Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адрэгаваў на скіраваньне вагнэраўцаў у Беларусь і расказаў, што будзе азначаць украінская перамога для беларусаў

Прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнтаў Польшчы, Украіны і Літвы ў Кіеве, 28 чэрвеня 2023
Прэсавая канфэрэнцыя прэзыдэнтаў Польшчы, Украіны і Літвы ў Кіеве, 28 чэрвеня 2023

«Украінская перамога — гэта свабода і спакой для Беларусі».

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскае войска ў баявых дзеяньнях на ўсходзе краіны зьнішчыла большую частку вагнэраўцаў, таму малаімаверна, што шмат іх будзе ў Беларусі.

«Вагнэраўцы ёсьць на ўсёй акупаванай тэрыторыі Ўкраіны. Яны былі ў Луганскай вобласьці. Шмат зь іх зьнішчылі нашы Ўзброеныя сілы. Больш за 20 тысяч зь іх зьнішчылі. Таму тая колькасьць, якая пайшла, скажам так, у пазытыўным сэнсе, пайшла на Маскву, яе ў параўнаньні з тым, колькі іх было ў нас, параўноўваць нельга», — сказаў Уладзімір Зяленскі ўвечары 28 чэрвеня на супольнай прэсавай канфэрэнцыі з прэзыдэнтамі Польшчы і Літвы Анджэем Дудам і Гітанасам Наўседам.

«Таму я не магу сказаць, наколькі яны камусьці могуць пагражаць на тэрыторыі Беларусі, таму што лічу, што кантынгент гэты будзе ня вельмі вялікі», — дадаў украінскі прэзыдэнт.

Паводле яго, украінскае войска «лічыць, што сытуацыя на поўначы Ўкраіны нязьменная і кантраляваная».

Уладзімір Зяленскі перакананы, што новы расейскі паход ва Ўкраіну немагчымы. «Усё ж у нас моцная, сучасная армія. І не на словах», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

Перад сустрэчай у фармаце Люблінскага трыкутніка са сваімі калегамі з Польшчы і Літвы Ўладзімір Зяленскі выступаў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, дзе прадставіў «Украінскую дактрыну» і формулу міру. У гэтым выступе ён падкрэсьліў, што перамога ўкраінскага войска над расейскім будзе мець важнае значэньне ў рэгіёне.

«Украінская перамога — гэта гарантыі бясьпекі і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці для Малдовы. Украінская перамога — гэта гістарычны шанс для цэласнасьці Грузіі, і гэта мірны шанец. Украінская перамога — гэта новая сіла для ўсяго Паўднёвага Каўказу. Украінская перамога — гэта свабода і спакой для Беларусі. І больш таго, вызваленьне ад расейскай акупацыі Крыму і гарантаванае бясьпечнае Чорнае мора разам з паражэньнем рашызму дадуць неабходную энэргію, каб Балта-Чарнаморская вось запрацавала на ўзроўні сваіх рэальных бясьпекавых, эканамічных і культурных магчымасьцяў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, украінская перамога стане таксама гарантыяй бясьпекі для краін Цэнтральнай Азіі, Блізкага Ўсходу і Афрыкі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG