Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў таленавіты паэт, сапраўдны андэграўнд». Што вядома пра Дзьмітрыя Сарокіна, які памёр пасьля затрыманьня ў РАУС Ліды


Дзьмітры Сарокін. Архіўнае фота
Дзьмітры Сарокін. Архіўнае фота

Свабода паразмаўляла са знаёмымі нябожчыка. Расказваем, што ўдалося даведацца.

«Любіў гістарычныя рэканструкцыі, пісаў вершы»

Дзьмітрыю Сарокіну было 37 гадоў. Ён пісаў вершы, удзельнічаў у фэстах сучаснай культуры. У нулявых удзельнічаў у гістарычных рэканструкцыях. Цяпер сталай працы ня меў.

На лідзкім сайце пошуку працы ёсьць ягонае рэзюмэ ад сакавіка 2023 году. Дзьмітрый пісаў там, што валодае дызайнэрскімі праграмамі, умее ствараць рэклямныя блёкі, мае веды ў сфэры вёрсткі і дызайну, апрацоўкі здымкаў. Пра сябе паведамляў, што мае пачуцьцё стылю, умее засяроджвацца на задачах і творча вырашаць іх. Раней працаваў дызайнэрам, маркетолягам, мастаком-канструктарам.

«Начытаны, кемлівы, таленавіты, але самотны»

Знаёмы Дзьмітрыя на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, што затрыманьне не было зьвязанае з «палітыкай».

«Былі побытавыя прычыны. Ён памёр пасьля затрыманьня 1 чэрвеня. Папярэдне і неафіцыйна — праблемы з сэрцам. Пахаваньне будзе 6 чэрвеня», — патлумачыў суразмоўца.

Сям’і Дзьмітрый ня меў. У 2010-х гадах памерлі ягоныя бацькі. Апошнія гады афіцыйна не працаваў. Пісаў на фрылансе курсавыя і дыплёмныя працы па гуманітарных спэцыяльнасьцях, кажуць суразмоўцы.

«На мой погляд, ён быў вельмі таленавіты, самы лепшы ў Лідзе паэт, сапраўдны андэграўнд. Быў вельмі інтэлігентны, начытаны, кемлівы, добры чалавек. Але вельмі самотны. Сапраўдных сяброў ён меў мала. Сам ніколі на тусоўкі не напрошваўся», — дадаў знаёмы нябожчыка.

Ён сьцьвярджае, што ня чуў, каб Дзьмітрыя затрымлівалі пасьля 2020 году па «палітыцы».

«Гэта затрыманьне (якое скончылася сьмерцю Дзьмітрыя. — РС) не было зьвязанае з палітыкай», — дадаў яшчэ адзін знаёмы паэта.

Вершы Дзьмітрый разьмяшчаў, сярод іншага, на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

Ці гінулі людзі раней у беларускіх РАУС і хто панёс пакараньне?

Беларусы ня першы раз гінуць пасьля затрыманьняў.

1 траўня 2023 году з 4 паверху Ваўкавыскага РАУС выскачыў 24-гадовы мясцовы жыхар у кайданках. Ён загінуў. Абставіны невядомыя. Прапагандысцкія і блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы паведамілі, што малады чалавек «быў наркаманам».

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што жыхара Ваўкавыску затрымлівалі сілавікі 9 жніўня 2020 году.

Дакладнай інфармацыі, чаму 1 траўня затрымалі загінулага, няма. Пра праверку па факце гібелі чалавека і яе вынікі МУС, пракуратура і іншыя ведамствы не паведамлялі.

31 сьнежня 2021 году ў Рэчыцы быў затрыманы Дзьмітрый Усхопаў. 1 студзеня 27-гадовы жыхар райцэнтру памёр пры нявысьветленых абставінах у мясцовым шпіталі, туды яго прывезьлі з РАУС у стане клінічнай сьмерці. Афіцыйная вэрсія — атручваньне алькагольнымі і наркатычнымі рэчывамі. У дзяржаўных СМІ прайшла кампанія ганьбаваньня Дзьмітрыя Ўсхопава, дзе яго называлі «наркаманам».

Празь некалькі дзён пасьля сьмерці маладога чалавека міліцыя пачала затрымліваць ягоных сяброў. Сястра Дзьмітрыя, якая паведаміла ў сацыяльных сетках і СМІ пра ягоную сьмерць, была вымушаная ўцякаць за мяжу, як і ягоны лепшы сябар.

У 2022 годзе суд Рэчыцкага раёну судзіў Дзьмітрыя Ўсхопава (пасьмяротна) і прызнаў яго вінаватым у незаконным набываньні і захоўваньні наркатычных рэчываў. Прысуд быў вынесены без прызначэньня пакараньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG