Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра Міхаіла Бокуця, які загінуў у менскім пастарунку ў 2020 годзе


Міліцэйскі пастарунак у Менску. Архіўнае фота
Міліцэйскі пастарунак у Менску. Архіўнае фота

Мужчыну знайшлі мёртвым у Заводзкім РАУСе Менску раніцай 8 сьнежня 2020 году. Раней яго часта затрымлівалі за скандалы з маці і стан алькагольнага ап’яненьня.

Мужчыну знайшлі мёртвым у Заводзкім РАУСе Менску раніцай 8 сьнежня 2020 году. Раней яго часта затрымлівалі за скандалы з маці і стан алькагольнага ап’яненьня.

5 чэрвеня Альянс расьсьледнікаў Беларусі са спасылкай на «Кібэрпартызанаў» паведаміў пра сьмерць яшчэ аднаго чалавека ў пастарунку міліцыі. Як сьцьвярджаецца, 44-гадовага Міхаіла Бокуця знайшлі ў Заводзкім РАУСе Менску раніцай 8 сьнежня 2020 году. Вядома, што мужчыну напярэдадні ўвечары затрымаў участковы інспэктар міліцыі маёр Пціцын.

У спэцданясеньні, якое накіраваў міністру Кубракову кіраўнік ГУУС Менгарвыканкаму Міхаіл Грыб, гаворыцца, што «пры дастаўленьні Бокуць бачных цялесных пашкоджаньняў ня меў, фізычная сіла і спэцыяльныя сродкі ў дачыненьні да апошняга не прымяняліся».

Згодна зь міліцэйскім дакумэнтам, Бокуця затрымалі ў 20:30 і памясьцілі ў камэру для затрыманых. А ў 8:19 раніцы знайшлі ў той жа камэры без прыкмет жыцьця. «Хуткая», якая прыбыла на месца, канстатавала сьмерць. Што стала прычынай гэтага, у міліцэйскіх дакумэнтах на імя міністра не прапісана.

ГУУС Менгарвыканкаму тады прызначыў праверку па факце сьмерці Бокуця, але яе вынікі нідзе не публікаваліся. Не было і крымінальнай справы па факце сьмерці чалавека. З дакумэнтаў сілавікоў таксама вынікае, што Бокуця зьбіраліся адпраўляць у ЛТП.

Што вядома пра загінулага

Міхаіл Бокуць нарадзіўся ў 1976 годзе. Яго няма ў ніводнай папулярнай сацыяльнай сетцы. Ёсьць акаўнт з такім імём і прозьвішчам у «Аднаклясьніках», але там няма ні фатаздымка, ні сяброў, ні падпісак.

Згодна з інфармацыяй, якую сілавікі напісалі ў спэцданясеньні на імя Кубракова, Бокуць дзясятак разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Гэта пацьвярджаецца і зьвесткамі, якія Свабода атрымала ад «Кібэрпартызанаў».

Яго затрымлівалі за знаходжаньне п’яным у грамадзкім месцы, за скандал з маці ў п’яным стане (больш за пяць разоў), за заведама хлусьлівае паведамленьне, за пагрозы.

Што магло адбыцца ў пастарунку

«Кібэрпартызаны» ня маюць зьвестак, што магло адбыцца з затрыманым Міхаілам Бокуцем у пастарунку. На момант сьмерці Бокуця ад нявысьветленых прычынаў у Беларусі 5 месяцаў ішлі пратэсты супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. 8 сьнежня 2020 году быў аўторак, і пратэстаў у той час не было, але затрыманьні адбываліся амаль штодзень.

З 9 жніўня да 8 сьнежня 2020 году адбылося 7 сьмерцяў удзельнікаў пратэстаў, якія зьвязваюць зь беларускімі сілавікамі. Вядома таксама і аб празьмерным гвалце, які чынілі ў той час супрацоўнікі міліцыі супраць затрыманых па ўсёй Беларусі, а таксама пра факты пабіцьця ў Заводзкім РАУСе Менску, дзе памёр Бокуць.

Памерлі пасьля затрыманьня

Пасьля затрыманьня 1 чэрвеня 2023 году ў Лідзкім РУУСе памёр 27-гадовы Дзьмітры Сарокін. Раней мужчыну ўжо затрымлівалі сілавікі. Прычына сьмерці невядомая. Дзьмітры Сарокін — удзельнік фэстываляў сучаснага мастацтва, паэт. Ён працаваў маркетолягам, мастаком-канструктарам, мэрчандайзэрам у розных кампаніях. Апошнім часам ён зарабляў напісаньнем дыплёмных і курсавых прац у гуманітарных спэцыяльнасьцях. Знаёмыя кажуць, што ягонае затрыманьне не было зьвязанае з палітыкай.

Першага траўня 2023 году з 4-га паверха Ваўкавыскага РАУС выскачыў 24-гадовы мясцовы жыхар у кайданках. Ён загінуў. Абставіны невядомыя. Прапагандысцкія і блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы паведамілі, што малады чалавек «быў наркаманам».

Па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», загінулага жыхара Ваўкавыску затрымлівалі сілавікі 9 жніўня 2020 году.

Дакладнай інфармацыі, чаму яго затрымалі 1 траўня, няма. Аб праверцы па факце гібелі чалавека і яе выніках МУС, пракуратура і іншыя ведамствы не паведамлялі.

31 сьнежня 2021 году ў Рэчыцы затрымалі Дзьмітрыя Ўсхопава. Першага студзеня 27-гадовы жыхар райцэнтру памёр пры нявысьветленых абставінах у мясцовым шпіталі, туды яго прывезьлі з РАУС у стане клінічнай сьмерці. Афіцыйная вэрсія — атручэньне алькагольнымі і наркатычнымі рэчывамі. У дзяржаўных СМІ прайшла кампанія ганьбаваньня Дзьмітрыя Ўсхопава, дзе яго называлі «наркаманам».

Празь некалькі дзён пасьля сьмерці маладога чалавека міліцыя пачала затрымліваць ягоных сяброў. Сястра Дзьмітрыя, якая паведаміла ў сацыяльных сетках і СМІ пра ягоную сьмерць, была вымушаная ўцякаць за мяжу, як і ягоны найлепшы сябар.

У 2022 годзе суд Рэчыцкага раёну судзіў Дзьмітрыя Ўсхопава (пасьмяротна) і прызнаў яго вінаватым у незаконным набываньні і захоўваньні наркатычных рэчываў. Прысуд быў вынесены без прызначэньня пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG