Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея праз 6 гадзін пасьля папярэдняй атакі абстраляла Кіеў з поўначы са сваёй тэрыторыі. Зьбілі 11 ракет

абноўлена

Плошча Незалежнасьці. Кіеў, 2022. Ілюстрацыйнае фота
Плошча Незалежнасьці. Кіеў, 2022. Ілюстрацыйнае фота

Пасьля начной камбінаванай атакі Кіева расейскія войскі пасьля 11 гадзін дня 29 траўня пачалі новы ракетны абстрэл украінскай сталіцы.

Першы выбух адбыўся літаральна празь некалькі сэкундаў пасьля абвяшчэньня паветранай трывогі.

«Выбухі ў горадзе. У цэнтральных раёнах. Заставайцеся ў сховішчах», — паведаміў мэра Кіева Віталь Клічко.

Клічко даў відэа з рэшткамі ракеты на Пачаеўцы, на адным з найбольш інтэнсіўных скрыжаваньняў у Абалонскім раёне Кіева. Ён дадаў, што ўсе экстраныя службы выехалі на месцы падзеньня рэшткаў зьбітых ракет. Як можна пабачыць на апублікаваным запісе, пацярпелых у выніку падзеньня рэшткаў ракеты няма.

Пазьней гарадзкія ўлады паведамілі аб падзеньні рэшткаў зьбітых ракет у Падольскім раёне, які знаходзіцца ў цэнтры Кіева.

Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку абстрэлу ёсьць як мінімум адзін пацярпелы. Параненага шпіталізавалі. Мэра сталіцы ўдакладніў, што выбухі таксама адбыліся на левым беразе Дняпра, у найбольш населеным Дзясьнянскім раёне.

Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат пацьвердзіў, што Кіеў абстралялі балістычнымі ракетамі, але не ўдакладніў іх від.

«Кірунак удару быў з поўначы, але адкуль дакладна, паведамім пазьней, калі падсумуем вынікі [супрацьпаветранай] працы. Імаверна, гэты былі наземныя „Іскандэры“», — сказаў Юры Ігнат у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Украінскі вайсковы журналіст Андрэй Цапліенка паведаміў, што Кіеў, падобна, абстрэльваюць з ракетных комплексаў «Іскандэр».

«Па Кіеве, папярэдне, вядуць агонь балістыкай, „Іскандэр“ і С-300», — напісаў журналіст у сваім тэлеграм-канале.

Трывогу паступова абвясьцілі ва ўсіх паўночных рэгіёнах Украіны: Жытомірскай, Ровенскай і Чарнігаўскай абласьцях.

Паветраныя сілы Ўкраіны зьбілі ўсе ракеты, выпушчаныя Расеяй

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны паведаміў, што Расея атакавала Кіеў і Кіеўскую вобласьць балістычнымі і крылатымі ракетамі наземнага комплексу «Іскандэр».

«Усяго выпусьцілі 11 ракет «Іскандэр-М» і «Іскандэр-К» з паўночнага кірунку. Сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны ўсе гэтыя цэлі зьнішчылі», – адзначаецца ў паведамленьні Залужнага.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG