Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка апынуўся на электрычным крэсьле, пульт ад якога ў руках беларускага грамадзтва», — украінскі палітоляг Саак’ян


Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Украінскі палітоляг Алег Саак’ян адказвае на пытаньне, ці мяняе Ўкраіна свае адносіны да беларускай тэмы, заяўляе, што Кіеў даўно вызначыў сваё стаўленьне да Лукашэнкі, і тлумачыць, чаму ўступленьне Беларусь у вайну ўжо не патрэбна нават Маскве.

Сьцісла:

  • У Кіева застаецца скепсіс адносна здольнасьці каманды Ціханоўскай выступіць чыньнікам стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі пасьля краху Расеі.
  • Украіна пакуль трывае Лукашэнку роўна ў той ступені, у якой гэта трэба ў кантэксьце расейска-ўкраінскай вайны.
  • Для Кіева Лукашэнка — жорсткая сёньняшняя рэальнасьць. Але ён у любым выпадку не разглядаецца як заўтрашні дзень Беларусі.
  • Уступленьне Беларусі ў вайну не стварае Расеі дадатковых магчымасьцяў, а наадварот, звужае калідор дзеяньняў і ўскладняе яе становішча.
  • Калі Беларусь будзе непасрэдна ўцягнутая ў расейска-ўкраінскую вайну — гэта азначала б палітычную сьмерць Лукашэнкі.

— 14 траўня ў нямецкім Аахэне прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паціснуў руку Сьвятлане Ціханоўскай. Трохі раней ён заявіў, што 70% насельніцтва Беларусі супраць Расеі ў яе вайне з Украінай. Ці можна казаць, што нешта мяняецца ў стаўленьні афіцыйнага Кіева да беларускай тэмы?

— Я б сказаў, што Ўкраіна пачынае даволі выразна артыкуляваць сваё стаўленьне да Беларусі. Што да Ціханоўскай, то я б пакуль устрымаўся ад нейкіх завышаных чаканьняў і празьмернага аптымізму.

Алег Саак’ян
Алег Саак’ян

Згаданая сустрэча зь Зяленскім сьведчыць, што Ўкраіна ня мае нэгатыўнага стаўленьня да Ціханоўскай (што дэкляравалася і раней). Але пры гэтым у Кіева застаецца скепсіс адносна здольнасьці каманды Ціханоўскай выступіць чыньнікам стабілізацыі сытуацыі ў Беларусі пасьля краху Расеі і верагоднага крызісу лукашэнкаўскага рэжыму. Я ня думаю, што ўкраінская ўлада разглядае Ціханоўскую як рэальную і дастаткова моцную альтэрнатыву.

— Але калі, з вашага пункту гледжаньня, беларускія дэмакратычныя сілы не даюць вялікіх надзеяў, то што можна сказаць пра стаўленьне Кіева да Лукашэнкі? Ці можна сьцьвярджаць, што Ўкраіна не спадзяецца на нейкія магчымыя развароты Лукашэнкі і стратэгічна паставіла на ім крыж? Ці па-ранейшаму спадзяецца, што пры пэўным варыянце разьвіцьця падзеў Лукашэнка зноў можа стаць, як яго называлі да 2020 году, «гібрыдным саюзьнікам Украіны»?

— Украіна дакладна вызначыла свой стратэгічны падыход да Беларусі. Украіне патрэбна і важная незалежная, дэмакратычная Беларусь з законна абранай уладай — у стратэгічнай пэрспэктыве. У сёньняшняй ваеннай сытуацыі ўкраінскі тактычны інтарэс — гэта максымальна суб’ектная і максымальна прадказальная Беларусь. І ў меру гэтага Ўкраіна гатовая не пераціскаць сытуацыю, каб пакінуць Лукашэнку пэўную прастору, якую ён можа выкарыстаць для падвышэньня сваёй абмежаванай суб’ектасьці ў дачыненьні да Расеі.

Таму для Кіева Лукашэнка ні ў якім разе не сябра, але жорсткая сёньняшняя рэальнасьць. Але ён у любым выпадку не «заўтра».

— Украінскія афіцыйныя асобы паведамляюць, што колькасьць расейскіх войскаў у Беларусі апошнія месяцы памяншаецца і цяпер зьнізілася да 2 тысяч. Ці гэта ў вачах Кіева азначае, што рызыка нападу на Ўкраіну з поўначы, з тэрыторыі Беларусі, зьменшылася і сёньня яе амаль няма? Бо вельмі нерэалістычна, што само беларускае войска будзе нападаць

— Я б гэта расцэньваў як усьведамленьне Расеяй сваёй няздольнасьці забясьпечыць напад з поўначы. Адпаведна, сёньня маем сытуацыю ўмоўна стабільнай мяжы паміж Беларусьсю і Ўкраінай. Ілюзіі адносна ўласнай моцы і здольнасьці захапіць Кіеў у Крамлі ўжо зьніклі. Сілы Расеі сьцягваюцца на лінію фронту, якая існуе, Расея не спрабуе яе расьцягнуць.

Матываванасьць беларускага войска на гранічна нізкім узроўні. Уступленьне Беларусі ў вайну непрапарцыйна павялічыла б патрэбы фронту, запатрабавала б адцягваньня рэсурсаў Расеі. Таму ўступленьне Беларусі ў вайну не стварае Расеі дадатковых магчымасьцяў, а наадварот, звужае калідор дзеяньняў і ўскладняе яе становішча.

— То бок, Беларусь не ўступае ў вайну толькі таму, што Крэмль не дае такога загаду? Але як бы вы ацанілі даўжыню таго павадка, на якім знаходзіцца Лукашэнка, ступень ягонай залежнасьці ад Масквы?

— Гэты павадок сапраўды вельмі кароткі. Лукашэнка знаходзіцца ў татальнай залежнасьці ад Расеі. Але пры гэтым у яго застаецца пэўная прастора для ўласных рашэньняў. З аднаго боку, за кошт кітайскага чыньніка, які ня варта недаацэньваць — хаця, вядома, ён не перабівае сабой ступень расейскага ўплыву.

Але галоўны чыньнік нярэдка забываюць. Лукашэнка апынуўся на электрычным крэсьле, пульт ад якога ў руках беларускага грамадзтва. І гэтае грамадзтва выразна дэкляруе, што яно трывае Лукашэнку пры ўладзе толькі дзякуючы аднаму тэзісу — «вось Расея ваюе, Украіна ваюе, а Беларусь — не».

У тым выпадку, калі Беларусь будзе непасрэдна ўцягнутая ў расейска-ўкраінскую вайну (больш за тое, уласным войскам і на сваёй тэрыторыі) — гэта азначала б палітычную сьмерць Лукашэнкі. Грамадзтва паказала б яму чырвоную картку. Наяўнасьць гэтай грамадзкай думкі і падмытая легітымнасьць Лукашэнкі, якая трымаецца толькі на адной назе («у нас няма вайны») і стварае пэўную прастору для Лукашэнкі ў адносінах з Масквой.

— У Беларусі часам гучаць перасьцярога, што пасьля таго, што можна назваць «перамогай Украіны», афіцыйны Кіеў вернецца да ранейшага стаўленьня да Лукашэнкі, цынічнага і дзелавога. Натуральна, беларусы ня маюць права маральна ціснуць на Ўкраіну і патрабаваць ад яе забыцца на свае нацыянальныя інтарэсы дзеля каштоўнасьцяў. Але якое стаўленьне да Лукашэнкі будзе ў нацыянальных інтарэсах Украіны?

— Украіна пакуль трывае Лукашэнку роўна ў той ступені, у якой гэта трэба ў кантэксьце расейска-ўкраінскай вайны. Трэба нагадаць, што яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, нягледзячы на ўсе рызыкі, зьвязаныя з нацыянальнай бясьпекай, і нягледзячы на спробы Менску пабудаваць добрыя асабістыя адносіны паміж Лукашэнка і Зяленскім, у момант пачатку дэмакратычнай рэвалюцыі ўкраінскія ўлады і грамадзтва занялі выразную пазыцыю ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі.

Для ўкраінскага грамадзтва гэта ёсьць фундамэнтальнай каштоўнасьцю. Украінскае грамадзтва не зразумела б украінскую ўладу, калі б тая заняла іншую пазыцыю. І нават разумеючы, што гэта нясе пэўныя рызыкі для нацыянальнай бясьпекі, Украіна заняла такую пазыцыю, зрабіла такі выбар. Таму пасьля завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны ўвогуле няма ніякіх варыянтаў, пры якіх Украіна талерантна ставілася б да дыктатуры ў Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG