Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Без аслабленьня Расеі і паразы яе ў вайне з Украінай зьмены ў Беларусі немагчымыя», — польскі экспэрт Клысінскі


Плякат з выявай Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на пратэсьце супраць уварвання Расеі ва Ўкраіну. Кракаў, 6 сакавіка 2022 году
Плякат з выявай Уладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі на пратэсьце супраць уварвання Расеі ва Ўкраіну. Кракаў, 6 сакавіка 2022 году

Польскі палітоляг Каміль Клысіньскі лічыць, што Пуцін не аддасьць кіраваньне ядзернай зброяй у рукі Лукашэнкі, аналізуе даволі спакойную рэакцыю Захаду на ўвод ядзерных ракет у Беларусь і камэнтуе гучныя выказваньні пра магчымае беларускае паўстаньне генэрала Вальдэмара Скшыпчака.

Сьцісла:

  • Ствараецца ўражаньне, што Пуцін і Лукашэнка спрабуюць нас, Захад, запалохаць, паказаць, што яны разам, што не жартуюць.
  • Я ня думаю, што Пуцін раптам перадасьць кіраваньне ядзернай зброяй у рукі Лукашэнкі.
  • Разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, якая даўно знаходзіцца пад поўным кантролем Масквы, асабліва ў вайсковай сфэры, кардынальна не мяняе карціны.
  • Беларусь цяпер аддае Расеі адзін з апошніх чыньнікаў сваёй незалежнасьці.

— Як мяняецца стратэгічная ваенна-палітычная сытуацыя ў сувязі з разьмяшчэньнем ядзернай зброі ў Беларусі? Міністры абароны Беларусі і Расеі падпісалі адпаведныя дакумэнты, Лукашэнка ў размове з расейскім журналістам неяк загадкава прызнаўся, што ня ведае дакладна, ці пачалося ўжо перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў у Беларусь. Ці можна дакладна гаварыць, што гэта ўжо ня блеф, не ілюзія, і расейская ядзерная зброя на самой справе зьявіцца ў Беларусі?

— Папраўдзе, карціна даволі неадназначная. З аднаго боку, як вы згадалі, міністры сапраўды падпісалі адпаведную дамову. З другога боку маем дзіўныя выказваньні сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова, які некалькі дзён таму сказаў, што гэта толькі заявы, «нічога ў практычным пляне не было зроблена». Зь ягоных заяваў вынікала такая карціна, што Беларусь ня вельмі зацікаўленая ў гэтым.

Каміль Клысіньскі
Каміль Клысіньскі

Ды і сам Лукашэнка, як вы сказалі, у сваім загадкавым своеасаблівым стылі кажа, што яшчэ ня ведае, ці пачалося ўжо перамяшчэньне ядзерных боепрыпасаў у Беларусь. Ствараецца ўражаньне, што абодва спадары, Пуцін і Лукашэнка, спрабуюць нас, Захад, запалохаць, паказаць, што яны разам, што не жартуюць. А на самой справе да практычнага выкананьня гэтых дамоўленасьцяў яшчэ далёка.

— Падчас падпісаньня дакумэнтаў міністар абароны Расеі Шайгу даволі адназначна заявіў, што «Расея не перадае Беларусі ядзернай зброі: кантроль і рашэньне аб прымяненьні застаецца за расейскім бокам». Ці гэта сапраўды так? Або Лукашэнка, вярнуўшыся ў Менск, зноў можа заявіць, што гэта «наша агульная ядзерная зброя»?

— У гэтым пытаньні ў мяне акурат няма сумневаў. Расея не дазволіць, каб гэта была «агульная» зброя. Гэта ня ў стылі сёньняшняга Крамля. І нават з прагматычнага гледзішча: ніякая дзяржава не жадае з кімсьці дзяліцца такім ключавым чыньнікам, як ядзерная зброя. Я ня думаю, што Пуцін раптам перадасьць кіраваньне ядзернай зброяй у рукі Лукашэнкі. Тым больш што поўнага даверу паміж імі няма. Яны цяпер, вядома, у адной лодцы, але гэта ня сто працэнтаў даверу.

Так што я ўпэўнены, што ядзерная зброя, калі і будзе разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі, застанецца пад кіраваньнем Расеі. Лукашэнка можа гаварыць, што хоча, але рэальнасьць будзе такая, як я сказаў.

— Як можна патлумачыць пакуль даволі спакойную рэакцыю Захаду на паведамленьні аб разьмяшчэньні ядзернай зброі ў Беларусі? Проста пакуль чакаюць больш канкрэтнай інфармацыі ці ўвогуле ня бачаць тут вялікай праблемы?

— Захад сапраўды рэагуе даволі спакойна, бо сытуацыя ўсё роўна ўжо кепская. Калі б мы мелі сытуацыю, у якой Беларусь — мірная і нэўтральная краіна, якая не зьяўляюцца саюзьніцай агрэсара, не дапамагае Расеі, то тады разьмяшчэньне там расейскай ядзернай зброі было б шокам.

Але ў рэальнасьці ўсе ў NATO і так ведалі, і да гэтага пагадненьня, што Лукашэнка падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны, дае тэрыторыю Беларусі. Многія самыя жорсткія санкцыі ўжо былі ўведзеныя і застаецца вельмі мала інструмэнтаў, якія яшчэ можна ўжыць. Можна, напрыклад, цалкам закрыць мяжу. Можна разарваць дыпляматычныя адносіны. Гэта ўжо нейкія самыя апошнія крокі, у якіх палітыкі пакуль ня бачаць сэнсу.

— Ці можа разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі ажывіць дыскусіі ў Варшаве наконт ідэі разьмяшчэньня амэрыканскай ядзернай зброі на тэрыторыі Польшчы?

— Такія дыскусіі заўсёды могуць быць. Гэтае пытаньне могуць падымаць журналісты, палітолягі, экспэрты. Але на гэты момант я не адчуваю, што можна будзе хутка і рэзка вырашыць гэтае пытаньне.

Трэба разумець, што Беларусь даўно разглядаецца як частка ваеннай прасторы Расеі. Практычна разьмяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі, якая даўно знаходзіцца пад поўным кантролем Масквы, асабліва ў вайсковай сфэры, кардынальна не мяняе карціны. Любы вайсковец скажа, што ў ваенна-стратэгічным сэнсе гэта мала што мяняе.

Беларусь цяпер аддае адзін з апошніх чыньнікаў сваёй незалежнасьці. Але я ўражаны, што некаторыя экспэрты і нават беларускія палітыкі зьдзіўляюцца, што такое адбываецца. Бо ў кантэксьце зьменаў у Канстытуцыі, прынятай на рэфэрэндуме ў лютым 2022 году, ужо было зразумела, што юрыдычная база падрыхтаваная. Улады прыбралі з Канстытуцыі палажэньне аб імкненьні да бязьядзернасьці. І зараз Лукашэнка адмяняе апошнія прыкметы незалежнасьці дэ-факта.

— У Беларусі даволі гарачую дыскусію выклікала заява былога намесьніка міністра абароны Польшчы. Генэрал Вальдэмар Скшыпчак заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі. Гучаць розныя вэрсіі: альбо гэта думка, блізкая да настрояў ва ўладзе (аднак яе выказаў чалавек, далёкі ад улады), альбо гэта выключна ягоная думка, якая ня мае нічога агульнага з пазыцыяй афіцыйнай Варшавы...

— Думка спадара Скшыпчака ніякім чынам ня блізкая да афіцыйнай пазыцыі Варшавы. Ня блізкая і да маёй пазыцыі як аналітыка. На экспэртным грунце я ня бачу ніякіх перадумоваў для такога разьвіцьця падзеяў.

І трэба сказаць, што для польскай выбарчай кампаніі пытаньне магчымасьці беларускага паўстаньня ня мае ніякага значэньня, яно не зьяўляецца ў дыскусіях. І ня зьявіцца. Адзінае, што можа стаць элемэнтам кампаніі — гэта становішча польскай меншасьці ў Беларусі. Гэта заўсёды важна, асабліва для кіроўнай кааліцыі.

Гэта асабістая думка генэрала, які, як мне падаецца, ня вельмі разьбіраецца ў беларускіх рэаліях.

— Аднак у многіх прыхільнікаў пераменаў у Беларусі гэтая ягоная заява выклікала пэўны рэзананс і нават надзеі.

— Беларусам лепей ведаць, ці гатовыя яны да паўстаньня. Гэта пытаньне да беларусаў, а не да таго, што нейкі польскі генэрал будзе іх у гэтым пераконваць. Я асабіста думаю, што без радыкальных зьменаў у Расеі, бяз крызісу ўлады і аслабленьня Расеі, безь яе паразы ў вайне з Украінай зьмены ў Беларусі немагчымыя.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG