Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка падмануў беларусаў на рэфэрэндуме ў 1995-м


Герб "Пагоня", піксэль-арт, 2019 год
Герб "Пагоня", піксэль-арт, 2019 год

14 траўня 1995 года па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі правялі рэфэрэндум, у выніку якога былі зьмененыя дзяржаўныя сымбалі, расейская мова атрымала статус дзяржаўнай, краіна ўзяла курс на яшчэ больш шчыльную інтэграцыю з Расеяй, а прэзыдэнт атрымаў права распускаць парлямэнт.

Пра рэфэрэндум 1995 году за мінулыя дзесяцігодзьдзі сказана, здавалася б, усё. У тым ліку і тое, што прызначаны ён быў з парушэньнямі Канстытуцыі і шэрагу законаў, з прымяненьнем фізычнай сілы да дэпутатаў Апазыцыі БНФ, што і праводзіўся з парушэньнямі заканадаўства (да прыкладу, апанэнты Лукашэнкі ня мелі магчымасьці выказаць сваё меркаваньне ў дзяржаўных СМІ).

Усё гэта дазваляе паставіць легітымнасьць рэфэрэндуму пад сумнеў. І ўсё ж некаторыя дэталі падзеяў да гэтага часу застаюцца малавядомымі альбо забыліся.

Зьмены сымболікі і ўвядзеньня дзьвюхмоўя ў перадвыбарчай праграме Лукашэнкі не было

Тое, што Лукашэнка не ўспрыняў статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню» у якасьці дзяржаўных сымбаляў, як чалавек, які чатыры гады правёў зь ім у Авальнай залі ў якасьці дэпутата, я ведаў добра.

І быў упэўнены, што і на прэзыдэнцкія выбары ў 1994-м ён ішоў з праграмным патрабаваньнем зьмяніць і статус мовы, і сымболіку. Аж да моманту, пакуль я не пачаў працаваць над кнігамі, прысьвечанымі пачатку 90-х. Праца гэтая вымушала абапірацца ня толькі на ўласныя ўспаміны і адчуваньні, але і на дакумэнты. І тут мяне чакала адкрыцьцё.

Прааналізаваўшы ўсе даступныя мне перадвыбарчыя праграмныя выступы Лукашэнкі, я не знайшоў ніводнага, дзе б ён патрабаваў скасаваньня статусу дзяржаўных сымбаляў («Пагоні» альбо бел-чырвона-белага сьцяга). Дакладна памятаю, што ў адным з радыёвыступаў ён казаў пра тое, што гэтыя сымбалі нібыта не прымаюцца старэйшым пакаленьнем і, у прыватнасьці, вэтэранамі, але стэнаграмы той прамовы ў мяне няма.

Тое, што Лукашэнка нэгатыўна выказваецца на сустрэчах пра бел-чырвона-белы сьцяг і пра «Пагоню», сакрэтам не было. Усе гады ён насіў чырвона-зялёны, а ня бел-чырвона-белы дэпутацкі значок. Але на сэсіях Вярхоўнага Савета (у тым ліку і той, якая папярэднічала выбарам) Лукашэнка ня выступіў за скасаваньне нацыянальных сымбаляў у якасьці дзяржаўных.

Канешне, тыя ягоныя бліжэйшыя паплечнікі, якія потым увайшлі ў перадвыбарчы штаб, маглі б запытацца ў Лукашэнкі, чаму ён ігнаруе дзяржаўны сьцяг. Як мінімум, гэта павінна было іх насьцярожыць. Але яны альбо не надавалі гэтаму значэньня, альбо лічылі слушным – у мэтах прыцягненьня на свой бок старэйшай часткі электарату.

Крыху іншай была сытуацыя зь дзяржаўнасьцю беларускай мовы. Ад самага пачатку свайго дэпутацтва Лукашэнка выступаў за «роўнасьць моваў», што ў вачах дасьведчанага чалавека ўспрымалася як агітацыя за наданьне расейскай мовы статусу дзяржаўнай (і, адпаведна, ліквідацыя статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай). Але актыўным агітатарам за гэта (на адным узроўні, напрыклад, са старшынёй філіялу расейскай партыі «Яблоко» Вольгай Абрамавай ці выдаўцом Уладзімерам Патупам, якія наўпрост патрабавалі рэфэрэндуму за ўвядзеньне дзьвюхмоўя яшчэ ў 1992 годзе), да пэўнага моманту, трэба прызнаць, Лукашэнка ня быў.

У выніку тыя, хто прагнуў замяніць нацыянальныя сымбалі на нэасавецкія ды зьнізіць статус беларускай мовы, мелі магчымасьць пераканацца, што Лукашэнка – гэта той чалавек, які рэалізуе іх жаданьне.

І пры гэтым у ягонай афіцыйнай праграме, зьмешчанай у асноўных дзяржаўных газэтах на выбарах 1994 году, ні ліквідацыя статусу беларускай мовы, ні зьмена дзяржаўнай сымболікі не фігуравалі.

Дазволю сабе выказаць меркаваньне, што, калі б ён унёс гэтыя тэмы ў сваю перадвыбарчую праграму і актыўна за іх агітаваў, вынікі галасаваньня на выбарах маглі б быць іншымі.

Так, калі б узровень нацыянальнай сьвядомасьці беларускага грамадзтва ў 1994 годзе, ягонае асэнсаваньне незалежнасьці дзяржавы былі б больш высокімі, хапіла б і адной фразы «Я гатовы на каленях паўзьці ў Расею», вымаўленай ім летам 1993-га (тады, нагадаю, Апазыцыя БНФ запатрабавала пазбавіць яго дэпутацкага мандату), каб не абраць яго прэзыдэнтам.

Але і пры тым стане грамадзтва заява пра вяртаньне да савецкай сымболікі ды зьмену статусу беларускай мовы магла істотна зьменшыць колькасьць тых, хто аддаў за яго галасы. Хай бы гэта былі толькі 10% – рызыкаваць імі Лукашэнка і ягоныя паплечнікі не жадалі.

Фактычна, Лукашэнка падмануў сваіх выбаршчыкаў – як пазьней выявіцца, далёка не апошні раз.

Гэтага хацеў не народ, а Масква

Яшчэ адзін устойлівы міт – што жаданьне Лукашэнкі і прарасейскіх сілаў зьмяніць сымбалі і статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай цалкам супадалі з памкненьнямі бальшыні беларускага народу. Гэта няпраўда. «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг на пачатак 1995 году ўжо замацаваліся ў грамадзкай сьвядомасьці як паўнавартасныя дзяржаўныя сымбалі. Пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй» ствараліся інстытуцыі незалежнай дзяржавы – войска, мытня, памежная служба, пад гэтым сьцягам беларускія спартоўцы заваёўвалі мэдалі на міжнародных спаборніцтвах, пад імі краіна набывала аўтарытэт міралюбнай дзяржавы, якая першай на кантынэнце добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі.

Зьмяніць сымболіку і статус моваў жадала ня большасьць беларускага народу, як гэта потым стала падавацца афіцыйнай прапагандай. Я мог бы прывесьці шмат фактаў у пацьверджаньне, але абмяжуюся толькі некалькімі лічбамі. У 1993 годзе 80% першаклясьнікаў краіны пайшлі ў беларускія клясы (г.зн. з беларускай мовай навучаньня). Як вы думаеце, колькі абураных «гвалтоўнай беларусізацыяй» бацькоў зьвярнуліся ў дзяржаўныя органы, напрыклад, у Менску? У камісію па адукацыі Менскага гарсавету напісалі ліст 9 (дзевяць) чалавек – на ўвесь амаль двухмільённы Менск. (У дужках заўважу, што дзеці ўсіх дзевяцярых былі імгненна пераведзеныя ў расейскамоўныя клясы; параўнайце гэта з тым, як сёньня задавальняюцца просьбы бацькоў даць іх дзецям гарантаваную законам адукацыю на беларускай мове).

І яшчэ адна лічба. У пачатку 1995-га для абгрунтаваньня рэфэрэндуму адміністрацыя прэзыдэнта распачала збор подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савета, якія нібыта па сваёй ініцыятыве зьвярталіся да Лукашэнкі з просьбай зьмяніць дзяржаўную сымболіку і надаць расейскай мове роўны зь беларускай статус.

Вярхоўны Савет, абраны яшчэ пры панаваньні КПСС, не вызначаўся нейкай прагрэсіўнасьцю, прыхільнасьцю да дэмакратыі да асаблівай нацыянальнай арыентаванасьцю. Складаўся ён у той момант з крыху больш чым 300 дэпутатаў (некаторыя выбарчыя акругі так і засталіся вакантнымі). Подпісы пад зваротамі да Лукашэнкі (іх было два, адзін – наконт мовы, другі – пра сымбалі) зьбіралі не адзін тыдзень. Рабілі гэта людзі з адміністрацыі прэзыдэнта, якая на той момант ужо ўсталявала кантроль і над Вярхоўным Саветам, і над урадам, і магла рэальна паўплываць на кар’еру таго ці іншага дэпутата.

Дык вось, падпісаліся толькі 74 дэпутаты – гэта менш чым чвэрць дэпутацкага корпусу.

Такім чынам, зьмяніць сымболіку і статус мовы жадала ня большасьць беларускага народу, як гэта потым стала падавацца афіцыйнай прапагандай. Такіх зьменаў жадала Масква, і для Лукашэнкі гэтага было дастаткова.

Галасуючы за «новае», выбіралі вяртаньне старога

Махлярства – слова, якое, на мой погляд, найбольш падыходзіць да таго, як было арганізавана галасаваньне 14 траўня 1995 году.

Літаральна назаўтра шмат хто скардзіўся, што арганізацыя працэдуры вызначалася бязладзьдзем – напрыклад, выявы прапанаваных Лукашэнкам гербу і сьцяга адсутнічалі ў бюлетэнях. Аднак насамрэч тут не было нічога выпадковага: усё было прадумана загадзя.

Адначасна з рэфэрэндумам праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, па многіх акругах балятавалася па дзесяць, а то і болей кандыдатаў. Іх партрэты і біяграфіі віселі, як таго і патрабаваў закон, на інфармацыйных стэндах дзе-небудзь збоку, удалечыні ад кабінак для галасаваньня. Паколькі папярэднія некалькі тыдняў кандыдаты праводзілі сустрэчы з выбаршчыкамі ды раскідвалі свае ўлёткі, гэтымі інфастэндамі выбаршчыкі ня надта цікавіліся – тым больш, што добрая палова іх, як звычайна, ужо ведала, каму аддаць свой голас.

А цяпер уявіце сабе, напрыклад, 40-гадовага чалавека, які ня тое каб абсалютна індыфэрэнтны да лёсу сваёй краіны, але і палітычнымі нюансамі ня надта цікавіцца. 37 гадоў свайго жыцьця ён пражыў пад сьцягамі і гербамі СССР і БССР, і толькі тры з паловай (зь верасьня 91-га) – пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй». У ягоным успрыманьні які сьцяг і герб былі новымі? Канешне, бел-чырвона-белы і «Пагоня». Ён бярэ бюлетэнь, чытае пытаньне «Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб усталяваньні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?», ніякіх выяваў сымбаляў у бюлетэні ня бачыць і, мяркуючы, што «новыя» – гэта «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг (бо толькі некалькі год як прынятыя), адказвае на пытаньне станоўча, выкрэсьліваючы «Не» і пакідаючы «Так». А юрыдычна – галасуе за сымбалі, прапанаваныя Лукашэнкам.

Тое, што людзі патрапіліся ў гэтую пастку, у наступныя тыдні і месяцы я чуў ад шмат каго ня толькі ў Менску, але і ў розных рэгіёнах краіны. Канешне, гэткая матывацыя была не ва ўсіх – дапускаю, што нават і ня ў большасьці. Але цалкам магчыма, што без такой «хітрасьці», якая нібыта і не парушала закон аб рэфэрэндуме, станоўчых адказаў лукашэнкаўскія герб і сьцяг не назьбіралі б.

Што ж да ацэнкі галасаваньня 14 траўня 1995 па ўсіх чатырох пытаньнях рэфэрэндуму і па выбарах у ВС у катэгорыях дэмакратыі і права, дык група АБСЭ прызнала яго не адпаведнымі дэмакратычным стандартам і зьвярнула ўвагу на парушэньні заканадаўства.

Увогуле, даць ацэнку мусіла б і Цэнтральная камісія па выбарах і рэфэрэндумах і, на здаровы розум, ануляваць вынікі галасаваньня. Але камісія гэтага не зрабіла (неўзабаве старшыня ЦВК Уладзімер Абрамовіч будзе прызначаны на пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта; ягоная дачка Натальля Карповіч сёньня – намесьніца старшыні Канстытуцыйнага Суду, унесеная ў санкцыйныя сьпісы).

Зрабіў тое, чаго не абяцаў

Бяз двух гадоў тры дзесяцігодзьдзі, якія прайшлі пасьля рэфэрэндуму – дастатковы тэрмін, каб прааналізаваць і ацаніць ягоныя вынікі для грамадзтва і для краіны. Скасаваньне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і наданьне гэтага статусу расейскай мове, як і папярэджвалі ў 1995 годзе Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, а таксама дэпутаты БНФ і актывісты ТБМ – спачатку загнала беларускую мову ў своеасаблівае гета, а цяпер і ўвогуле паставіла на мяжу зьнікненьня з грамадзкага ўжытку (зь дзяржаўнага ўжытку яна зьнікла амаль адразу пасьля рэфэрэндуму).

Замена нацыянальных сымбаляў на мадэрнізаваныя савецкія адразу ж панізіла імідж Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасьці – на фоне іншых постсавецкіх краінаў, якія ў тым ліку і вяртаньнем да гістарычнай сымболікі прадэманстравалі разрыў з камуністычным мінулым.

Ва ўнутраным жа жыцьці Беларусі зьмена дзяржаўнай сымболікі мела куды больш даўгія і цяжкія наступствы: для многіх нацыянальна арыентаваных людзей яна была моцным дэмаралізуючым ударам, стратай веры ў станоўчыя перамены.

Лукашэнкаўская ж («новая», як было пазначана ў рэфэрэндумных бюлетэнях) асацыюецца, асабліва пасьля 2020-году, з падаўленьнем народных выступаў за свабоду і бязьмежным гвалтам рэпрэсіўнага апарату.

Эканамічная інтэграцыя з Расеяй вылілася ў поўную эканамічную і палітычную залежнасьць Беларусі ад Крамля. Сёньня адна з тэмаў спрэчак палітолягаў – ці ёсьць Беларусь дамініёнам, ці калёніяй, ці ўжо дэ-факта стала часткай Расейскай Фэдэрацыі. І нарэшце, пытаньне, якое, адрозна ад трох іншых, мела не абавязковы, а кансультатыўны характар: права прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Лукашэнка ўспрыняў гэтае права як абавязковае для выкананьне і скарыстаўся ім ужо праз год, разагнаўшы спачатку Вярхоўны Савет, потым Канстытуцыйны суд, ну, а пазьней зьнішчыўшы і парлямэнтарызм, і канстытуцыйную законнасьць, і ўвогуле якую-небудзь законнасьць. Нічога з гэтага, як вядома, у лукашэнкавай перадвыбарчай праграме не было, народ пра гэта ў яго не прасіў.

А значыць, і тут ён – падмануў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG