Галоўным прэтэндэнтам на пасаду прэм’ера зьяўляецца дзейны кіраўнік ураду Кір’якас Міцатакіс. 55-гадовы палітык узначальвае партыю «Новая дэмакратыя» з 2016 году. Міцатакіс абяцае займацца скарачэньнем падаткаў, што яго ўрад праводзіў і ў першы тэрмін, таксама ён абяцае дасягнуць 3-працэнтнага гадавога росту эканомікі, дамагчыся большай колькасьці прамых замежных інвэстыцый і менш чым 8-працэнтнага беспрацоўя.
Бацька цяперашняга прэм’ера — Канстантынас Міцатакіс — таксама быў прэм’ер-міністрам у пачатку 1990-х гадоў. Яго сястра — Дора Бакаяніс, былая міністарка замежных спраў і першая жанчына-мэр Атэнаў. Цяперашні мэр сталіцы Костас Бакаяніс — ейны сын.
Галоўным супернікам Міцатакіса зьяўляецца кіраўнік Радыкальная лявіцы (Сырыза) Алексіс Цыпрас, які ачольваў урад з 2015 па 2019 гады. Ён у 2018 дамогся скасаваньня рэжыму строгай эканоміі. Ягоная партыя, як адзначаюць аналітыкі, наблізілася бліжэй да цэнтру ў палітычным спэктры.
Цяпер Цыпрас абяцае змагацца з інфляцыяй, у якой вінаваціць унутраныя «картэлі», павялічыць дзяржаўныя выдаткі на адукацыю і павысіць заробкі дзяржаўных службоўцаў і мэдыцынскіх работнікаў.
Таксама на перамогу прэтэндуе Нікас Андрулакіс з Грэцкай Сацыялістычнай партыі PASOK — традыцыйнага суперніка «Новай дэмакратыі». 44-гадовы Андрулакіс абяцае «зялёны пераход» ад вугалю і прыроднага газу, моцную нацыянальную сыстэму аховы здароўя, празрыстасьць і мэрытакратыю.
Ён асуджае Міцатакіса і Цыпраса як непрыдатных кіраваць Грэцыяй, бо абодва падтрымлівалі палітыку жорсткай эканоміі, якая прывяла да зьбядненьня многіх грэкаў. Ён назваў дзеяньні гэтых двух палітыкаў «папулізмам пры гальштуку і папулізмам бяз гальштуку».
Партыі павінны пераадолець бар’ер у 3%, каб трапіць у парлямэнт. Папярэднія прагнозы заяўляюць, што ў першым туры ніхто не набярэ 50% галасоў, таму, праўдападобна, спатрэбіцца другі тур.
Другі тур галасаваньня, калі спатрэбіцца, адбудзецца прыкладна праз 40 дзён пасьля першага галасаваньня, хутчэй за ўсё, у пачатку ліпеня.