Выведка Вялікай Брытаніі: Іран пастаўляе Расеі бесьпілётнікі праз Касьпійскае мора

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі дэманструе іранскі дрон-камікадзэ Shahed-136, якімі Расея абстрэльвае Ўкраіну. Кіеў, кастрычнік 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі дэманструе іранскі дрон-камікадзэ Shahed-136, якімі Расея абстрэльвае Ўкраіну. Кіеў, кастрычнік 2022

Расея, імаверна, перайшла да атрыманьня вялікіх партый іранскіх бесьпілётнікаў з Ірана праз Касьпійскае мора.

У выведцы Міністэрства Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Расея за апошні час адпрацавала забесьпячэньне доўгатэрміновых паставак бесьпілётнікаў з Ірану праз Касьпійскае мора.

«Пастаўляючы гэтую зброю, Іран працягвае парушаць рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН. Расея, імаверна, перайшла ад атрыманьня невялікіх партый іранскіх бесьпілётнікаў авіятранспартам да большых партый караблямі з Ірану праз Касьпійскае мора», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

Паводле вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі, вядзецца пра міжнародны транзытны транспартны калідор Поўнач — Поўдзень, які пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну набыў значна большае значэньне.

«Гэта дазваляе Расеі атрымаць доступ да азіяцкіх рынкаў, у тым ліку да пастаўкі зброі, спосабамі, якія, як яна спадзяецца, менш уразьлівыя да міжнародных санкцый», — мяркуюць у брытанскай выведцы.

У ЭАЭС кажуць, што гэта калідор для гандлю

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка, выступаючы на Эўразійскім кангрэсе ў Сочы (Расея) 9 чэрвеня заявіў, што пераадолець уплыў санкцый дапамагла «інтэграцыя» з Расеяй і ў рамках Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, а для далейшай інтэграцыі ў рамках Эўразійскай эканамічнай супольнасьці ключавым зьяўляецца стварэньне «транспартнага калідору Поўнач — Поўдзень, які стыкуецца з большасьцю эўразійскіх транспартных калідораў».

«Мы бачым, якое значэньне надае Расейская Фэдэрацыя гэтаму калідору, і ўсімі тымі краінамі, якія завязаныя ў гэты лягістычны ланцужок. Мы цалкам падтрымліваем гэтыя высілкі і лічым, што разьвіцьцё транспартна-лягістычнай інфраструктуры, арыентаванай на поўдзень і паўднёвы ўсход, спалучэньне існых чыгуначных шляхоў і аўтамабільных магістраляў — гэта фундамэнтальны кірунак нашай супольнай працы ў гэтай галіне. Мы не гаворым пра тое, што забываем калідор Захад — Усход. Не. Мы павінны збалянсаваць гэтыя калідоры і зрабіць іх даступнымі і выгаднымі для ўсіх краін супольнасьці», — патлумачыў ён.

У пачатку траўня сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат заявіў аб імавернасьці пераносу Іранам вытворчасьці сваіх бесьпілётнікаў у Беларусь, каб пазьбегнуць новых санкцый.

Кіеў і Захад абвінавачваюць Маскву ў выкарыстаньні іранскіх дронаў-камікадзэ Shahed для ўдараў па цывільных аб’ектах. Паводле зьвестак амэрыканскага боку, Тэгеран ужо перадаў сотні бесьпілётнікаў, якія Расея выкарыстала для ўдараў па цывільных аб’ектах, у тым ліку па энэргетычных. Расея гэтыя абвінавачаньні адхіляе.

Летась у лістападзе Іран упершыню прызнаў, што прадае бесьпілётнікі Расеі, але іранскія ўлады сьцьвярджалі, што яны адправілі абмежаваную партыю яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

​
XS
SM
MD
LG