Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты даведаліся, што стала з расейскім кантрактнікам, якога п'яным затрымала міліцыя ў Івацэвічах

Затрыманы ў Івацэвічах расеец Аляксандар Быкаў (першы зьлева). 17 чэрвеня 2023 году. Фота: «Ганцавіцкі час».
Затрыманы ў Івацэвічах расеец Аляксандар Быкаў (першы зьлева). 17 чэрвеня 2023 году. Фота: «Ганцавіцкі час».

Затрыманага ў Івацэвічах за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане грамадзяніна Расеі Аляксандра Быкава аштрафавалі і адпусьцілі.

Zerkalo. io дазванілася ў Івацэвіцкі раённы аддзел унутраных справаў. Журналісты, прадставіўшыся сваякамі затрыманага Аляксандра Быкава, спыталіся пра яго лёс:

— Спрабуем знайсьці Аляксандра Леанідавіча Быкава, яго затрымалі ў вас у Івацэвічах 17 чэрвеня, ён не выходзіць на сувязь.

— Ён у вайсковай частцы тут, дзе і быў.

— Дык яго не затрымалі, назад вярнулі?

— Вядома. Прыехалі яго камандзіры, забралі і адвезьлі ў вайсковую частку. Усё нармальна, жывы-здаровы. Можаце жонцы яго патэлефанаваць, яна зьехала дадому.

— Яго ня будуць судзіць? Ён жа там п’яны быў.

— Не. Яго пакаралі штрафам, штраф жонка аплаціла, і ўсё.

— А вялікі штраф, не ведаеце?

— Не, — адказаў міліцыянт... — Не хвалюйцеся, усё нармальна.

У камэнтары да гэтага дыялёгу Zerkalo. io дадае, што ў Беларусі знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане падпадае пад ч. 1 артыкулу 19.3 КаАП і караецца штрафам да 8 базавых велічыняў.

Кіраваньне аўтамабілем у стане алькагольнага ап’яненьня — гэта ўжо крымінальная адказнасьць. Па артыкуле 317-1 КК за гэта можна атрымаць папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваньне волі са штрафам, або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

Таксама, як відаць з апублікаванага ў Ютубе відэа, Аляксандар Быкаў нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы. Жанчына, якая была з кампаніяй, таксама мацюкалася ў бок супрацоўнікаў АМАПу і ДАІ, а яшчэ размахвала рукамі. Часта ў пратаколах, якія складаюць на беларусаў, затрыманых з палітычных матываў, указваюць, што яны нецэнзурна лаяліся пры міліцыі. Пасьля гэтага людзей адпраўляюць на «суткі» па артыкуле 19.1 КаАП за хуліганства.

  • Увечары 17 чэрвеня ў Івацэвічах міліцыя затрымала кампанію нецьвярозых расейцаў на машыне з сымбалем Z. Адзін з мужчын, як высьветлілася, — расейскі вайсковец Аляксандар Быкаў. У Беларусі ён знаходзіцца па службе ў падразьдзяленьні, якое ўваходзіць у рэгіянальную беларуска-расейскую групоўку войскаў.
  • Як пазьней высьветлілася, кампанію затрымалі за п'яную язду і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Працэс затрыманьня быў зьняты відавочцам, на ім расейцы гавораць гучна і неаднаразова нецэнзурна.
  • Адзін з расейцаў, затрыманых суботнім вечарам каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Івацэвічаў, прадставіўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым. Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбургу. 28 красавіка 2023 году Аляксандар Быкаў падпісаў кантракт на два гады з расейскім Міністэрствам абароны.
Выпіска з загаду аб падпісаньні кантракту паміж Аляксандрам Быкавым і Міністэрствам абароны Расеі.
Выпіска з загаду аб падпісаньні кантракту паміж Аляксандрам Быкавым і Міністэрствам абароны Расеі.
  • Пасьля заключэньня кантракту радавога запасу Быкава залічылі стралком у 283 полк 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэтае злучэньне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй вайсковай акругі. 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія ўваходзіць у склад рэгіянальнай беларуска-расейскай групоўкі войскаў.
  • Падразьдзяленьне Аляксандра Быкава можа знаходзіцца непадалёк ад Івацэвіч, на Обуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне. Там пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну навучаюцца часткі расейскага кампанэнту рэгіянальнай групоўкі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG