Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шукаюць не на тым узроўні». Сьветлагорская актывістка называе  вінаватых у сьмерці рабочых на кардонным камбінаце


Алена Масьлюкова. Здарэньне на кардонным камбінаце. Каляж
Алена Масьлюкова. Здарэньне на кардонным камбінаце. Каляж

На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце загінулі рабочыя, як найменей трое. І гэта ня першая трагедыя. Што адбылося насамрэч, хто вінаваты і чаму шмат гадоў супраць прадпрыемства выступалі мясцовыя жыхары?

Госьця Свабоды Premium — праваабаронца «Вясны», ураджэнка Сьветлагорску Алена Масьлюкова, колішняя кіраўніца экалягічнай ініцыятыўнай групы, якая займалася праблемамі, зьвязанымі з будаўніцтвам і дзейнасьцю Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

Што вядома па-за афіцыйнай вэрсіяй

— Ёсьць інфармацыя, што загінулі 4 чалавекі. У чацьвер раніцай паведамілі, што сваякі шукаюць яшчэ аднаго маладога чалавека, які працаваў у гэты дзень на заводзе, але дадому дагэтуль не прыйшоў. Мяркуюць, што ён быў у цэху, дзе адбыўся выбух. Мясцовыя жыхары, якія працуюць на заводзе, казалі, што, на шчасьце, за пару дзён да здарэньня завод спынілі на прафіляктычныя рамонтныя працы, і таму пацярпелых значна меней, чым магло б быць. Калі б гэта адбылося падчас паўнавартаснай працы заводу, то, напэўна, ахвяры б лічылі дзясяткамі.

Якая магла быць прычына выбуху

— Пакуль невядома, але афіцыйныя СМІ і крыніцы гавораць пра магчымыя дапушчаныя тэхналягічныя хібы ў выкананьні працаў. З такімі фармулёўкамі сутыкаліся і калі першае здарэньне адбылося. Тады вінаватыя былі зваршчыкі, а ня гэты завод, пабудаваны зь вялікімі парушэньнямі. Калі адбыўся выбух другі раз і зноў загінуў чалавек, таксама былі падобныя фармулёўкі. Трагедый на гэтым заводзе было шмат. Калі ў 2012 пачалі будаўніцтва заводу, людзі, якія мелі дачыненьне да будаўніцтва ці маглі наведваць тэрыторыю заводу, казалі, што там загінула нямала і саміх кітайскіх рабочых.

Пра маўчаньне рабочых праз падпіскі аб неразгалошваньні

— Калі завод пачаў працаваць, мы неаднойчы зьвярталі ўвагу на тое, што адбываліся нейкія паломкі, і людзі таксама атрымлівалі фізычныя пашкоджаньні. Але рабочыя пра гэта маўчалі, таму што зь іх бралі падпіску аб неразгалошваньні. Пасьля выбуху, калі загінуў зваршчык Аляксей Сасноўскі, у яго было 95% апёкаў скуры, я размаўляла зь яго маці ў той дзень, калі яго даставілі ў шпіталь. І маці казала: колькі ж можна цярпець, колькі ж яны будуць усё хаваць? Але людзі баяліся, трымаліся за працу. Колькі яшчэ жыцьцяў беларусы павінны аддаць гэтаму заводу? Гэта пытаньне.

Пра мясцовую экалягічную грамадзкую ініцыятыву

— Як толькі мы даведаліся, што будаўніцтва будзе менавіта ў Салігорску, за месяц сабралі 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва гэтага заводу. Да збору подпісаў спрычыніліся людзі, не заангажаваныя ў грамадзкім і палітычным жыцьці. Гэта былі звычайныя жыхары, грамадзяне, якія адчулі, што з будаўніцтвам заводу ў нас будзе вельмі шмат праблемаў. На жаль, нашы прагнозы спраўдзіліся. Подпісы адправілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, у канцэрн «Беллеспаперапрам», у Савет міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў, але ніхто з чыноўнікаў ня стаў на бок людзей, таму што нейкія цьмяныя эканамічныя інтарэсы пераўзышлі чалавечыя каштоўнасьці.

Пра смурод ад камбінату

— Выкіды мэтылмэркаптану, сьмярдзючага газу, маюць пэўныя асаблівасьці. Яны не накрываюць горад адразу і паўсюль. Гэта цяжкі газ, ён апускаецца долу, таму дзеці найбольш цярпяць, бо ў іх рост ніжэйшы. Ён зьбіраецца ў пэўных месцах, звычайна ў нізінах. Мы можам ісьці па адной вуліцы — я магу адчуць пах, а вы не адчуеце. Але бывалі часы, калі горад накрывала ўвесь, і ва ўсіх мікрараёнах сьмярдзела. Мы пачалі пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі, прыцягвалі журналістаў да праблемы. Найбольш цярпелі жыхары вёскі Якімава Слабада, бо на іх найчасьцей трапляў гэты смурод. Людзі пачыналі кепска адчуваць сябе, падвышаўся ціск, ішла кроў з носу. Людзі кашлялі, былі ацёкі горла і насаглоткі.

Пра фінансавую эфэктыўнасьць

— Я ня ўпэўненая, што завод мае прыбыткі. Ён ніколі не працаваў на поўную магутнасьць. Ён не аддаў тое, на што разьлічвалі, і ніколі не аддасьць. Калі пачаліся санкцыі, то ў заводу былі вялікія праблемы з рэагентамі для адбельваньня. Эўропа адмовілася пастаўляць, і рэагенты трэба было прывозіць з Кітаю. Гэты завод нерэнтабэльны, працуе на страту. Ня ведаю, калі можна будзе разьлічыцца па ўсіх пазыках. Ці варта ўвогуле эксплюатаваць гэты завод? Ён больш шкоды прыносіць, чым карысьці.

Пра вінаватых у гібелі людзей

— Упэўненая, што завядуць крымінальную справу. Адна такая справа ўжо была, вінаватых знайшлі. Зразумела, вінаватых шукаюць не на тым узроўні, дзе трэба шукаць. Ніколі не спытаюць і не прыцягнуць да адказнасьці спадароў Лукашэнку, Назарава (кіраўнік канцэрну «Беллеспаперапрам». — РС), Мясьніковіча, які спрычыніўся да будаўніцтва заводу і ўсе выходныя праводзіў там, Сідорскага, які таксама мае пэўнае дачыненьне да будаўніцтва заводу. Яны ня будуць адказнымі. Заўсёды будзе вінаваты стрэлачнік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG