Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пабудаваў для сябе і радні новае „царскае сяло“». У сваякоў Пуціна знайшлі нерухомасьць у Нова-Агарове


Кацярына Ціханава і Кірыл Шамалаў
Кацярына Ціханава і Кірыл Шамалаў

Сваякам і набліжаным прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, як сьцьвярджаецца, належыць канглямэрат зямельных уладаньняў вакол яго афіцыйнай рэзыдэнцыі ў падмаскоўным Нова-Агарове.

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні выданьня «Проект». «Уладзімір Пуцін, як расейскія імпэратары мінуўшчыны, пабудаваў для сябе і радні новае „царскае сяло“», — сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні.

Пры гэтым, як гаворыцца ў ім, «Пуціны выкарыстоўваюць падстаўных асоб і замежныя афшоры».

Выданьне спасылаецца на ўзламаную перапіску Кірыла Шамалава, якога яно называе былым мужам малодшай дачкі Пуціна Кацярыны Ціханавай (сам Пуцін не прызнаваў, што яна ягоная дачка). Як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, Шамалаў і Ціханава не рэгістравалі шлюбу (хоць іх і абвянчалі ў царкве насуперак правілам РПЦ), прычым зрабілі гэта наўмысна:

«Адсутнасьць дакумэнтальных сувязяў са спадарожнікамі жыцьця, у тым ліку, дазваляе кіроўнаму сямейству хаваць вельмі важнае месца ў Падмаскоўі», тое самае «царскае сяло», сьцьвярджае «Проект».

Паводле зьвестак выданьня, яшчэ ў 2006 годзе замежныя кампаніі скупілі землі каля рэзыдэнцыі Пуціна. Участкі з двума дамамі ў пасёлку Усава-Плюс купіла кіпрская Ermira, якую «Проект» называе асабістым «кашальком» Пуціна.

Там пасялілася старэйшая дачка Пуціна Марыя Варанцова. Далей на поўдзень два ўчасткі з дамамі ў пасёлку Усава-3 купілі панамскія афшорныя кампаніі, а ў 2013 годзе яны перайшлі ва ўласнасьць Шамалава. Кацярына Ціханава фармальна да іх дачыненьня ня мела.

«Проект», спасылаючыся на перапіску Шамалава, таксама расказвае аб расходах маладой сям’і на добраўпарадкаваньне дома і маёнтка — каштарыс дасягаў 9 мільёнаў эўра. Акрамя іншага, Шамалаў абмяркоўваў пытаньне куплі каштоўнай карціны Івана Шышкіна «Лясная паляна».

У другім з запісаных на Шамалава дамоў, як сьцьвярджаецца, пасялілася былая жонка Пуціна Людміла Ачарэтная.

Пасьля таго, як шлюб Шамалава і Кацярыны Ціханавай распаўся, у 2019 годзе ён перадаў усе ўчасткі ў раёне Нова-Агарова фірме, як сьцьвярджаецца, зьвязанай зь сябрам Пуціна Аркадзем Ратэнбэргам. За ўчасткі ён атрымаў прыкладна ў тры разы меншы за іх рынкавую цану.

Завяршаецца расьсьледаваньне ўказаньнем на тое, што ўсяго за некалькі кілямэтраў ад рэзыдэнцыі Пуціна 30 траўня быў зьбіты бесьпілётнік. Расейскія ўлады абвінавацілі ў нападзе Ўкраіну, у Кіеве заявілі, што ня маюць да яе «непасрэдных адносін».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG