Паліцыя Ўкраіны: узрост ахвяраў сэксуальнага гвалту расейцаў — ад 4 да 82 гадоў

Машына Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. Ілюстратыўнае фота
Машына Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны. Ілюстратыўнае фота

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла аб атрыманьні сьведчаньняў пацярпелых ад сэксуальнага гвалту расейскіх вайскоўцаў у сямі абласьцях краіны.

Як адзначаецца ў паведамленьні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, цяпер расьсьледуюць 40 выпадкаў сэксуальнага гвалту ў Херсонскай, 19 — у Кіеўскай, 6 — у Данецкай, 5 — у Запароскай, 6 — у Харкаўскай, 2 — у Луганскай і адзін у Чарнігаўскай абласьцях.

«Найстарэйшай пацярпелай ад сэксуальнага гвалту, учыненага вайскоўцамі РФ, — 82 гады. 13 крымінальных справаў завялі паводле фактаў учыненьня вайскоўцамі Расеі сэксуальнага гвалту над дзецьмі, у 8 крымінальных справах пацярпелыя — дзеці, малодшай зь іх 4 гады», — паведамляе Нацыянальная паліцыя Ўкраіны.

У сакавіку 2023 году кіраўніца Маніторынгавай місіі ААН у правах чалавека Матыльда Богнэр паведаміла, што на 31 студзеня 2023 году ва Ўкраіне зафіксаваныя 133 ахвяры сэксуалізаванага гвалту.

Сярод ахвяраў гвалту, як удакладніла Богнэр, 85 мужчын, 45 жанчын і тры дзяўчынкі. 109 выяўленых выпадкаў гвалту, «верагодна, учынілі вайскоўцы, супрацоўнікі праваахоўных органаў і пэрсанал пэнітэнцыярных установаў РФ», адзначыла кіраўніца Маніторынгавай місіі. Пры гэтым 24 выпадкі гвалту маглі адбыцца зь віны ўкраінскага боку.

У канцы 2022 году ў офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі зафіксавалі 154 факты сэксуальнага гвалту. Паводле сьледчых, найбольш ад сэксуальных злачынстваў у часе расейскай акупацыі пацярпелі жыхары Кіеўскай, Данецкай і Херсонскай вобласьцяў.

На 23 траўня ва Ўкраіне задакумэнтавалі 88 591 злачынства, учыненае расейскімі вайскоўцамі на тэрыторыі Ўкраіны ва ўмовах вайны.

​
XS
SM
MD
LG