Зяленскі: «Звыш 70% беларусаў супраць Расеі. І гэта ўжо вялікая розьніца»

Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны ўпэўнены, што большасьць беларусаў падтрымлівае Ўкраіну і зычыць ёй перамогі ў вайне.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перакананы, што больш за 70% насельніцтва Беларусі выступае супраць Расеі і падтрымлівае Ўкраіну. Пра гэта палітык сказаў у інтэрвію італьянскім СМІ.

«Я ня лічу, што Беларусь — гэта Расея. Расея робіць усё, каб Беларусь стала Расеяй. Нават не для таго, каб яна была часткай Расеі... Але людзі, больш за 70% насельніцтва Беларусі сёньня супраць Расеі, засмучаныя вайной, падтрымліваюць Украіну. І гэта ўжо вялікая розьніца, значыць, нягледзячы на інфармацыйную палітыку і любыя наратывы, беларусы змагаюцца.

Цяжка, калі табе па тэлевізіі, у інтэрнэце і ў газэтах кажуць, што Расея — твой брат, а Ўкраіна — вораг, цяжка жыць у гэтым наратыве. Але яны змагаюцца, і я веру, што грамадзтва Беларусі застанецца незалежным.

Цяжка, гэта таксама вайна. Ахвяраў у іх няма, але ёсьць страчаныя людзі з прамытымі мазгамі. Гэта вайна за незалежнасьць, свабоду выбару. Яны разумеюць, што могуць быць наступнымі. Яны, Малдова ці краіны Балтыі — хто наступны?» — сказаў Зяленскі.

Шэраг краін сьвету ўвялі супраць Беларусі санкцыі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскага ваеннага нападу на Ўкраіну.

​
XS
SM
MD
LG