Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-намесьнік міністра абароны Польшчы заклікаў падрыхтавацца да магчымага паўстаньня ў Беларусі

Беларускі полк Кастуся Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота
Беларускі полк Кастуся Каліноўскага. Ілюстрацыйнае фота

«Маем прычыны дапамагаць беларусам так, як украінцам. Давайце падрыхтуемся да паўстаньня ў Беларусі, таму што яно адбудзецца», — сказаў генэрал Вальдэмар Скшыпчак у этэры тэлеканалу Polsat.

«У выпадку посьпеху ўкраінскага контранаступу тыя ўзброеныя беларусы, якія ўваходзяць у склад украінскай арміі, не складуць зброі, — заявіў Вальдэмар Скшыпчак. — Яны паедуць у Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстаньне ў Беларусі, Лукашэнка гэтага баіцца».

Паводле экс-намесьніка міністра абароны Польшчы, варта «рыхтавацца да паўстаньня ў Беларусі, бо яно адбудзецца.

«Гаворка пра тое, каб мы не праспалі гэты момант, — падкрэсьліў ён. — Трэба быць гатовымі падтрымаць войскі, якія будуць праводзіць апэрацыю супраць Лукашэнкі», — дадаў ён.

Ён дапусьціў, што такія акцыі могуць неўзабаве прайсьці і на тэрыторыі Беларусі.

«У нас ёсьць прычыны дапамагаць ім [беларусам], як мы дапамагаем украінцам»,— сказаў генэрал Вальдэмар Скшыпчак.

Паводле генэрала, «беларускі народ падтрымае іх і з энтузіязмам пойдзе супраць Лукашэнкі».

«У яго больш няма вайсковых магчымасьцяў прадухіліць такое паўстаньне. Расея яму асабліва не дапаможа, таму што ў яе будуць свае праблемы», — дадаў Скшыпчак.

Паводле генэрала, «калі паўстаньне адбудзецца, то абавязкова будуць масавыя ўцёкі беларусаў у бок Польшчы, і трэба быць да гэтага падрыхтаваным».

  • 67-гадовы Вальдэмар Скшыпчак — польскі вайсковец, генэрал-лейтэнант УС Польшчы ў запасе. Дыплямаваны афіцэр бранятанкавых войскаў. У 1976 годзе пачаў вайсковую службу курсантам Узброеных Сіл Польскай Народнай Рэспублікі. Камандаваў 32-м мэханізаваным палком, 16-й мэханізаванай дывізіяй, 11-й бронекавалерыйскай дывізіяй і шматнацыянальнай дывізіяй «Цэнтар-Поўдзень». У 2006-2009 гадах — камандуючы Сухапутнымі войскамі. У 2009 годзе ён пайшоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць кіраваньня ўзброенымі сіламі з боку Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы. З 2011 года быў дарадцам міністра нацыянальнай абароны, у 2012–2013 гадах — намесьнікам дзяржаўнага сакратара ў Міністэрстве нацыянальнай абароны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG