Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы затрымалі беларуса за перавозку 18 мігрантаў з Афганістану


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На польска-беларускай мяжы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. На польска-беларускай мяжы

У раёне польскай вёскі Нараўка затрымалі беларуса за перавозку 18 грамадзян Афганістану, паведаміла 29 красавіка польская памежная служба.

Акрамя беларуса, за садзейнічаньне нелегальнай міграцыі таксама затрымалі двух грамадзян Латвіі, якія перавозілі 11 афганцаў, і грамадзяніна Грузіі, які прыбыў за 4 мігрантамі.

За мінулы дзень 108 мігрантаў спрабавалі трапіць у Эўразьвяз з тэрыторыі Беларусі. У Польшчу спрабавалі нелегальна трапіць 75 замежнікаў. Зь іх 7 чалавек пры выглядзе патрулёў вярнуліся на тэрыторыю Беларусі, паведамляе польская памежная служба.

На латвійска-беларускай мяжы за 28 красавіка затрымалі 22 чалавекі, на літоўска-беларускай — 11, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Памесячная статыстыка, якую вывеў BPN на падставе штодзённых зьвестак, сьведчыць пра рост напружанасьці на мяжы Беларусі і Эўразьвязу: у студзені было 1 989 спробаў нелегальнага пераходу мяжы, у лютым — 2 034, у сакавіку — 3 401. З пачатку 2023 году нелегальна спрабавалі трапіць:

  • у Польшчу: у студзені — 1 398 мігрантаў, у лютым — 1519, у сакавіку — 2 583;
  • у Латвію: у студзені — 372 мігранты, у лютым — 377, у сакавіку — 559;
  • у Літву: у студзені — 219 мігрантаў, у лютым — 138, у сакавіку — 259.
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 году. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць замежнікаў, а вяртаць у Беларусь, плыні мігрантаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • Да пачатку вайны ва Ўкраіне ў лютым 2022 году міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
  • Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.
  • Днямі Літва вырашыла падаць пазоў супраць Беларусі за правакаваньне мігранцкага крызісу ў міжнародны суд. Мэта пазову — кампэнсацыя шкоды літоўскаму боку, якую краіна зазнала ад міграцыйнага крызісу, справакаванага менскім рэжымам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG