Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters абвергла заявы расейскай прапаганды пра сэнатара Грэма, якога ў Расеі абвясьцілі ў вышук


Сэнатар Ліндсі Грэм. Архіўнае фота
Сэнатар Ліндсі Грэм. Архіўнае фота

Ліндсі Грэм не называў сьмерць расейцаў удалым укладаньнем амэрыканскіх грошай, як заявілі ў Маскве.

Агенцтва Reuters азнаёмілася з поўнай вэрсіяй запісу сустрэчы амэрыканскага сэнатара-рэспубліканца Ліндсі Грэма і прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Журналісты высьветлілі, што Грэм не казаў, што сьмерць расейцаў — «найлепшае, на што мы калі-небудзь трацілі грошы».

Паводле Reuters, фразу «найлепшае, на што мы калі-небудзь трацілі грошы» Ліндсі Грэм сказаў у частцы размовы, прысьвечанай дапамозе, перададзенай ЗША з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Далей амэрыканскі сэнатар сказаў, што ў ЗША быў час, калі, «ваюючы да апошняга чалавека, мы зьбіраліся быць свабоднымі або памерці».

Зяленскі на гэта адказаў, што ЗША зараз вольныя, будзе свабоднай і Ўкраіна. Пасьля чаго Грэм сказаў: «А расейцы паміраюць».

«Так, але яны прыйшлі на нашу тэрыторыю. Мы не ваюем на іхнай тэрыторыі», — дадаў Зяленскі.

Сустрэча адбылася 26 траўня. Першапачатковыя ўрыўкі з размовы ў відэа, апублікаваным офісам Зяленскага ўвечары таго ж дня, не дазвалялі зразумець, што гэтыя дзьве фразы былі сказаныя ў розных частках гутаркі, зазначаюць журналісты.

Відэа выклікала бурную рэакцыю, на яго адрэагавалі і расейскія афіцыйныя асобы. Дзьмітрый Мядзведзеў назваў Грэма «старым дурнем», заявіўшы, што ў «Амэрыцы рэгулярна забіваюць ня толькі звычайных людзей, але і трацяць брудныя грошы на забойствы сэнатараў».

Грэм у пісьмовым камэнтары агенцтву заявіў, што «расейская прапагандысцкая машына, як звычайна, старанна працуе». Паводле яго, у размове зь Зяленскім ён згадаў, што Ўкраіна прыняла амэрыканскую мантру «Жыві свабодна або памры».

«Гэта была добрая інвэстыцыя з боку Злучаных Штатаў, каб дапамагчы вызваліць Украіну ад расейскіх ваенных злачынцаў», — напісаў ён.

Амэрыканскі сэнатар асобна адказаў Мядзведзеву:

«Спадар Мядзведзеў, калі вы хочаце, каб расейцы перасталі паміраць ва Ўкраіне, выведзіце войскі. Спыніце ўварваньне. Спыніце ваенныя злачынствы. Праўда ў тым, што вы і Пуцін менш за ўсё клапоціцеся аб расейскіх салдатах».

Кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін 28 траўня даручыў завесьці крымінальную справу па факце «выказваньняў амэрыканскага сэнатара аб забойстве расейцаў». 29 мая МУС Расеі абʼявіла сэнатара Грэма ў вышук паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу. Якога менавіта артыкулу, не ўдакладняецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG