеня — якраз працяг гэтага трэнду.

Думаю, што нам трэба будзе зрабіць значна больш для таго, каб зрабіць нашы адносіны насычанымі, вывесьці іх на годны палітычны ўзровень. Праца над гэтым вядзецца, і я думаю, што найбліжэйшым часам у нас будуць новыя ініцыятывы, новыя практычныя крокі, якія мы будзем таксама каардынаваць з украінскім бокам, рабіць так, каб было абсалютна заўважна, што мы рухаемся ў адным кірунку разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG