Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супольнасць FlightRadar24 паведаміла, што ў Беларусь прыляцеў самалёт Мінабароны Расеі. У Менску патлумачылі


Скрыншот з flightradar24. 31 траўня 2023
Скрыншот з flightradar24. 31 траўня 2023

У адкрытых крыніцах адзначаецца, што гэты самалёт пабудавалі ў Варонежы і перадалі Міністэрству абарону ў 2013 годзе.

У Нацыянальным аэрапорце «Менск» у 9:54 прызямліўся самалёт АН-148, які належыць Вайскова-касьмічным сілам Расеі.

Паводле інфармацыі FlightRadar24, борт зарэгістраваны пад нумарам RA-61718.

У адкрытых крыніцах адзначаецца, што гэты самалёт пабудавалі ў Варонежы і перадалі Міністэрству абароны ў 2013 годзе. Самалёт мае мадыфікацыю 100 Е, якую часта пераабсталёўваюць пад санітарныя самалёты. Але пераважна самалёт разьлічаны на перавозку пасажыраў ад 70 да 85 асобаў.

Вядома, што дзевяць такіх самалётаў уваходзяць у склад 8-й авіяцыйнай дывізіі асаблівага прызначэньня на аэрадроме Чкалаўскі (Маскоўская вобласьць), два — у склад 33-га асобнага транспартнага зьмяшанага авіяпалка Заходняй вайсковай акругі (Ленінградзкая вобласьць) і адзін — у склад 30-га асобнага транспартнага зьмяшанага полка Паўднёвай вайсковай акругі (Растоў).

Пазьней Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што 31 траўня ў Менску праходзіць 61-е пасяджэньне сумеснай кансультацыйнай групы ў пытаньнях кантролю над узбраеньнямі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі.

З расейскага боку ў ім удзельнічае начальнік Цэнтру зьмяншэньня ядзернай небясьпекі Расеі Сяргей Рыжкоў, а зь беларускага — начальнік упраўленьня вэрыфікацыі Дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Юры Ракіцкі. Галоўнае пытаньне абмеркаваньня — рэгіянальная бясьпека.

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG