Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталі вядомыя прозьвішчы трох загінулых падчас аварыі ў Сьветлагорску


Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота
Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота

На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце 7 чэрвеня адбылася ўспышка газапаветранай сумесі без наступнага гарэньня. Тры чалавекі загінулі.

На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце 7 чэрвеня адбылося надзвычайнае здарэньне — ратавальнікі атрымалі паведамленьні пра ўспышку газапаветранай сумесі без гарэньня і выехалі на месца аварыі, паведамілі ў МНС Беларусі. Паводле выданьня «Ранак», выбух на заводзе адбыўся прыкладна ў 15:30–15:40.

Падчас пошукава-выратавальных работ на месцы аварыі знайшлі парэшткі, як мяркуецца, трох чалавек, паведамілі «Сьветлагорскія навіны» са спасылкай на начальніка Светлагорскага адзьдзелу МНС Андрэя Высоцкага.

Крыніца Свабоды паведаміла, што гэта былі маладыя людзі, якія акурат працавалі на зьмене. Паводле яе, «цяпер да заводу прыехалі бацькі загінулых, але іх не пускаюць усярэдзіну».

8 чэрвеня сталі вядомыя імёны трох загінулых падчас аварыі на прадпрыемстве. Гэта Віктар Раманькоў, Міхаіл Шаціца і Алег Кацуба. Яны працавалі выпарвальнікамі шчолакаў. Зь сем’ямі загінулых сустрэўся гендырэктар камбіната Юры Крук.

Як напярэдадні паведаміла прэс-служба Міністрства аховы здароўя, раненьні ў выніку выбуху атрымалі чатыры чалавекі (1985–1996 гадоў нараджэньня).

«Ва ўсіх дыягнаставаныя павярхоўныя раны галавы і павярхоўныя апёкі рук. Брыгады хуткай мэдычнай дапамогі аказалі ім дапамогу на месцы, ад шпіталізацыі пацярпелыя адмовіліся», — паведамляе прэс-служба Мінздароўя.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце ўспышкі на Сьветлагорскім ЦКК паводле артыкулу 302 Крымінальнага кодэксу (Парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечных прадпрыемствах або ў выбухованебясьпечных цэхах або правілаў бясьпекі выбухованебясьпечных работ).

На прадпрыемстве працуе камісія для высьвятленьня прычын таго, што адбылося.

  • У 2020 годзе на ЦКК у выніку выбуху на чане талевай алівы загінуў чалавек — зваршчык Аляксандар Русіновіч. Тады Сьледчы камітэт паведамляў: «Пры выкананьні агнявых работ пры пракладцы трубаправоду адводу парапаветранай сумесі ад кляпанаў баку з талавай алівай адбыўся выбух і пачаўся пажар. Загінуў 40-гадовы зваршчык».
  • У 2012 годзе на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату пад Сьветлагорскам пачалі будаваць новы завод беленай цэлюлёзы. Падрадчыкам выступіла кітайская кампанія China CAMC Engineering Co. Адкрыцьцё заводу некалькі разоў пераносілі, а дабудоўваць яго давялося канцэрну «Беллеспаперапрам».
  • Кошт праекту складаў каля 850 мільёнаў даляраў, зь іх 654 мільёны прыпадала на крэдыт, выдзелены ўраду Беларусі Экспартна-імпартным і Індустрыяльна-камэрцыйным банкамі Кітаю. 15 жніўня 2019 году канцэрн «Беллеспаперапрам» заявіў, што будзе завяршаць будаўніцтва заводу самастойна.
  • Тады ж кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву кантракту з кітайскімі інвэстарамі. Прычынамі называлі будаўніцтва з адставаньнем, парушэньне нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. Кантракт у выніку скасавалі.
  • Пасьля запуску заводу мясцовыя жыхары скардзіліся на непрыемны пах і адчуваньні. Плянавалася, што завод выйдзе на поўную магутнасьць у 2023 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG