Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спыніла пагадненьне з Украінай пра тэхнічную абарону інфармацыі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пагадненьне падпісалі ў студзені 2003 году, цяпер яго спыніў Савет міністраў.

Пагадненьне спынена пастановай № 309 ад 15 траўня. Яе можна прачытаць на Нацыянальным прававым партале.

Разам з гэтым страцілі сілу некалькі пастаноў і пратакол аб унясеньні зьмяненьня ў дадзенае пагадненьне, падпісаны ў верасьні 2014 году.

Дакумэнт рэглямэнтаваў абыходжаньне з інфармацыяй абмежаванага доступу, якая перадаецца бакамі адзін аднаму. Ён таксама зьмяшчаў абавязацельства не перадаваць такую інфармацыю іншым дзяржавам, юрыдычным і фізычным асобам безь пісьмовай згоды боку, які перадаў інфармацыю.

Упаўнаважанымі органамі па дамове выступалі Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) і Апэратыўна-аналітычны цэнтар (ААЦ) пры Лукашэнку.

Спыніць гэтае пагадненьне Ўрад Украіны прасіў у Вярхоўнай Рады яшчэ ў сьнежні 2022 году.

Усяго з пачаткам вайны Ўкраіна спыніла дзеяньне, выйшла або дэнансавала больш за 20 пагадненьняў і дамоваў зь Беларусьсю. Гэта адбылося пасьля таго, як кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію супраць Украіны, а таксама дазволіла Расеі карыстацца ўсёй вайсковай інфраструктурай для ўварваньня расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну, а таксама беларускай паветранай прасторай для абстрэлаў украінскіх гарадоў.

Украіна выйшла больш чым з 20 з пагадненьняў зь Беларусьсю:

  • аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
  • аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
  • аб паветраных зносінах;
  • аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
  • аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году,
  • аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
  • аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
  • узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадстаўленыя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
  • аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
  • аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
  • аб супрацы памежных структур і малым памежным руху;
  • аб супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй;
  • аб пазьбяганьні падвойнага падаткаабкладаньня;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
  • аб суднаходзтве па ўнутраных водных шляхах;
  • аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
  • аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
  • аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгій;
  • аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
  • міжведамаснага пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў;
  • аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
  • аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.

Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG