Затрыманы ў Івацэвічах расеец Аляксандар Быкаў (першы зьлева). 17 чэрвеня 2023 году. Фота: «Ганцавіцкі час».
Адзін з затрыманых у Івацэвічах за кіраваньне аўтамабілем у нецьвярозым стане расейцаў можа быць вайскоўцам расейскага войска.
Партал «Зеркало» адшукаў у сацыяльных сетках вельмі падобнага чалавека з такім жа імем, імем па бацьку і прозьвішчам, якімі назваўся мужчына, што трапіў на відэа. На яго старонцы значыцца, што ў красавіку 2023 году ён заключыў кантракт з Міністэрствам абароны РФ тэрмінам на два гады. Падразьдзяленьне, у якім ён служыць, можа знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
Адзін з расейцаў, затрыманых суботнім вечарам каля аднаго з гандлёвых цэнтраў Івацэвічаў, прадставіўся Аляксандрам Леанідавічам Быкавым. Журналісты знайшлі ў сацсетках вонкава падобнага чалавека з такім імем, прозьвішчам і імем па бацьку.
Яму 41 год, ён з Санкт-Пецярбурга (дарэчы, аўтамабіль затрыманых, мяркуючы па нумарах, зарэгістраваны ў Ленінградскай вобласці).
28 красавіка 2023 года Аляксандр Быкаў падпісаў кантракт на два гады з расейскім Міністэрствам абароны.
Выпіска з загаду аб падпісаньні кантракту паміж Аляксандрам Быкавым і Міністэрствам абароны Расеі.
Пасьля гэтага радавога запасу Быкава залічылі стралком 283-га полк 144-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Гэта злучэньне ўваходзіць у склад 20-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Заходняй вайсковай акругі. 20-я гвардзейская агульнавайсковая армія ўваходзіць у склад рэгіянальнай беларуска-расейскай групоўкі войскаў.
Верагодна, піша «Зкркало», падразьдзяленьне Аляксандра Быкава знаходзіцца непадалёк ад Івацэвіч, на Обуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне. Там пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну навучаюцца часткі расейскага кампанэнту рэгіянальнай групоўкі.
Украіна мяркуе, што пасьля навучаньня на тэрыторыі Беларусі расейскія падразьдзяленьні вяртаюцца ў Расею і адтуль адпраўляюцца на вайну.
Сілавікі Беларусі паведамілі, што вечарам 17 чэрвеня ў Івацэвічах затрымалі дваіх нецьвярозых расейцаў, якія ехалі на аўто з літарай Z на шкле. Машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ. Расейцы не рэагавалі на папярэджаньні.