Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне арыштавалі грамадзяніна Беларусі за перадачу інфармацыі аб падрыхтоўцы да абароны на мяжы


Умацаваная пасьля ўварваньня ў 2022 годзе ўкраінска-беларуская мяжы. Ілюстрацыйнае фота
Умацаваная пасьля ўварваньня ў 2022 годзе ўкраінска-беларуская мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Затрыманы беспрацоўны, нарадзіўся і пражывае ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны.

Ва Ўкраіне затрымалі і арыштавалі на два месяцы грамадзяніна Беларусі, які нарадзіўся і жыве ў Ровенскай вобласьці, паводле падазрэньня аб перадачы інфармацыі пра перамяшчэньне жывой сілы і вайсковай тэхнікі для абароны памежнай зь Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыяй.

Як адзначаецца ў апублікаваным у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны судовым рашэньні, раней ён ужо быў засуджаны за апраўданьне і падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.

У матэрыялах справы адзначаецца, што падазраваны перадаваў па тэлефоне іншаму грамадзяніну Беларусі інфармацыю, якая адсутнічала ў адкрытых крыніцах, аб падрыхтоўцы да абароны ўкраінскага памежжа на выпадак новага ўварваньня зь беларускай тэрыторыі.

Сьледзтву таксама вядома імя таго беларускага грамадзяніна, якому затрыманы перадаваў усю інфармацыю, пачынаючы з красавіка 2023 году. Згодна з нацыянальным заканадаўствам Украіны аб абароне канфідэнцыйнай і пэрсанальнай інфармацыі, прозьвішчы абодвух фігурантаў справы не называюцца.

Справу расьсьледуюць паводле часткі 2 артыкулу 114-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. За распаўсюджваньне ва ўмовах ваеннага становішча інфармацыі аб перамяшчэньні, руху або разьмяшчэньні Ўзброеных сіл Украіны і іншых вайсковых фарміраваньняў, якая адсутнічае ў адкрытых рэсурсах, прадугледжана пазбаўленьне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў.

Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году. Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

Пасьля дэакупацыі Кіеўскай, Харкаўскай і часткі Херсонскай вобласьці ў інфармацыйным полі пэрыядычна абмяркоўваецца магчымае паўторнае ўварваньне з тэрыторыі Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG