У дакумэнце Гансалеса Маралеса адзначаецца, што «становішча мігрантаў на беларуска-польскай мяжы служыць адлюстраваньнем геапалітычнага крызісу, які працягваецца ў рэгіёне». Аўтар «рашуча асудзіў выкарыстаньне мігрантаў у якасьці палітычнага інструмэнта ў парушэньне іх правоў чалавека».
Сярод іншага ён згадаў пра сьмерці сярод мігрантаў на беларуска-польскай мяжы. Кожны выпадак сьмерці павінен расьсьледавацца, улады дзьвюх краін павінны супрацоўнічаць, зазначыў Маралес.
Каб знайсьці рашэньні для гэтых мігрантаў, спэцдакладчык заклікае Беларусь, Польшчу і Эўразьвяз весьці «канструктыўны дыялёг». Беларусі і Польшчы ён рэкамэндуе зрабіць «усе разумныя захады засьцярогі для абароны жыцьця і прадухіленьня празьмернага прымяненьня сілы і ўзьнікненьня ўмоў, раўнасільных жорсткаму, бесчалавечнаму і прыніжальнаму для годнасьці абыходжаньню, а таксама супрацоўнічаць для выратаваньня жыцьцяў і прадухіленьня сьмерцяў і траўмаваньня мігрантаў у адпаведнасьці зь міжнародным правам».
Маралес выступіў за доступ мігрантаў да правасудзьдзя і сродкаў прававой абароны, прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці — за доступ у памежную зону.
На ягоную думку, Беларусі трэба стварыць «спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці праваабаронцаў і дазволіць ім выконваць свае законныя функцыі па заахвочваньні і абароне правоў чалавека, не асьцерагаючыся перасьледу, запалохваньня або рэпрэсій», гаворыцца ў дакладзе.
Гансалес Маралес рэкамэндаваў Беларусі супрацоўнічаць зь міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку ААН, для абароны правоў мігрантаў і тых, хто просіць прытулку.