Для паставак Украіне зьнішчальнікаў амэрыканскай вытворчасьці F-16 патрэбна згода амэрыканскага ўраду.
Кіраўнікі ўрадаў Вялікай Брытаніі і Нідэрляндаў Рышы Сунак і Марк Рутэ заявілі аб стварэньні міжнароднай кааліцыі па дапамозе Ўкраіны для павелічэньня яе паветраных магчымасьцяў у вайне з Расеяй.
У заяве ўраду Вялікай Брытаніі паведамілі, што такая дамоўленасьць стала вынікам іхнай сустрэчы ў межах саміту Рады Эўропы ў Ісьляндыі. Кіраўнікі абедзьвюх краін «пагадзіліся, што будуць працаваць над стварэньнем міжнароднай кааліцыі, каб забясьпечыць Украіне баявыя паветраныя магчымасьці, падтрымліваючы ўсё: ад навучаньня да закупкі самалётаў F-16».
У сваім звароце да ўкраінцаў увечары 16 траўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўдакладніў, што над «кааліцыяй зьнішчальнікаў» разам з Украінай будуць працаваць Вялікая Брытанія, Нідэрлянды і Францыя. Паводле яго, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон 16 траўня таксама падтрымаў гэтую ініцыятыву. «Добры пачатак кааліцыі», — сказаў Зяленскі.
Для паставак Украіне зьнішчальнікаў амэрыканскай вытворчасьці F-16 патрэбна згода амэрыканскага ўраду. Пакуль што фармальна Белы дом адмаўляўся перадаваць Кіеву самалёты, спасылаючыся на цяжкасьці, зьвязаныя з падрыхтоўкай пілётаў, абслугоўваньнем зьнішчальнікаў, а таксама іхнай безабароннасьцю перад расейскімі сродкамі супрацьпаветранай абароны.
16 траўня ўрад Вялікай Брытаніі паведаміў, што пачне падрыхтоўку ўкраінскіх пілётаў для ажыцьцяўленьня палётаў на зьнішчальніках F-16.