Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імітаваў расстрэл і падрыў гранатай. Ва Ўкраіне на 11 гадоў асудзілі расейскага вайскоўца за катаваньні цывільнага

Склеп, у якім расейскія вайскоўцы незаконна ўтрымлівалі і катавалі жыхароў вёскі Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. Архіўнае фота
Склеп, у якім расейскія вайскоўцы незаконна ўтрымлівалі і катавалі жыхароў вёскі Ягаднае Чарнігаўскай вобласьці. Архіўнае фота

Расейскі вайсковец паставіў закладніка сьпінай да бэтоннай сьцяны і пачаў імітаваць ягоны расстрэл, выпускаючы аўтаматныя чэргі вышэй галавы, хацеў так дабіцца інфармацыі аб пазыцыях украінскага войска.

Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці асудзіў на 11 гадоў пазбаўленьня волі расейскага вайскоўца, ураджэнца Рэспублікі Тыва Расейскай Фэдэрацыі, які катаваў аднаго з закладнікаў-украінцаў, патрабуючы ад яго інфармацыі аб пазыцыях украінскага войска.

Як адзначаецца ў выраку, украінца ўтрымлівалі ў склепе школы сяла Ягаднага Чарнігаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці, якое расейскія вайскоўцы захапілі 3 сакавіка 2022 году. Там на плошчы 197,6 квадратнага мэтра расейцы незаконна ўтрымлівалі 368 мясцовых жыхароў.

Паводле сьледзтва, засуджаны зайшоў у склеп, прыставіў да галавы ўкраінца рулю аўтамата і загадаў ісьці за ім. Пасьля таго, як яны выйшлі на вуліцу, расейскі вайсковец паставіў закладніка сьпінай да бэтоннай сьцяны і пачаў імітаваць ягоны расстрэл, выпускаючы аўтаматныя чэргі вышэй галавы, каб дабіцца інфармацыі аб пазыцыях украінскага войска. Пасьля гэтага расеец рэзка сарваў са свайго пояса гранату і кінуў яе пад ногі ўкраінцу. Пабачыўшы рэакцыю, вайсковец пачаў сьмяяцца, а потым падышоў, падняў гранату і загадаў вярнуцца ў школьны склеп.

У судовым рашэньні ад 24 траўня адзначаецца, што тэрмін пакараньня пачне адлічвацца з моманту фізычнага затрыманьня грамадзяніна Расеі, сяржанта вайсковай часткі, якая дысьлякуецца ў Рэспубліцы Тыва.

Гэты эпізод быў выдзелены ў асобнае вядзеньне з той справы, якая разглядаецца па факце катаваньня 368 цывільных жыхароў, у тым ліку 69 непаўналетніх, якіх расейцы незаконна затрымалі і ўтрымлівалі ў склепе школы сяла Ягаднага Чарнігаўскага раёну.

Сёлета ў пачатку красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі разам зь віцэ-канцлерам Нямеччыны Робэртам Габэкам і генэральным сакратаром Рады Эўропы Марыяй Пейчыновіч-Бурыч наведалі ў Чарнігаўскай вобласьці гэтую школу і катоўню.

Расейская армія, якая ўвайшла з тэрыторыі Беларусі, захапіла вёску Ягаднае Чарнігаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці 3 сакавіка 2022 году. Яны ўрываліся ў прыватныя дамы да ўкраінцаў, затрымлівалі іх, а потым пад канвоем і з пагрозамі расстрэлу перамяшчалі ў склеп мясцовай школы.

Там на плошчы 197,6 квадратнага мэтра ўтрымлівалі 368 грамадзян, у тым ліку 69 непаўналетніх. На кожнага затрыманага прыпадала ўсяго паўмэтра. Найстарэйшаму з закладнікаў расейцаў Дзьмітру Музыку было 93 гады (ён памёр у склепе ў першы ж дзень расейскага палону), а наймалодшаму Дзьмітру Атрошчанку на момант затрыманьня не было і аднаго году.

У сакавіку 2022 году сьледчыя Чарнігаўскай абласной пракуратуры выставілі падазрэньні чатыром расейскім вайскоўцам, ураджэнцам Рэспублікі Тыва Расейскай Фэдэрацыі, датычным да катаваньня жыхароў Ягаднае ў склепе мясцовай школы.

У матэрыялах крымінальнай справы адзначалася, што расейскія вайскоўцы амаль месяц утрымлівалі людзей у цесным памяшканьні склепу разам зь целамі іншых аднавяскоўцаў, якія не вытрымлівалі ўмоў і паміралі. Іхныя целы не дазвалялі вынесьці і пахаваць. Апроч таго, у склепе не было сьвятла, вады і ежы. Людзі вымушаныя былі хадзіць у туалет у вёдры і спраўляць свае патрэбы ў прысутнасьці іншых, а напоўненыя фэкаліямі вёдры доўга стаялі ў тых жа памяшканьнях, дзе былі людзі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG