Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У вэрсію міліцыі паверыць надзвычай складана». Сябра загінулага Дзьмітрыя Ўсхопава расказаў пра ягоную сьмерць і перасьлед міліцыяй


Дзьмітры Ўсхопаў
Дзьмітры Ўсхопаў

У навагоднюю ноч пасьля затрыманьня міліцыяй у Рэчыцы загінуў 27-гадовы Дзьмітры Ўсхопаў. Міністэрства ўнутраных спраў і Сьледчы камітэт сьцьвярджаюць, што малады чалавек памер ад атручэньня алькаголем і марыхуанай.

Аляксандар Жогаль
Аляксандар Жогаль

28-гадовы Аляксандар Жогаль — апошні зь сяброў і блізкіх, хто бачыў Дзьмітрыя Ўсхопава жывым. Яны разам былі на прыпынку грамадзкага транспарту, адкуль Дзьмітрыя забрала міліцыя. Пасьля сьмерці маладога чалавека міліцыя пачала «паляваньне» на ягоных сяброў. Аляксандар мусіў уцячы за мяжу. Ён расказаў Свабодзе пра абставіны затрыманьня Дзьмітрыя і пра тое, як міліцыя перасьледавала яго самога.

«Мы сябравалі зь Дзімам зь дзяцінства. У аднаго трэнэра займаліся футболам. Пазьней Дзіма сышоў займацца ў менскае „Дынама“, ды нешта ў яго там не атрымалася. На Новы год, 31 сьнежня, мы сустрэліся, вырашалі — дзе і як адзначаць сьвята. Купілі прадуктаў і алькаголю. Зь Дзімам і Ільлём — гэта яшчэ наш адзін сябар, які цяпер затрыманы, — паехалі да маёй сястры. Там трохі выпівалі.

Так, мы пілі ў той дзень, але няшмат, я думаю. Выпілі піва, шампанскага, трохі брэндзі. Потым мы вырашылі ехаць адзначаць Новы год да Дзімавай маці, бо яна адна жыве. Стаялі на прыпынку. Дзіма трохі хістаўся. У адзін момант ён быў на эмоцыях, бо ўзгадваў сьмерць свайго прыяцеля, які летась памёр 30 сьнежня. Ён гучна гаварыў, ужываў нецэнзурную лаянку, і гэта прыцягнула ўвагу міліцыі», — расказаў Аляксандар.

Двое патрульных не далі рады Дзьмітрыю — бо, па словах Аляксандра, той вырываўся і супраціўляўся. Аляксандар таксама не стаяў убаку — адцягваў сябра ад міліцыі. Тыя выклікалі падтрымку.

«Прыбыло пяць чалавек. Двое трымалі мяне, а тыя пяць — ламалі Дзіму. І заламалі, кінулі яго ў аўтамабіль і павезьлі ў РАУС. Мяне не забіралі», — кажа жыхар Рэчыцы.

Ён зьвяртае ўвагу, што на момант затрыманьня на Дзьмітрыю не было ніякіх пашкоджаньняў.

«Ранкам мне патэлефанаваў Ільля і сказаў, што Дзіма памёр. Я не паверыў, нават калі ўбачыў заплаканага Ільлю. Я патэлефанаваў знаёмай — у яе муж працуе ў міліцыі. І яна сказала мне, што Дзіма памёр ад перадазаваньня наркотыкаў. Такога ня можа быць! Не было ніякіх наркотыкаў! Яму проста дапамаглі памерці ў міліцыі. Каб забіваць — такога яшчэ, здаецца, не было. Але, можа, яго білі ў міліцыі, ці не аказалі дапамогу. І тое, што было 4,3 праміле — як напісала міліцыя, я ня веру. Мы столькі ня выпілі. Можа быць, я дапускаю — бо ў Дзімы з сабой быў алькаголь, калі яго забрала міліцыя, — што яму маглі той алькаголь гвалтам уліць, тады будзе 4,3 праміле», — дадаў сябар загінулага.

Ён напісаў заявы ў міліцыю і СК з патрабаваньнем разабрацца па факце сьмерці.

«Мне патэлефанаваў сьледчы і прапанаваў, як ён сказаў, — таемна сустрэцца. Я адмовіўся і выкінуў сім-карту. Два дні я сядзеў у Дзімавай маці. Яна была, канечне, у жудасным стане... не перадаць словамі. На наступны дзень міліцыя затрымала Ільлю і яшчэ траіх чалавек, нібыта за наркотыкі. Я разумеў, што на нас ідзе паляваньне. За домам Дзімавай маці было назіраньне, стаялі розныя аўтамабілі і сіні мікрааўтобус. Мне ўдалося ўцячы, выбрацца спачатку з дому Дзімавай маці, потым — з краіны. Потым мне сказалі, што і за маім домам было назіраньне. І нават за маёй сястрой сачылі. Яны хочуць усё «прыгожа замяць», — кажа Аляксандар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG