Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Рамана па выніку ні волі, ні гонару. Мне шкада яго». Былы рэдактар Nexta пра тое, чаму Лукашэнка не дараваў Пратасевічу


Раман Пратасевіч на судзе.
Раман Пратасевіч на судзе.

Чаму ўлады не даравалі Раману Пратасевічу, які пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам? Які сыгнал дае гэты вырак тым палітвязьням, хто вагаецца, ці ісьці на супрацу з уладай? Чаму менавіта Пуціла, Рудзік і Пратасевіч сталі аднымі з галоўных ворагаў улады?

Што адбываецца з аўдыторыяй тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі»? Пра гэта размаўляем з журналістам, блогерам, сябрам Каардынацыйнай рады, прадстаўніком арганізацыі «Рух» і былым рэддактарам праекту Nexta Янам Рудзікам.

Глядзець размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

— У Менскім абласным судзе Вячаслаў Тулейка агучыў выракі — Раману Пратасевічу, які пагадзіўся на супрацоўніцтва са сьледзтвам, прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Сьцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вас і Пуцілу судзілі завочна. Ваша рэакцыя?

— Я нават крыху разгубіўся. Ня кожны дзень у краіне твайго нараджэньня табе 19 гадоў даюць, асабліва з улікам таго, што за забойства дзіцяці могуць 8 гадоў даць, а тут 19. З аднаго боку, гэта далёка, зь іншага — крыху сумнавата становіцца. Ганаруся крыху, бо з усіх судоў, што адбываліся, у мяне «срэбра» атрымліваецца...

— Ці былі нечаканымі лічбы ў выраку?

— 8 гадоў. Рома Пратасевіч быў цёмным конікам. Інтрыга да апошняга была, як гэта адбудзецца. Але выглядае цалкам лягічна, калі нам — 20 і 19 гадоў, то яму зрэзалі тэрмін напалову за тое, што ўсіх здаў. У межах лукашэнкаўскага заканадаўства гэта выглядае лягічным.

— Як вы думаеце, чаму не даравалі Пратасевічу? Падаецца, ён пайшоў на максымальную супрацу з уладай, прапагандыстамі, сілавікамі, выканаў усе пастаўленыя задачы. Ці ня ўсе?

— Таму што яны нічога нікому не даруюць. Супраца з гэтай дзяржавай ніколі не прыводзіла ні да чога добрага. Гэта заўжды гульня ў адны вароты. Яму даравалі ўжо тым, што скарацілі тэрмін. Пракурор прасіў 10 гадоў, а далі 8. Гэта зь іх пункту гледжаньня ўжо гуманна. Гэта добры прыклад, які паказвае, што ім нельга верыць. Атрымліваецца, што ў Рамана па выніку ні волі, ні гонару няма. Мне шкада яго. Складаны лёс у хлопца.

— Раман Пратасевіч будзе пад хатнім арыштам да набыцьця выракам сілы. Ён мае 10 дзён на абскарджаньне. Наколькі вам бачыцца імаверным тое, што ўлады працягнуць выкарыстоўваць Пратасевіча і што агучаныя 8 гадоў — зусім не канчатковае рашэньне?

— Гэтага нельга выключаць. Сытуацыя, якая адбываецца з Ромам, — гэта спэктакль. Гэта сюжэт, які нам навязваюць. Мы яго не кантралюем. Гэты сцэнар цалкам належыць дзяржаве. Таму наагул магчыма, што ён не паедзе ў турму, а нават калі паедзе, то напіша запыт на памілаваньне да Лукашэнкі і такім чынам вызваліцца празь некалькі месяцаў. А магчыма і не.

— Юры Зянковіч, трапіўшы за краты за нібыта «замах» на Лукашэнку, пайшоў на супрацоўніцтва са сьледзтвам, аднак атрымаў 11 гадоў пазбаўленьня волі — больш за іншых фігурантаў гэтай справы. Не закрытая крымінальная справа супраць Юрыя Васкрасенскага. «Пакаяньне не ратуе», напісаў аналітык Валер Карбалевіч. Які сыгнал дае сёньняшні вырак Раману Пратасевічу тым, хто вагаецца, ці ісьці супрацу з уладай?

— Калі трапляеш у рукі дзяржавы, то пачынаеш быць яе мэханізмам. І тут толькі пытаньне сумленьня. Рабіць, як зрабіў Севярынец, Бабарыка, стаяць на сваім — ці пачынаць манэўраваць? На мой погляд, калі ў цябе ёсьць такія аб’ёмы інфармацыі і ад цябе залежыць столькі лёсаў, як было ў Пратасевіча, усё ж трэба было трымаць сябе ў руках. Ягоны лёс — гэта адно, а колькі лёсаў ён зламаў — гэта ўжо іншае...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG