Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З поўначы, але не зь Беларусі». У Кіеве расказалі, зь якіх кірункаў Расея цяпер інтэнсіўна абстрэльвае Ўкраіну


Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат. Архіўнае фота
Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат. Архіўнае фота

«Фактычна ўсе атакі, якія цяпер ажыцьцяўляюцца з тэрыторыі Расеі, гэта Бранская вобласьць, адкуль праціўнік ужо неаднаразова выкарыстоўваў комплексы С-300, С-400, а таксама «Іскандэры».

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат заявіў, што апошнія камбінаваныя атакі тылавых гарадоў Украіны Расея ажыцьцяўляе са сваёй тэрыторыі.

«Апошнім часам не назіраем, яшчэ, калі не памыляюся, можа паўгода таму былі атакі „Шагедаў“, фіксаваліся адтуль. Цяпер жа з боку Беларусі актыўнасьці такой, уласна авіяцыйнай і ракетнай, не назіраецца. Фактычна ўсе атакі, якія цяпер ажыцьцяўляюцца з тэрыторыі Расеі, гэта Бранская вобласьць, адкуль праціўнік ужо неаднаразова выкарыстоўваў комплексы С-300, С-400, а таксама „Іскандэры“», — сказаў Юры Ігнат 30 траўня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Цяпер, паводле яго, Расея спрабуе выкарыстоўваць кароткую дыстанцыю для запуску ракет, каб на іх не змаглі своечасова адрэагаваць украінскія сродкі супрацьпаветранай абароны. Такім чынам Юры Ігнат патлумачыў невялікую розьніцу ў часе, які прайшоў 29 траўня ад абвяшчэньня паветранай трывогі да першага выбуху ў Кіеве.

Юры Ігнат дадаў, што ў пачатку поўнамаштабных ваенных дзеяньняў Расея выкарыстоўвала сваю баявую авіяцыю, якую накіроўвала зь Беларусі над ракой Дняпро на нізкай вышыні, каб быць «нябачнай» для супрацьпаветранай абароны Ўкраіны, і такім чынам атакавала Кіеў і Кіеўскую вобласьць.

З пачатку траўня Расея інтэнсіўна атакавала паўночныя і заходнія вобласьці Ўкраіны, а таксама Кіеў з поўначы і поўдня. Цягам 29 траўня і ў ноч на 30 траўня расейцы тры разы інтэнсіўна атакавалі Кіеў і Кіеўскую вобласьць балістычнымі і крылатымі ракетамі, а таксама дронамі іранскага паходжаньня. У выніку гэтых атак у Кіеве загінула адна жанчына і яшчэ 13 атрымалі раненьні.

Як паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко, жанчына загінула, назіраючы за атакай бесьпілётнікаў са свайго балькона.

У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.

10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.

У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.

Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хоць беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.

Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне праціўніка зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG