Адзін з судоў Кіева адмовіў грамадзяніну Беларусі, які хацеў ваяваць на баку Ўкраіны ў складзе беларускага нацыянальнага падразьдзелу, у скасаваньні пастановы Службы бясьпекі Ўкраіны аб прымусовым вяртаньні ў краіну паходжаньня або трэцюю краіну.
Пасяджэньне суду прайшло 16 сакавіка ў закрытым рэжыме, але рашэньне па яго выніках апублікавалі толькі цяпер.
У кастрычніку 2022 году Служба бясьпекі Ўкраіны правяла апытаньне грамадзяніна Беларусі з выкарыстаньнем паліграфа і па яго выніках рэкамэндавала яму пакінуць тэрыторыю Ўкраіны да 23 кастрычніка 2022 году. Беларус у сваю чаргу зьвярнуўся ў суд па скасаваньне гэтага рашэньня.
У судовым рашэньні адзначаецца, што ў часе апытаньня пры дапамозе паліграфа супрацоўнікі СБУ атрымалі зьвесткі, якія сьведчаць «аб магчымым знаходжаньні беларуса ў агентурным апараце спэцслужбаў або праваахоўных органаў Беларусі і выкананьні задач на шкоду нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».
«Улічваючы варожае стаўленьне Рэспублікі Беларусь да Ўкраіны было прапанавана органу вайсковага ўпраўленьня Ўзброеных сіл Украіны адмовіць грамадзяніну Беларусі ў праходжаньні вайсковай службы ў нацыянальных вайсковых фармаваньнях Украіны, паколькі знаходжаньне грамадзян Беларусі, якія скампрамэтаваныя супрацай з нацыянальнымі спэцслужбамі, на тэрыторыі Ўкраіны стварае пагрозу дзяржаўнай бясьпецы», — патлумачылі прадстаўнікі СБУ на судовым пасяджэньні.
Па выніках апытаньня супрацоўнікі СБУ таксама нібыта выявілі ў беларуса прыкметы «дэвіянтных паводзінаў» і «дэзадаптацыйныя схільнасьці, якія могуць ускладніць знаходжаньне гэтай асобы ў шэрагах Узброеных сіл Украіны і прывесьці да цяжкіх наступстваў».
Суд палічыў, што атрыманая ў часе контравыведнай праверкі інфармацыя сьведчыць аб «учыненьні беларусам дзеяньняў, якія супярэчаць інтарэсам забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны і аховы грамадзкага парадку», і зьяўляецца дастатковай падставай для прымусовага вяртаньня беларуса ў краіну паходжаньня або трэцюю краіну.
У апублікаваным судовым рашэньні, згодна з заканадаўствам Украіны аб ахове пэрсанальнай інфармацыі, замест прозьвішча беларуса выкарыстоўваецца фармуляваньне «АСОБА_1».
Летась у кастрычніку стала вядома, што з Украіны вымушаныя былі выехаць два беларускія добраахвотнікі — былы палітвязень Ціхан Клюкач і баец з пазыўным «Карыч», якога СБУ нібыта і западозрыла ў супрацы з КДБ Беларусі.
Тады Ціхан Клюкач сьцьвярджаў, што «Карыча» ў Беларусі аднойчы затрымліваў КДБ, пасьля гэтага той выехаў і больш не вяртаўся.
Вядома, што «Карыч» вучыўся ў Польшчы на праграме імя Каліноўскага і доўга не наведваў Беларусь. Але ў лютым 2022 году ў часе сваёй паездкі ў Беларусь ён трапіў у раённы аддзел КДБ і пад пагрозай зьняволеньня пагадзіўся на супрацу. Па вяртаньні ў Польшчу ён адразу аб гэтым паведаміў польскім спэцслужбам і рэкрутэрам добраахвотнікаў ва Ўкраіну.
Афіцыйны прадстаўнік ініцыятывы Prague Support Team Кірыл Якімовіч расказваў Свабодзе, што ён сустракаў «Карыча» у Польшчы.
«Вялікая да яго павага, што амаль адразу ён сказаў, што падпісаў паперу аб супрацы з КДБ. Ён гэтага ня ўтойваў і не адмаўляў. У мяне да „Карыча“ вельмі добрае стаўленьне. Мы пракансультаваліся са службай бясьпекі „Пагоні“. Яны прапанавалі максымум пазбавіцца ад тэлефона, які пабываў у КДБ. „Карыча“ правяралі палякі на паліграфе. Выбітае дубінкамі падпісаньне ня значыць, што супрацоўнічаў».
Сам «Карыч» пакуль не раскрывае сваёй асобы і не дае інтэрвію.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.