Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Растове пачалі судзіць палонных украінскіх байцоў. У Кіеве назвалі суд ваенным злачынствам


Украінскія палонныя ў расейскім судзе. Растоў, 15 чэрвеня 2023
Украінскія палонныя ў расейскім судзе. Растоў, 15 чэрвеня 2023

У Паўднёвым акруговым вайсковым судзе ў Растове-на-Доне пачалі разглядаць адну з самых масавых справаў супраць украінскіх ваеннапалонных. У ёй праходзяць 24 чалавекі, зьвязаныя з полкам «Азоў».

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі. Такі статус у Расеі полк «Азоў» Узброеных сілаў Украіны атрымаў ўжо пасьля таго, як палонныя апынуліся пад сьледзтвам.

Як высьветліў сайт «Кавказ.Реалии», у справе праходзяць і ўдзельнікі абароны «Азоўсталі» ў Марыюпалі, і тыя, хто служыў у палку за некалькі гадоў да пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня.

З 24 абвінавачаных, як паведаміла агенцтва AP, дваіх раней абмянялі на расейскіх палонных.

Наступнае пасяджэньне адбудзецца 28 чэрвеня.

Рэакцыя ў Кіеве

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Украіны Міхайла Падаляк асудзіў правядзеньне Расеяй суду над 22 украінскімі ваеннапалоннымі і назваў гэта ваенным злачынствам.

«Фатаграфіі суду ў Растове над абаронцамі „Азоўсталі“ выклікаюць толькі агіду. Гладкія пракуроры і добра апранутыя прысяжныя з яркімі ўсьмешкамі „судзяць“ хлопцаў і дзяўчат, якія нагадваюць шкілеты пасьля канцлягераў і катаваньняў. Такі гвалт над удзельнікамі баявых дзеяньняў ёсьць афіцыйным ваенным злачынствам, якое павінна быць належна ацэнена Міжнародным крымінальным судом. І так, скажыце, хто-небудзь бачыць у зале прадстаўнікоў Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа?» — напісаў Падаляк 15 чэрвеня ў Twitter.

Каго судзяць

Найбольш вядомы абвінавачаны — лейтэнант «Азова» Давід Касаткін, аб узяцьці ў палон якога шмат пісалі расейскія СМІ. Вайсковец быў актыўны ў сацыяльных сетках, меў больш за 100 тысяч падпісчыкаў; ролікі са сцэнамі салдацкага побыту, трупамі і кадрамі баёў часта «вірусіліся». У Расеі гэты баец з пазыўным «Хімік» стаў вядомы дзёрзкімі пагрозамі ў адрас кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава і яго сям’і.

Расейскія СМІ пісалі, што ўкраінскага байца адправяць у СІЗА Грознага, а прапагандыст Якаў Кедмі заяўляў, што Касаткін памёр па дарозе ў Чачэнію ад спыненьня сэрца. Гэта былі фэйкі: як і іншых абвінавачаных, вайскоўца судзяць у Растове.

Сярод падсудных — і 54-гадовы Алег Тышкул з Адэскай вобласьці, які да 2021 году быў камандзірам 3-й роты апэратыўнага прызначэньня полку «Азоў». У справе таксама праходзіць вайсковец падразьдзелу Мікіта Ціманін, відэа допыту якога ў красавіку 2022 году зьявілася ў тэлеграм-каналах.

Яшчэ адзін абвінавачаны, запіс зь якім зьявіўся ў расейскіх мэдыя мінулай вясной, — Аляксей Смыкаў. У тэлефоне маладога чалавека знайшлі жартоўныя фота (напрыклад, у вобразе сьвятара з іконай Адольфа Гітлера), якія, на думку расейскіх прапагандыстаў, пацьвярджалі падтрымку азоўцамі фашызму.

Разам з байцамі ў справе таксама праходзяць тры кухары. Гэта 42-гадовая Алена Бандарчук, 39-гадовая Ніна Бандарэнка і 49-гадовая Алена Аўрамава. Усе яны спынілі службу ў палку ў 2021 годзе і на момант затрыманьня былі звычайнымі жыхаркамі Данецкай вобласьці.

Ураджэнец Шахтарску Аляксандар Мерачэнец служыў у «Азове» яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Яго затрымалі пры «фільтрацыі» жыхароў акупаваных расейскімі войскамі тэрыторыяў, расказалі карэспандэнту «Кавказ.Реалии» знаёмыя былога байца. Падрабязнасьці справы ім невядомыя, бо адваката ў Мерачэнца, як і ў астатніх абвінавачаных, няма.

У канцы сакавіка 2022 году падразьдзелы сэпаратысцкай «ДНР» зьбілі пад Марыюпалем украінскі гелікоптэр, двое чальцоў экіпажу выжылі, адзін зь іх — 22-гадовы ўраджэнец Адэсы Дзьмітро Лабінскі, які праходзіць у справе «Азова». Мяркуючы па апублікаванай на расейскіх жа рэсурсах інфармацыі, яшчэ адзін падсудны, 52-гадовы Алег Жаркоў, наагул ня быў байцом «Азова», а працаваў ва ўзводзе аховы камэнданцкай роты і завяршыў службу да 2022 году.

Намесьніка камандзіра полку «Азоў», які выйшаў на пэнсію, 45-гадовага Анатоля Грыцыка затрымалі дома, і яго адразу дапытаў расейскі «ваенкор» Аляксандар Сладкоў. Выкладзеныя ў сетку дакумэнты вайскоўца былі сапраўдныя да сьнежня 2018 году, калі той, пэўна, звольніўся з Нацыянальнай гвардыі. На відэа Грыцык прызнае, што сярод байцоў былі прыхільнікі нэапаганства, але падобныя абрады былі закрытымі і ён як хрысьціянін у іх мог ня ўдзельнічаць.

Палкоўніка Грыцыка таксама вінавацяць ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, хоць ён і ўсе астатнія фігуранты гэтай справы служылі ў «Азове» да прызнаньня полку такім Вярхоўным судом Расеі.

  • Пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы, вывезеныя з заводу «Азоўсталь», былі зьмешчаныя ў СІЗА Растова і Таганрогу, мясцовыя СМІ паведамілі ў сярэдзіне траўня 2022 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG